From Wikipedia, the free encyclopedia
Эўрапейская рысь (па-лацінску: Lynx lynx) — від сысуноў з роду рысяў. Адзіны прадстаўнік сямества каціных, які сустракаецца на тэрыторыі Беларусі.
Эўрапейская рысь | |
Клясыфікацыя | |
---|---|
Царства | Жывёлы |
Тып | Хордавыя |
Кляса | Сысуны |
Атрад | Драпежныя |
Сямейства | Каціныя |
Падсямейства | Felinae |
Род | Рысі |
Від | Рысь эўрапейская |
Падвіды | |
| |
Бінамінальная намэнклятура | |
Lynx lynx (Linnaeus, 1758) | |
Арэал | |
Гэты від занесены ў Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь і ахоўваецца законам. |
Назва хутчэй за ўсё зьвязана з праславянскім коранем lysь, у якім пад уплывам іншага праславянскага кораня rysь (са значэньнем «рыжы, плямісты») зьявілася другаснае «r».
Эўрапейская рысь зьяўляецца найбуйнейшай з усіх рысяў, даўжыня цела 80—130 см і 70 см у карку. Самцы часьцей важаць 18—30 кг, а самкі важаць у сярэднім 18 кг. Тулава, як і ва ўсіх рысяў, кароткае, мажнае. Лапы тоўстыя, зімой добра апушаныя, што дазваляе рысі хадзіць па сьнезе, не правальваючыся. На вушах доўгія кутасікі. Хвост кароткі, нібы абсечаны.
Існуе мноства варыянтаў афарбоўкі рысі, якія залежаць ад геаграфічнага раёну, — ад рыжавата-бурага да палева-дымчатага, з больш-менш выразнай плямістасьцю на сьпіне, баках і лапах. На пузе валасы асабліва доўгія і мяккія, але не густыя і амаль заўсёды чыста белыя з рэдкім крапам. Паўднёвыя формы звычайна больш рудыя, поўсьць у іх карацейшая, а лапы меншыя.
Сьлед рысі тыпова каціны, без адбіткаў кіпцюроў. Заднюю лапу пры кроку яна ставіць у сьлед пярэдняй. Калі ідуць некалькі рысяў, то заднія ідуць дакладна ў сьлед пярэдніх.
Рысь — самы паўночны зь відаў каціных; у Скандынавіі яна сустракаецца нават за Палярным кругам. Некалі яна была звычайнай па ўсёй Эўропе, але да сярэдзіны XX стагодзьдзя яе вынішчылі ў большасьці краінаў Цэнтральнай і Заходняй Эўропы. Зараз зроблены пасьпяховыя спробы адрадзіць папуляцыю рысяў.
Рысь аддае перавагу буйным цёмнахваёвым лясам, тайзе, глухім участкам з густым падлескам і бураломам, хоць сустракаецца ў самых розных насаджэньнях, уключаючы горныя лясы; часам заходзіць у лесастэп і лесатундру. Яна выдатна лазіць па дрэвах і скалах, добра плавае.
Рысь вядзе сямейна-асобны спосаб жыцьця. Пры багацьці ежы рысь жыве асела, пры недахопе — вандруе. У суткі яна здольная праходзіць да 30 кілямэтраў. Аснову яе рацыёну складаюць зайцы. Таксама яна пастаянна палюе на цецеруковых птушак, дробных грызуноў (вавёрак, мышэй[1]), радзей — на невялікіх капытных, накшталт казулі, кабаргі, плямістага і паўночнага аленяў, зрэдку нападае на хатніх котак і сабак, а ў лесе — на лісіц, янотападобных сабак і іншых невялікіх зьвяроў.
Палюе рысь ў прыцемках. Яна ніколі ня скача на сваю ахвяру з дрэва, але пераважна высочвае і падпільноўвае здабычу ў засадзе, а затым нападае вялікімі, да 4 м, скачкамі. Ахвяру перасьледуе на дыстанцыі ня больш за 60—80 м, пасьля чаго выдыхаецца.
Рысь адрозьніваецца дзікасьцю і агрэсіўнасьцю, цяжка прыручаецца. Добра жыве і размнажаецца ў заапарках. Пры ўсёй асьцярожнасьці рысь ня вельмі баіцца людзей. Яна жыве ў створаных імі другасных лясах, у маладняку, на старых лесасеках і гарах; а ў бядотныя гады заходзіць у вёскі і нават у вялікія гарады.
Гон у рысі ў лютым — сакавіку, і ў гэтую пару рысі, звычайна маўклівыя, выдаюць гучныя крыкі, бурчаньне і мяўканьне. Цяжарнасьць у самак доўжыцца 63—70 дзён. У кодле звычайна 2—3 рысяні (часам 5[2]), якія перад зімой важаць 9—14 кг; сховішчам ім служыць логава пад вывернутымі каранямі паваленага дрэва, яма, земляная пячора або шчыліна скалаў. У выхаваньні кацянят ўдзельнічаюць абодва бацькі. Вывадак палюе разам з дарослымі да наступу наступнага сэзону размнажэньня.
Палавой сталасьці самкі дасягаюць у 21 месяц, самцы — у 33 месяцы. Працягласьць жыцьця, мабыць, 15—20 гадоў.
Статус папуляцыі рысі ў розных краінах:
Прамысловае значэньне рысі невялікае (выкарыстоўваецца мех). Як і многія драпежнікі, яна адыгрывае важную сэлекцыйную ролю ў лясных біяцэнозах. Толькі ў паляўнічых гаспадарках, дзе разводзяць казуль, плямістых аленяў, фазанаў, яе прысутнасьць непажадана. Мех рысі густы, шаўкавісты і высокі. Даўжыня асьцюковых валасоў на сьпіне дасягае 5 сантымэтраў, а на жываце — 7 сантымэтраў, пад імі багатая мяккая подпуш. Афарбоўка шкуры вар’іруе ад рудаватых да блакітнаватых тонаў з плямістым малюнкам. Мех рысі заўсёды шанаваўся высока. Пачынаючы жа з 1950-х гадоў кошты на яго на міжнародным рынку сталі ўзрастаць зь небывалай хуткасьцю. Так, на Ленінградзкім пушным аўкцыёне ў 1958 годзе за лепшыя шкуры рысі было атрымана па 73 даляры ЗША, у 1973 годзе — 660 даляраў, а ў 1977 годзе — 1300 даляраў. Гэта тлумачыцца модай (факт сам па сабе вельмі рэдкі) на доўгавалосую пушніну, якая захавалася на дзесяцігодзьдзі, і сярод якой першае месца заняў рысіны мех.
У Беларусі ў ХІХ ст. рысь вадзілася паўсюдна і была шматлікай. У пачатку ХХ ст. пашырэньне і колькасьць скараціліся. Зараз гэта рэдкі від: хоць рысь трапляецца амаль на ўсёй тэрыторыі, але ў трох з шасьці абласьцей вельмі рэдка. У 1993 годзе налічвалася 400—450 асобін, зь іх больш 3/4 жыло ў Берасьцейскай, Менскай і Віцебскай абласьцях[3]. Характэрна ў Белавескай пушчы. У Бярэзінскім біясфэрным запаведніку налічваецца каля 10 рысяў[4].
З 1981 году ў Беларусі адстрэл рысі забаронены. Від занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі. Паводле стану на 1986 год, у Беларусі налічвалася 500 рысяў[5].
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.