From Wikipedia, the free encyclopedia
Міхал Казімер Коцел гербу «Пэлікан» (1644, Маладэчна — 6 кастрычніка 1722, Палонка, пахаваны ў Беніцы) — дзяржаўны дзяяч Вялікага Княства Літоўскага. Сын Самуэля Гераніма Коцела і Ганны з Ванляраў. Ашмянскі падкаморы (1683—1685), кашталян віцебскі (1685—1700), кашталян (1700—1703) і ваявода (1703—1710) троцкі, вялікі падскарбі літоўскі (з 1710). Маршалак Трыбунала Вялікага Княства Літоўскага у 1698 і 1702, удзельнік элекцый 1669, 1674 і 1697. Адзін зь лідараў апазыцыйнай Сапегам групоўкі рэспубліканцаў.
Герб «Пэлікан» | |
Асабістыя зьвесткі | |
---|---|
Нарадзіўся | 1644 Маладэчна |
Памёр | 6 кастрычніка 1722 Палонка, пахаваны ў Беніцы |
Пахаваны | |
Род | Коцелы |
Бацькі | Самуэль Геранім Коцел Ганна з Ванляраў |
Жонка | Рахеля Ганна з Корсакаў |
Рэлігія | каталіцтва |
У канцы 1697 склікаў паспалітае рушэньне ўсходніх паветаў Вялікага Княства Літоўскага, ад якога ў сярэдзіне 1698 абраны адным з паслоў да караля польскага й вялікага князя літоўскага Аўгуста ІІ. На зьезьдзе паспалітага рушэньня шляхты ВКЛ у Вільні 14 красавіка 1698, які адбыўся пад яго дырэкцыяй, абраны генэральным палкоўнікам ваяводзтваў і паветаў Вялікага Княства Літоўскага, атрымаў уладу над паспалітым рушэньнем і права займацца выплатай жалаваньня войску Вялікага Княства Літоўскага. Склікаў на 14 жніўня 1698 шляхецкі зьезд у Вільні, які запатрабаваў распусьціць войска, што знаходзілася пад камандаваньнем Сапегаў. Гэта плянавалася з дапамогай паспалітага рушэньня, скліканага на 15 лістапада 1698 і ўзначаленага Коцелам, які павёў яго пад Гародню. Падпісаў Пузавіцкую пастанову 1698. У пачатку 1700 узначалены Казімерам Янам Сапегам Скарбовы Трыбунал Вялікага Княства Літоўскага выявіў фінансавыя злоўжываньні Коцела, але ня змог прыцягнуць яго да адказнасьці. Коцел склікаў паспалітае рушэньне на рэасумпцыю Галоўнага Трыбунала і 26 красавіка 1700 абраны дырэктарам зьезда рэспубліканскай шляхты. Падпісаў пагадненьне з Сапегамі 21 жніўня 1700. У верасьні—кастрычніку 1700 узначаліў паспалітае рушэньне шляхты Мсьціслаўскага, Віцебскага, Аршанскага і Ашмянскага паветаў, разьбітае 15 кастрычніка 1700 Бэнэдыктам Паўлам Сапегам пад Ашмянамі. Удзельнічаў у Алькеніцкай бітве 1700, камандаваў левым крылом рэспубліканцаў. Падпісаў Алькеніцкую пастанову 1700, паводле якой разам з Рыгорам Антонам Агінскім атрымаў у арэнду збор мытных паступленьняў і прызначаны камісарам пры генэральным палкоўніку Міхале Сервацыі Вішнявецкім. Пасьля Алькеніцкай бітвы яго ўплыў у лагеры рэспубліканцаў панізіўся. Удзельнік зьездаў шляхты ВКЛ у Ружанах (1701), Вільні (двойчы ў 1701, 1703), Горадні (1701). У час перагавораў рэспубліканцаў з Сапегамі ў 1701 выступаў супраць замірэньня. Быў адным зь ініцыятараў уступленьня Рэчы Паспалітай у Паўночную вайну 1700—1721, падчас якой падтрымліваў Аўгуста ІІ і арыентаваўся на Расею. Удзельнік зьезда шляхты Вялікага Княства Літоўскага ў Новагародку 1707. Падчас швэдзкага наступленьня 1708 выехаў у Расею. Удзельнік Варшаўскай вальнай рады 1710, на якой атрымаў урад вялікага падскарбія літоўскага. У час сваёй дзейнасьці на гэтай пасадзе вызначыўся празьмернымі злоўжываньнямі. Па скарзе аднаго з пацярпелых, троцкага ваяводы Казімера Дамініка Агінскага, Трыбунал Літоўскі ў 1711 прыгаварыў Коцела да пазбаўленьня гонару й пакараньня сьмерцю. Арыштаваны 12 студзеня 1712, але пазьбегнуў пакараньня, пагадзіўшыся з Агінскім. У 1712 удзельнічаў у падаўленьні прашвэдзкага выступленьня Яна Казімера Сапегі. Далучыўся да зьезда шляхты Вялікага Княства Літоўскага ў Вільні з 23 сакавіка па 8 красавіка 1716, на пачатку пасяджэньняў якога была ўтворана антысаксонская канфэдэрацыя. Прадпрымаліся спробы пазбаўленьня яго пасады падскарбія за злоўжываньні, у тым ліку на сойме 1719—1720, але яны не мелі посьпеху. Памёр у Палонцы, пахаваны ў Беніцы.
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.