прамова From Wikipedia, the free encyclopedia
Праўра́льская мова — рэканструяваная прамова для моваў у складзе ўральскае моўнае сям’і. Носьбіты мовы паводле розных ацэнак жылі ў пэрыяд з 7000 да 2000 гг. да н.э. Пашырэньне арэалу пражываньня пасьля гэтага пэрыяду стала прычынай распаду мовы. Дакладнае знаходжаньне рэгіёну-прарадзімы невядомае, існуюць розныя гіпотэзы, найбольш папулярнай на сёньня зьяўляецца вэрсія аб знаходжаньні рэгіёну ў навакольлі Ўральскай горнай сыстэмы.
Паводле традыцыйнай дрэвападобнай мадэлі праўральская мова распалася на прафіна-вугорскую і прасамадыйскую мовы. Між тым, рэканструкцыі прафіна-вугорскае мовы слаба адрозьніваюцца ад рэканструкцыяў праўральскае мовы, а адрозьненьні паміж імі збольшага выкліканыя выкарыстаньнем розных мэтадаў рэканструкцыі, праз што, на думку некаторых дасьледчыкаў, прафіна-вугорская мова не магла быць асобнай ад праўральскай.
Іншыя рэканструкцыі распаду праўральскае мовы фіксуюць яе распад на тры галіны — фіна-пермскую, вугорскую і самадыйскую, альбо нават на большую колькасьць падобных галінаў — саамскую, прыбалтыйска-фінскую, мардоўскую, марыйскую, пермскую, вугорскую, хантыйскую, мансійскую і самадыйскую.
Вугорскі лінгвіст-ураліст і самаедоляг П. Хайду меркаваў, што распад праўральскае мовы шляхам падзелу на прафіна-вугорскую і прасамадыйскую адбыўся ў пэрыяд паміж VI—IV тысячагодзьдзямі да н.э.[1] Расейскі этноляг, этнограф, этнагісторык лінгвіст і фінавугразнаўца У. Напольскіх робіць гэтую дату больш даўняй і мяркуе пра распад у пэрыяд VI—V тысячагодзьдзя да н.э.[2] Фінскі лінгвіст і спэцыяліст па ўральскіх і мангольскіх мовах Ю. Янхунэн адносіць гэты распад прыкладна на 3000 г. да н.э.[3]
У ХІХ ст., у сувязі з гіпотэзай пра ўрала-алтайскае адзінства, прарадзіму ўральцаў шукалі ў Азіі ў раёне Саянскіх ды Алтайскіх гораў, на поўдні Сыбіры. Гэтую гіпотэзу падтрымалі, у прыватнасьці, расейскі лінгвіст і спэцыяліст па фіна-вугорскіх мовах Ф. Відэман і фінскі філёляг, дасьледчык уральскіх моваў М. Кастрэн[4][5][6].
Пазьнейшыя пошукі прарадзімы носьбітаў праўральскае мовы абапіраліся на ўласна моўныя зьвесткі. Прыкладам, у мове праўральцаў былі тэрміны для пазначэньня елкі, сыбірскага кедра, а ў прафіна-вугорскай мове — для пчалы, мёду, вожыка, паўночнага аленя, рабчыка, палятухі, гарнастая, норкі, собаля, куніцы, асятра, сьцерлядзі, дуба, вяза, арабіны і жалеза. Гэтыя факты далі падставу дасьледчыкам вылучыць канцэпцыю пра эўрапейскую лякалізацыю прарадзімы ўральцаў, памясьціўшы яе паміж сярэдняй Волгай і Ўралам[4][6].
Фінскія й эстонскія лінгвісты, такія як Э. Ітканэн, П. Арыстэ, А. Ёкі, прапанавалі канцэпцыю, паводле якой праўральская прарадзіма распасьціралася ад Балтыйскага мора да Ўральскай горнай грады[4][6].
Уласную гіпотэзу стварыў П. Хайду, згодна зь якой уральская прарадзіма месьцілася ў Заходняй Сыбіры. Гэтая гіпотэза грунтавалася на падставе таго, што праўральскай мове былі вядомыя абазначэньні для елкі, сыбірскага кедра і піхты, а прафіна-вугорскай — таксама лістоўніцы і вяза[4][6].
