From Wikipedia, the free encyclopedia
Вялі́кае Кня́ства Літо́ўскае (Плян Агі́нскага) — прапанаваны Міхалам Клеафасам Агінскім у 1811 року праект дзяржавы на тэрыторыі васьмі губэрняў Расейскай імпэрыі: Віленскай, Валынскай, Гарадзенскай, Віцебскай, Магілёўскай, Менскай, Кіеўскай, Падольскай, а таксама Беластоцкай вобласьці і Тарнопальскай акругі. Плянавалася стварыць дзяржаву ў процівагу герцагству Варшаўскаму.
Ідэя стварэньня з заходніх губэрняў Расеі асаблівай правінцыі была выказаная сэнатарам М. К. Агінскім на абедзе ў імпэратара 13 красавіка [ст. ст. 25 красавіка] 1811. 15 траўня [ст. ст. 27 траўня] 1811 граф Агінскі прадставіў цару цыдулку, дзе абгрунтоўваў уключэньне ўкраінскіх губэрняў у склад новага дзяржаўнага ўтварэньня[1]. Кіраваньне герцагствам было прапанавана перадаць вялікай княгіні Кацярыне Паўлаўне, сястры імпэратара.
Мэтай расейскага імпэратара Аляксандра I была нэўтралізацыя прафранцускага ўплыву ў «польскіх губэрнях» і ўмацаваньне сваіх пазыцыяў. Аднак ня менш важным, калі не галоўным, было жаданьне Аляксандра I максымальна выкарыстоўваць чалавечы і матэрыяльны (харчовы) рэсурсы Беларусі.
22 кастрычніка [ст. ст. 3 лістапада] 1811 Агінскі ў лісьце выклаў імпэратару падрабязнае бачаньне стваранай дзяржавы, распрацаванай групай магнатаў (М. К. Агінскі, Ф. К. Любецкі, Л. Плятэр(pl), Т. Ваўжэцкі і інш.). Прапаноўваліся наступныя крокі:
На думку графа Агінскага, падобны крок выбіў бы ініцыятыву з рук Напалеона, прымусіў палякаў бачыць у Аляксандры I абаронцу іхняе Радзімы. У выпадку ж вайны з Францыяй Польшча выступіць на баку Расеі, і тады імпэратар павінен прыняць польскую карону.
1 сьнежня Агінскі прадставіў яшчэ адну цыдулку, у якой раіў імпэратару не абмяжоўвацца стварэньнем Вялікага Княства Літоўскага, а прапанаваў аднавіць Польскае каралеўства і пазьней аднавіць дзеяньне Канстытуцыі 3 траўня[1]. Аднак познай восеньню Аляксандар I, адмовіўшыся ад ідэі прэвэнтыўнай вайны супраць Напалеона, перастаў цікавіцца плянамі стварэньня герцагства і заняўся ўзмацненьнем абароны. Узімку 1812 року пасьля апошняй сустрэчы з Агінскім імпэратар больш ня згадваў пра аўтаномію і вярнуўся да плянаў абвяшчэньня Польскага каралеўства.
Палітычныя задумы М. К. Агінскага і ягоных паплечнікаў засталіся незрэалізаванымі, аднак паспрыялі пэўнай кансалідацыі буйных землеўласьнікаў вакол ідэі адраджэньня Радзімы з дапамогай царызму. Акрамя таго, былі ўпарадкаваныя пытаньні ўнутранай палітыкі царызму ў заходніх губэрнях.
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.