Remove ads
палітычная партыя Расейская імпэрыі From Wikipedia, the free encyclopedia
Расейская сацыял-дэмакратычная работніцкая партыя — палітычная партыя Расейская імпэрыі, заснаваная ў сакавіку 1898 году ў Менску (Паўночна-Заходні край).
Расейская сацыял-дэмакратычная работніцкая партыя | |
рас. Российская социал-демократическая рабочая партия | |
Лідэр партыі | Юлій Мартаў (Цэдэрбаўм) |
---|---|
Заснавальнік | «Саюз змаганьня за вызваленьне працоўнай клясы», «Работніцкая газэта» і Бунд |
Дата заснаваньня | 13 сакавіка 1898 (126 гадоў таму) |
Распушчаная | 1 студзеня 1924 (100 гадоў таму) |
Штаб-кватэра | Петраград |
Ідэалёгія | сацыялізм |
Інтэрнацыянал | Сацыялістычны |
Колькасьць | 124 000 (1917 год) |
Колькасьць дэпутатаў | |
· Дзяржаўная дума Расейскай імпэрыі |
15 / 432 |
Орган партыйнага друку | «Работніцкая газэта» (1898), «Іскра» (1903—1905), «Сацыялістычны весьнік» (з 1921 году) |
13—15 сакавіка [ст. ст. 1—3 сакавіка] 1898 году ў Менску адбыўся 1-ы зьезд Расейскай сацыял-дэмакратычнай работніцкай[1][2] партыі (РСДРП). У кватэры службоўца чыгункі Пятра Румянцава 9 дэлегатаў ад 6 суполак правялі 6 паседжаньняў. Зьезд вырашыў злучыць у партыю: «Саюз змаганьня за вызваленьне працоўнай клясы», які заснаваў Уладзімер Ульянаў у Санкт-Пецярбургу, суполку кіеўскай «Работніцкай газэты» і Ўсеагульны габрэйскі работніцкі зьвяз у Літве, Польшчы і Расеі (Бунд), заснаваны ў Вільні. Таксама абралі Цэнтральны камітэт, у які ўвайшлі 3 прадстаўнікі вышэйзгаданых установаў: Сямён Радчанка, Барыс Эйдэльман і Аарон Крэмэр. У красавіку 1898 году ў Бабруйску (Менская губэрня) надрукавалі ўхвалены зьездам Маніфэст РСДРП, які напісаў рэдактар пецярбурскага часопіса «Новае слова» Пётар Струвэ. Да сьнежня 1898 году паліцыя арыштавала 8 зь 9 удзельнікаў зьезду і закрыла друкарню «Работніцкай газэты»[3].
30 ліпеня 1903 году ў Брусэлі (Бэльгія) пачаўся 2-і зьезд РСДРП, які ўхваліў Праграму і Статут. 6—23 жніўня 1903 году зьезд працягнуў працу ў Лёндане (Ангельшчына) пасьля высылкі яго дэлегатаў бэльгійскай паліцыяй. Газэту «Іскра», якая выходзіла ў нямецкім Мюнхэне (Баварыя), зрабілі органам партыйнага друку. Паводле вынікаў выбараў у Цэнтральны камітэт РСДРП вылучылася камуністычная плыня «бальшавікоў», якіх узначаліў Ульянаў. Уласна сацыял-дэмакратаў у партыі нараклі «меншавікамі», правадыром якіх стаў Юлій Мартаў (Цэдэрбаўм). У сакавіку 1906 году РСДРП атрымала 16 (3 %) з 499 месцаў на выбарах у Дзяржаўную думу Расейскай імпэрыі 1-га скліканьня. 23 красавіка — 8 траўня 1906 году ў Стакгольме (Швэцыя) зладзілі 4-ы зьезд РСДРП, у выніку якога 7 зь 10 месцаў у Цэнтральным камітэце занялі «меншавікі». У студзені 1907 году РСДРП павялічыла сваё прадстаўніцтва да 49 (9 %) з 518 месцаў на выбарах у Дзярждуму 2-га скліканьня. У кастрычніку 1907 году гэтае прадстаўніцтва скарацілася да 20 (4 %) з 446 месцаў на выбарах у Дзярждуму 3-га скліканьня. 18—30 студзеня 1912 году ў Празе (Чэскае каралеўства, Перадлітавія, Аўстра-Вугоршчына) прайшла 6-я Ўсерасейская канфэрэнцыя РСДРП з удзелам 14 прыхільнікаў Ульянава, на якой ад легальнай парлямэнцкай партыі адкалолася РСДРП бальшавікоў, што ўтварыла ўласны Цэнтральны камітэт[4].
15 лістапада 1912 году РСДРП здабыла 15 (3 %) з 432-х месцаў на выбарах у Дзярждуму 4-га скліканьня. У лістападзе 1913 году меншавікі разам з бальшавікамі-прымірэнцамі зь ліку трацкістаў утварылі Міжраённую арганізацыю аб'яднаных сацыял-дэмакратаў. Пасьля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 году ў Расеі «бальшавікі» вярнуліся ў склад аб'яднаных суполак РСДРП да верасьня. РСДРП, якую ачольвалі «меншавікі», налічвала каля 100 000 сябраў (81 %), а РСДРП бальшавікоў — 24 000, чыё кіраўніцтва знаходзілася за мяжой, у ссылцы і турме. На красавік 1917 году дзейнічала 150 аб'яднаных суполак РСДРП і звыш 440 суполак РСДРП бальшавікоў. Пасьля вяртаньня з-за мяжы Ўльянаў выдаў «Красавіцкія тэзісы», у якіх заклікаў зрынуць Часовы ўрад Расеі на карысьць адзінаўладзьдзя Саветаў. 8—16 жніўня [ст. ст. 26 ліпеня — 3 жніўня] 1917 году ў Петраградзе адбыўся 6-ы зьезд РСДРП(б), які вызначыў намер правесьці дзяржаўны пераварот. 1—8 верасьня [ст. ст. 19—26 жніўня] 1917 году тамсама правялі Аб'яднаўчы зьезд РСДРП на чале зь «меншавікамі», які абраў у Цэнтральны камітэт 16 «абаронцаў» з групы Георгія Пляханава і 8 інтэрнацыяналістаў на чале з Паўлам Аксельродам. «Меншавікі» дамагаліся перадачы ўлады Ўсерасейскаму ўстаноўчаму сходу[5].
РСДРП, якую ўзначальвалі «меншавікі», адмоўна ўспрыняла Кастрычніцкі пераварот 1917 году і змагалася супраць «бальшавікоў» падчас Грамадзянскай вайны ў Расеі 1917—1922 гадоў. 6—8 сакавіка 1918 году ў Петраградзе правялі 7-ы зьезд РСДРП(б), на якім «бальшавікі» перайменавалі сваю партыю ў Расейскую камуністычную партыю (бальшавікоў). У кастрычніку 1922 году нарада РСДРП перавяла дзейнасьць мясцовых суполак у падпольле. Да сьнежня 1923 году суполкі РСДРП засталіся ў 8 местах. Да 1924 году рэшта суполак РСДРП перанесла сваю дзейнасьць у Бэрлін (Нямеччына), дзе з 1921 году Мартаў выдаваў часопіс «Сацыялістычны весьнік». У сакавіку 1931 году Вярхоўны суд СССР вырак да зьняволеньня 14 гаспадарчых працаўнікоў паводле сфабрыкаванага абвінавачаньня ва ўдзеле былых «меншавікоў» у Саюзным бюро РСДРП[4].
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.