Асаблівую значнасьць пры пошуках прарадзімы ўральцаў набываюць тэрміны для пазначэньня дрэваў. Расейскі філёляг Ю. Норманская рэканструюе больш назваў для праўральскае мовы, чым Хайду, а менавіта: *soksV / *saksV / *sɛ̮ksV («сыбірскі кедр»), *jäwV («сасна звычайная»), *ńulkV («піхта сыбірская, елка»), *kuse / *kose («елка»), *paje, *sVwV («вярба»), *pojV («асіна»), *kojwa («бяроза»), зь меншай ступеньню надзейнасьці — *tojma («дуб»), *lelpä («вольха»), *śVmV («ліпа»)[6].
У 1836 годзе нямецкім філёлягам, усходазнаўцам і лінгвістам В. Шотам была высунутая гіпотэза ўрала-алтайскае роднасьці, якая пазьней была падтрыманая Ф. Відэманам і М. Кастрэнам. Гіпотэза засноўвалася на шматлікіх сыходжаньнях уральскіх і алтайскіх моваў у сынтаксісе (адсутнасьць дзеяслова «мець»), марфалёгіі (аглютынацыйнасьць, наяўнасьць прыналежных суфіксаў, канчаткі некаторых склонаў), фанэтыцы (гармонія галосных, адсутнасьць спалучэньня некалькіх зычных у пачатку словаў) і лексыцы[7][8].
Разам з тым, у ХІХ ст. была высунутая інда-ўральская гіпотэза, згодна зь якой уральскія мовы зьвязваліся з індаэўрапейскімі. Гэтая гіпотэза заснаваная на падабенстве асабістых займеньнікаў і лексычных паралеляў між абедзьвюма сем’ямі. Падтрымлівалася мовазнаўцамі Б. Коліндэрам, А. Ёкі, Б. Чопам[2][8][9].
Пазьней гэтыя гіпотэзы ўвайшлі ў склад настратычнае гіпотэзы, высунутай у 1903 годзе дацкім лінгвістам Х. Пэдэрсэнам, у наступным разьвітую У. Іліч-Сьвітычам[10].
Часам у склад настратычнае гіпотэзы ўключаюць чукоцка-камчацкія мовы, цераз што ўзьнікае падстава для спробаў усталяваньня роднасьці ўральскіх моваў і з гэтай моўнай сям’ёй. Так, чэскі навукоўца В. Блажак налічвае 113 лексычных паралеляў паміж чукоцка-камчацкімі і ўральскімі мовамі[11].
Існуюць спробы аб’яднаньня ўральскіх моваў зь юкагірскімі, у выніку чаго абедзьве сям’і ўтвараюць урала-юкагірскую макрасям’ю. Найпаўней гэтая канцэпцыя была распрацаваная, у прыватнасьці, у працах расейскай лінгвісткі І. Нікалаевай. Тым ня менш, гіпотэза крытыкавалася вугорскім мовазнаўцам К. Рэдэі, аднак яго аргумэнты У. Напольскіх адзначае як слабыя[2]. Адзначаецца падабенства сыстэмы склонаў юкагірскіх моваў з паўночнасамадыйскімі, загаднага ладу — з паўднёвасамадыйскімі, а таксама паралелі ў дзеяслоўным словаўтварэньні, каранёх займеньнікаў і лексыцы[8].
Існуюць канцэпцыі, згодна зь якімі ставяцца спробы аб’яднаць уральскія мовы з эскімоска-алеуцкімі, пэнутыйскімі мовамі, а таксама з мовамі на-дэнэ, якія, аднак, зьяўляюцца менш абгрунтаванымі[2][8].
Фінскі лінгвіст і, у прыватнасьці, спэцыяліст па саамскіх мовах П. Самалахці называе лічбу колькасьці носьбітаў праўральскае мовы прыкладна ў 100 тыс. чал., якія пры гэтым былі падзеленыя на групы ў 200 — 300 чал. Гэтыя людзі займаліся паляваньнем, рыбалоўствам і зьбіральніцтвам[12]. На думку П. Хайду, праўральцаў налічвалася толькі некалькі дзясяткаў тыс.[4] Ю. Янхунэн падае адзнаку ў некалькі тыс. чал.[3]
Хутчэй за ўсё, праўральцы належалі да ўральскае расы[2]. Сярод уральскіх народаў найбольш распаўсюджанай гаплягрупай зьяўляецца N2-E[13].
Як і пры рэканструкцыі праіндаэўрапейскае мовы, праўральскія рэканструкцыі выкарыстоўваюць сваю ўласную сыстэму запісу (замест IPA). У гэтым артыкуле выкарыстоўваецца г.зв. уральскі фанэтычны альфабэт, пасьля якога ў дробавых знаках ідуць адпаведнікі паводле IPA.
