спрэчная тэрыторыя на Паўднёвым Каўказе From Wikipedia, the free encyclopedia
Наго́рны Караба́х (па-азэрбайджанску: Dağlıq Qarabağ , па-армянску: Լեռնային Ղարաբաղ ) — сухапутны рэгіён Закаўказьзя. Займае ўсходнія і паўднёва-ўсходнія горныя і перадгорныя раёны Малога Каўказу, разам з Раўнінным Карабахам складае геаграфічную вобласьць Карабах.
Нагорны Карабах Нагорнага Карабаху | |
Усходняя частка Каўказу. Сьветлым колерам выдзелена тэрыторыя былой Нагорна-Карабаскай аўтаномнай вобласьці | |
Плошча • агульная |
4400 км² |
Насельніцтва • агульнае (2013) • шчыльнасьць |
146 573[1] 29/км² |
Прыналежнасьць аспрэчваецца: паводле міжнароднага права зьяўляецца тэрытарыяльнай уласнасьцю Азэрбайджану[2], фактычна ж вялікая частка рэгіёну кантралюецца непрызнанай Рэспублікай Арцаху ў выніку першай Карабаскай вайны.
Плошча ў адміністрацыйных межах Нагорна-Карабаскай аўтаномнай вобласьці складае 4400 км², хоць гістарычна Нагорны Карабах займаў тэрыторыі каля 8223 км²[3][4].
У выніку вайны 2020 року Азэрбайджан авалодаў тэрыторыямі вакол Нагорнага Карабаху, якія раней знаходзіліся пад армянскай юрысдыкцыяй, і заняў значную частку Нагорнага Карабаху, уключна з істотным культурным цэнтрам Шушай. 22 траўня 2021 году прэс-служба Аляксандра Лукашэнкі назвала Нагорны Карабах "вызваленымі тэрыторыямі[5].
Азэрбайджанскія назвы вобласьці зьмяшчаюць характарыстыку на ягоную высокагорнасьць (dağlıq — гарысты, yuxarı — верхні). У армянскай назьве такіх словаў няма, але зьявіліся за савецкім часам, калі гэты рэгіён называўся Нагорна-Карабаскай аўтаномнай вобласьцю. Традыцыйная армянская назва — Арцах (арм. Արցախ) паводле назвы 10-й правінцыі старажытнага Армянскага царства.
У старажытнасьці тэрыторыю між рэкамі Кура і Аракс насялялі пераважна неіндаэўрапейскія[6] плямёны кура-арацкай культуры. З заходнеэўрапейскага пункту гледжаньня гэтыя аўтахтоны зьмяшаліся з армянамі, якія пасяліліся тут між IV і II стагодзьдзямі да Н. Хр. пасьля ўключэньня рэгіёну ў Армэнію[7], хоць іншыя дасьледчыкі лічаць, што армянскія паселішчы маглі існаваць тут ужо ў VII стагодзьдзі да Н. Хр.[8].
Каля 180 да Н. Хр. Арцах стаў адной зь 15 правінцыяў Вялікай Армэніі, фактычна маючы статус княства. У 387 року пасьля падзелу Армэніі між Рымскай і Сасанідзкай імпэрыяй Арцах і Ўтык сталі часткай Каўкаскай Альбаніі, якая, у сваю чаргу, трапіла пад армянскі рэлігійны і культурны ўплыў[9][10].
У V стагодзьдзі Мясроп Маштоц заснаваў у Амараскім манастыры першую армянскую школу[11].
У сярэдзіне VII стагодзьдзя рэгіён заваявалі арабы. У пачатку IX стагодзьдзя князь Сахл Самбацян вызваліў Арцах ад мусульманскага панаваньня, заснаваўшы Хачэнскую дынастыю, якая валадарыла самастойна да пачатку XIX стагодзьдзя[12]. Каля 1000 року Хачэны абвясьцілі пра стварэньне Арцаскага царства. У 1261 року шлюбам з дачкой апошняга цара Дызаку адбылося аб’яднаньне абодвух дзяржаваў[12].
У 1501—1736 роках Карабах уваходзіў у склад імпэрыі Сэфэвідаў. У сярэдзіне XVIII стагодзьдзя пасьля аслабленьня армянскіх мэлікаў з прычыны міжсобіцаў было ўтворанае Карабаскае ханства, адно з найбольшых у Іране[13]. У 1751 року карабаскі хан Панаг-алі Джаваншыр заснаваў тут фартэцыю Панагабад (цяпер Шуша). У гэты час цюрскія народы сталі складаць тут большасьць.