Для праўральскае мовы быў уласьцівы сынгарманізм і вялікі інвэнтар галосных гукаў — гэтак жа, як у сучасных фінскай ды эстонскай.
Існуюць дзьве рэканструкцыі праўральскага вакалізму ў першым складзе — паводле нямецкага мовазнаўцы, этнографа й фальклярыста В. Штайніца ды спэцыяліста ў фіна-вугорскім мовазнаўстве Э. Ітканэна[1].
Паводле Штайніца[1]:
Апрача гэтага, паводле Штайніца рэканструюцца тры рэдукаваныя галосныя: ĭ, ǚ, ǔ[1]. Увесь набор галосных мог узьнікаць толькі ў першым складзе.
Паводле Ітканэна[1]:
Апрача таго, Ітканэн аднаўляе чатыры падоўжаныя галосныя: ī, ē, ō, ū[1]. На думку расейскага лінгвіста У. Дыбо, настратычны матэрыял сьведчыць на карысьць гіпотэзы Ітканэна[14].
Рэканструкцыя паводле Ю. Янхунэна[12]:
У ненаціскным складзе маглі ўзьнікаць толькі галосныя *i, *ï, *ä, *å[12]. Часам замест *ï рэканструюецца галосная сярэдняга ўздыму *ë /ɤ/, замест *a — галосная задняга шэрагу *å /ɒ/[15]. Для праўральскае мовы былі неўласьцівымі доўгія галосныя і дыфтонгі, аднак у межах аднаго складу магла існаваць пасьлядоўнасьць галоснага й паўгалоснага (напр., *äj).
Праўральская мова характарызавалася сынгарманізмам. У адным слове, у выпадку, калі яно не было складаным, маглі прысутнічаць толькі галосныя пярэдняга або непярэдняга шэрагу[12].
Тым ня менш, на думку іншых дасьледчыкаў інвэнтар галосных гукаў у праўральскай быў даволі маленькім.
Зычныя ў праўральскай мове[12]:
Апрача гэтага набору зычных, часам рэканструююць *ć (t͡sʲ), *č (t͡ʃ)[16], *ľ (lʲ)[4], *š (ʃ)[17].
Няпоўнасьцю зразумелы тып *x. Мяркуецца, што ён мог быць вэлярным сьпірантам (глухім або звонкім) альбо лярынгальным сьпірантам[18]. У прыватнасьці, для яго меркаваліся ролі фанэмаў [x], [ɣ], [ɡ] або [h]. Ю. Янхунэн не паказвае дакладнага пункту гледжаньня наконт гэтага пытаньня[19], дапускаючы нават разьмяшчэньне галоснага на гэтым месцы. *x мае некаторыя падабенствы з прыродай індаэўрапейскіх лярынгальных зычных, зь якіх ён мог быць запазычаным. Гэтая фанэма рэканструюецца некаторымі дасьледчыкамі ў канчатках унутрыкаранёвых складоў, дзе пазьней адбыўся пераход у падоўжаныя галосныя. Гэты пераход найлепш захаваўся ў прыбалтыйска-фінскіх мовах і самадыйскіх мовах (у самадыйскіх — як пасьлядоўнасьць галосных, напрыклад, *åə). Між тым, падобныя карэляцыі не зьяўляюцца дакладна ўстаноўленымі, праз што існуюць альтэрнатыўныя гіпотэзы ўзьнікненьня падобных пераходаў[20]. *x таксама рэканструюецца ў сярэдзіне словаў: у прыбалтыйска-фінскіх мовах ён разьвіўся ў падоўжаныя галосныя, аднак у іншых галінах ён мае дакладныя зычныя рэфлексы (саам. *k, мард. *j, вугорск. *ɣ).
Да некаторых сумневаў схільная прырода зычнага гуку *δ´. Традыцыйна ён разглядаецца як паляталізаваны аналяг звонкага зубнога фрыкатыва *δ ([ðʲ]), аднак для такога пункту гледжаньня няма пацьверджаньняў у сучасных уральскіх мовах. У якасьці другога варыянту можа рэканструявацца палятальны фрыкатыў [ʝ] або палятальны дрыжачы накшталт чэскага ř[21]. Вугоразнаўцам Ласла Хонці была высунутая рэканструкцыя зь лятэральнымі фрыкатывамі [ɬ], [ɬʲ] для *δ, *δ´[22].
Некаторымі дасьледчыкамі рэканструюцца зычныя *ć, *š, *ĺ, аднак іх існаваньне даводзіцца толькі малой колькасьцю доказаў і падтрымліваецца ня ўсімі лінгвістамі. Самалахці адзначае[23], што нягледзячы на знаходжаньне *ć у пермскіх, вугорскай і обска-вугорскіх мовах, існуе вельмі мала доказаў, якія сьведчылі б на карысьць агульнай этымалёгіі *ć або *ś ва ўсіх згаданых мовах.
Найчасьцейшымі зычнымі былі выбухныя. Так, самым частым зычным у праўральскім быў *k, на другім месцы *p, *t займаў чацьвертае месца. З пункту гледжаньня настратычнае гіпотэзы, гэта зьвязана з супадзеньнем у адной сэрыі праўральскіх глухіх трох сэрыяў зычных пранастратычнае мовы. Гэта спрычынілася да вялікае колькасьці амонімаў у праўральскай[24].
Для праўральскае мовы рэканструюецца чаргаваньне ступеняў, якое, хутчэй за ўсё, выражалася ў аляфанічным азванчэньні выбухных зычных: [p] ~ [b], [t] ~ [d], [k] ~ [g][25].
Фаналягічная структура слова ў праўральскай мове адпавядала наступнай схеме: (C)V(C)CV((C)C(V)), дзе C — зычны, а V — галосны. Уласна корань складаўся звычайна з аднаго або двух складоў і заўсёды сканчаўся на галосны, маючы структуру CV, (C)V(C)CV. Суфікс мог складацца з аднаго зычнага або цэлага складу[26].
Як і ў большасьці сучасных уральскіх моваў, у праўральскай мове галоўны націск прыпадаў на першы склад, дадатковыя націскі — на трэці ды пяты[12].
Праўральская мова належала да аглютынацыйных моваў, характарызавалася намінатыўным ладам.
Назоўнік зьмяняўся паводле шасьці склонаў, дзеяслоў — паводле асобы, ліку, часу ды ладу. Адзначаецца тры лікі: адзіночны, множны і парны. Род не адрозьніваўся, што захавалася і ў сучасных уральскіх мовах.
Валоданьне ўказвалася пры дапамозе прыналежных суфіксаў, прыналежныя займеньнікі не існавалі.
Назоўнік у праўральскай мове зьмяняўся паводле ліку, склону і асобы[16].
У мове мелася як мінімум шэсьць склонаў — тры граматычныя й тры мясцовыя[16][27]:
Рэканструюцца два паказчыкі множнага ліку: *-t, *-i. На думку П. Хайду, першы выкарыстоўваўся ў дзейніку й выказьніку, а другі ва ўскосных склонах імёнаў. Для парнага ліку аднаўляецца паказчык -ka / *-kä[4].
Для ўральскіх моваў характэрная наяўнасьць прыналежных суфіксаў, якія выражаюць прыналежнасьць да будзь-якой асобы. У праўральскай мове гэтыя суфіксы былі энклітыкамі, якія ставіліся пасьля назоўніку. Аднаўляюцца наступныя прыналежныя суфіксы: *-mV, *-me (для першай асобы), *-tV, *-te (для другой), *-sV, *-se (для трэцяй)[27].
Прыметнікі не адрозьніваліся ад назоўнікаў з марфалягічнага пункту гледжаньня[16].
Зь лічэбнікаў для праўральскае мовы атрымліваецца рэканструяваць толькі *kekta («два») і *witi («пяць»)[3].
Для праўральскае мовы аднаўляюць наступныя займеньнікі: *minä / *menä («я»), *mä («мы»), *tinä / *tenä («ты»), *ti / *te («вы»), *ći / *će, *e, *tä («гэты»), *to, *u / *o («той»), *ke / *ki, *ku / *ko («хто»), *-mɜ («хто»)[27].