У 1805 року паводле ўмоваў Кюрэкчайскага пагадненьня Карабах стаў пратэктаратам Расейскай імпэрыі. Але ўжо ў 1813 року пасьля паразы ў вайне супраць Расеі Пэрсія саступіла рэгіён цалкам[14][15][16][17]. У 1822 року было распушчанае Карабаскае ханства, землі ўвайшлі ў склад Лізаветпальскай губэрні.
Пасьля рэвалюцыі 1917 року Карабах непрацяглы час уваходзіў у склад Закаўкаскай дэмакратычнай фэдэратыўнай рэспублікі, якая неўзабаве распалася на самастойныя азэрбайджанскую, армянскую і грузінскую дзяржавы. У ліпені 1918 року Ўстаноўчы сход Нагорнага Карабаху абвясьціў самакіраваньне і стварэньне Нацыянальнай рады і ўраду[18], але неўзабаве Карабах занялі асманскія войскі.
Пасьля паразы Асманскай імпэрыі ў Першай сусьветнай вайне Карабах акупавалі брытанцы, якія прызначылі генэрал-губэрнатарам стаўленіка азэрбайджанскага боку Хосрава бэй Султанава. Карабаскія армяне не прызналі гэтага рашэньня, абвясьціўшы пра далучэньне вобласьці да Армэніі[18][19].
У 1921 Азэрбайджан, Армэнію і Грузію захапілі бальшавікі. Цэнтральны камітэт РКП(б)) уключыў Нагорны Карабах у склад Азэрбайджанскай ССР, прадаставіўшы яму вялікую аўтаномію. Большасьць насельніцтва тэрыторыі склалі армяне.
Наконадні распаду Савецкага Саюзу ўзнавіліся спрэчкі што да прыналежнасьці Нагорнага Карабаху. Армянская большасьць, пратэстуючы супраць гвалтоўнай «азэрбайджанізацыі», пачала рух за далучэньне да Армянскай ССР[20].
13 лютага 1988 року ў сталіцы Нагорна-Карабаскай рэспублікі, Стэпанакерце, пачаліся дэманстрацыі з патрабаваньнем аб’яднаньня з Армэніяй, а 20 лютага мясцовы савет народных дэпутатаў 110 галасамі супраць 17 запатрабаваў перадачы рэгіёну Армянскай ССР, але ў Маскве адмовіліся ад выкананьня патрабаваньня. 22—23 лютага 1988 у Аскеране адбыліся першыя сутычкі між азэрбайджанцамі і армянамі; 2 азэрбайджанцы загінулі, дзясяткі чалавек з абодвух бакоў былі параненыя[21][22][23].
26 лістапада 1991 Азэрбайджан скасаваў аўтаномны статус Нагорнага Карабаху. Між тым 10 сьнежня там адбыўся рэфэрэндум (байкатаваны азэрбайджанскім насельніцтвам[23]), на якім армяне прагаласавалі за стварэньне незалежнае дзяржавы. Пасьля гэтага пачалася поўнамаштабная вайна, у якой Нагорны Карабах падтрымлівала Армэнія[24][25][26][27], і абодва бакі карысталіся дапамогай расейскіх ды ўкраінскіх наймітаў[28].
У выніку канфлікту страты з абодвух бакоў налічваліся тысячамі, сотні тысячаў сталі ўцекачамі. Да траўня 1994 армянцы кантралявалі 14% азэрбайджанскай тэрыторыі[29]. На гэтым этапе ўпершыню з пачатку канфлікту азэрбайджанскія ўлады прызналі Нагорны Карабах трэцім бокам ды пачалі зь ім перамовы, якія скончыліся замірэньнем 12 траўня 1994 пры пасярэдніцтве Расейскай Фэдэрацыі.
Аднак канфлікты між армянскімі і азэрбайджанскімі вайскоўцамі працягваліся і пазьней[30]. 25 студзеня 2005 року Парлямэнцкая асамблея Рады Эўропы (ПАРЭ) ўхваліла Рэзалюцыю 1416 з асуджэньнем этнічных чыстак супраць азэрбайджанцаў[31][32]. 14 сакавіка 2008 року Генэральная асамблея ААН запатрабавала «неадкладнага, поўнага і безумоўнага вываду армянскіх войскаў з усіх акупаваных земляў Азэрбайджану»[33]. 26 студзеня 2016 року падобную рэзалюцыю дакляравала ПАРЭ[34][35][36].
27 верасьня 2020 року пачалася новая вайна. Гэтым разам Азэрбайджан меў перавагу, заваяваўшы большую частку тэрыторыі вакол Нагорнага Карабаху(d) ды вялікую частку Нагорнага Карабаху, уключаючы важны культурны цэнтар — места Шуша[37]. Вайна скончылася 10 лістапада падпісаньнем заявы пра спыненьне вагню між Азэрбайджанам, Армэніяй ды Расеяй[38].
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.