Дзеяслоў характарызаваўся катэгорыямі асобы, ліку, ладу й часу. На думку шматлікіх уралістаў, на праўральскі час узыходзіць існае ў многіх уральскіх мовах (вугорскай, обска-вугорскіх, паўночнасамадыйскіх, мардоўскіх) г.зв. суб’ектнае (нявызначанае) спражэньне: пры гэтым форма трэцяй асобы адзіночнага ліку ў суб’ектным спражэньні ня мела канчатку, а ў аб’ектным — мела: гэты канчатак, які супадае з пасэсіўным іменным канчаткам трэцяй асобы адзіночнага ліку, указвае на наяўнасьць пры дзеяслове вызначанага прамога дапаўненьня[28]. Напрыклад, у мансійскай мове: toti («нясе»), totite («нясе гэта»)[29]. У першай і другой асобе гэтае адрозьненьне на прамоўным узроўні адсочваецца ня ўсюды, і канчаткі першай і другой асобаў аб’ектнага спражэньня ў розных мовах узыходзяць да розных фармантаў. У некаторых мовах таксама назіраецца лік і, радзей, асоба аб’екту: напрыклад, у мансійскай — totite («нясе гэта»; аб’ект у адзіночным ліку), totijaɣe («нясе іх абодвух»; аб’ект у парным ліку), totijane («нясе гэтыя»; аб’ект у множным ліку). Гэтая асаблівасьць, хутчэй за ўсё, прадстаўляе сабой інавацыю асобных моваў (обска-вугорскія, самадыйскія, мардоўскія)[26].
Для праўральскага дзеяслова аднаўляюцца тры лады: абвесны (ня меў паказчыку), загадны (з паказчыкам *-k-), умоўны (з паказчыкам *-ne- або *-nek-)[4][27].
Рэканструюецца паказчык мінулага часу *-ś. Апрача таго, існуе гіпотэза, паводле якой час дзеясловаў вызначаўся кантэкстам і залежаў ад віду дзеяслова[4].
Будова сказу ў праўральскай мове звычайна падпарадкоўваўся схеме SOV: дзейнік — дапаўненьне — выказьнік[16].
Для праўральскае мовы рэканструюецца даволі малая колькасьць лексэмаў: прыкладна 400—500 словаў[30]. Гэта зьвязана з тым, што для ўпэўненага ўстанаўленьня лексэмы як праўральскай гэтая лексэма мусіць фіксавацца як у фіна-вугорскіх, так і ў самадыйскіх мовах. Як адзначае П. Самалахці, дакладна адноўленыя Ю. Янхунэнам 130 лексэмаў складаюць толькі 4—5% ад агульнае колькасьці каранёў прамовы[12].
Рэканструкцыя праўральскае лексыкі дае мажлівасьць дазнацца пра лад жыцьця носьбітаў праўральскае мовы, а сама рэканструяваная лексыка супадае з прыладамі чалавека пэрыяду мэзаліту. Так, вядома, што яе носьбіты займаліся рыбалоўствам ды паляваньнем. Рыбу або дзічыну спажывалі сырою або гатавалі ў гаршчках. З жывёлаў носьбітам мовы былі знаёмыя паўночны алень, собаль, куніца, вавёрка, заяц, курапатка, крумкач, зьмяя. Паляваньне ажыцьцяўлялася з дапамогай лука й стрэлаў. Перасоўваліся на лодках, лыжах і санях. Адзеньне шылася са скураў, інструмэнты вырабляліся з каменьня, костак і драўніны з дапамогай клею і сухажыльляў[4]. Жывёлагадоўля, земляробства і мэталюргія праўральцам былі невядомыя[2].
Нідэрляндзкі лінгвіст-кельтоляг Пэтэр Схрэйвэр выказаў меркаваньне, што некаторыя словы як у індаэўрапейскіх, так і ва ўральскіх мовах зьяўляюцца запазычаньнямі са зьніклых моваў Паўночнай Эўропы, напрыклад, назва жаўрука — лац. alauda (прыйшло праз гальскую мову, якая належала да кельцкіх), ст.-анг. lāwerce, фін. leivonen[31].
Першае апісаньне параўнальна-гістарычнае фанэтыкі ўральскіх моваў належыць вугорскаму лінгвісту І. Халасу[4]. Гэтая праца была працягнутая фінскім мовазнаўцам, фальклярыстам і этнолягам Х. Паасанэнам у працы Beiträge zur finnischugrich-samojedischen Lautgeschichte (1912—1917 гг.)[32]. Цягам доўгага часу найбольш распрацаванымі галінамі гістарычнае ўралістыкі былі этымалёгія і параўнальна-гістарычная фанэтыка. У 1940-я гады да ўралістыкі былі прыцягнутыя прынцыпы структурнае лінгвістыкі, якія грунтаваліся на больш сыстэмным падыходзе да дасьледаваньня мовы[4].
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.