From Wikipedia, the free encyclopedia
Ме́нскі Саве́т рабо́чых і салда́цкіх дэпута́таў — выбарны орган, створаны 4 (17) сакавіка 1917 году паводле рэзалюцыі служачых Заходнефрантавога камітэту Ўсерасейскага земскага саюзу. У гэты ж дзень абраны Часовы выканаўчы камітэт з 9 чалавек (з 5 сакавіка — 11 чал.), старшыня — Барыс Позэрн.
8 сакавіка Савет выказаў падтрымку Часоваму ўраду пры ўмове захаваньня ім дэмакратычных свабод і падрыхтоўкі скліканьня Ўсерасейскага ўстаноўчага сходу. 10 сакавіка створаны аб’яднаны Менскі Савет рабочых і салдацкіх дэпутатаў. Яго друкаваным органам стала газэта «Ізвесьція Менскага Савету рабочых і салдацкіх дэпутатаў». Да красавіцкага крызісу палітычная лінія Менскага Савету была ў рэчышчы агульнарасейскага дэмакратычнага руху. У пачатку траўня пры Савеце быў арганізаваны дэмакратычны клюб з мэтай асьветы рабочых і салдат. У траўні — пачатку чэрвеня адбыліся перавыбары (абрана 265 чал.; старшыня — Б. Позэрн). Выканкам Савету складаўся з 36 чал., па 18 ад рабочых і салдат (пазьней прапорцыя зьмянілася 16/20), зь іх 23 Расейская сацыял-дэмакратычная работніцкая партыя, 13 эсэраў. З 5 сябраў прэзыдыюма 4 былі бальшавікамі. Зь перавыбраньнем Савету ўзмацніўся яго вайсковы склад, актывізаваліся бальшавікі, на пазыцыі якіх перайшоў і друкаваны орган Савету.
8 ліпеня 1917 году старшынём Менскага Савету абраны бальшавік Ісідар Любімаў. У ліпені з фракцыі сацыял-дэмакратаў выйшлі бальшавікі. Пры Савеце існавалі сэкцыі: вайсковая, рабочая, чыгуначная, культурна-асьветная, рэдакцыйная, харчовая, фінансавая і інш. Выканкам Савету ўдзельнічаў у дзейнасьці Камітэту рэвалюцыйных арганізацыяў (13—31 ліпеня), у кампаніі па выбарах у гарадзкую думу. 15 жніўня 1917 году старшынём Менскага Савету абраны Карл Ландэр. У выніку перавыбараў (другая палова верасьня — пачатак кастрычніка) з 337 дэпутатаў Савету 184 былі бальшавікі, 60 эсэраў, 21 меншавік, 21 бундавец, 48 беспартыйных, 3 ад Паалей-Цыёна і Аб’яднанай габрэйскай сацыялістычнай рабочай партыі. Старшынём застаўся Карл Ландэр. У складзе выканкаму былі 23 бальшавікі, 7 эсэраў, 4 бундаўцы, 1 паалейцыяніст, 1 ад Аб’яднанай габрэйскай сацыялістычнай рабочай партыі, 2 месцы пакінуты за прафсаюзамі. Створаны аддзелы: вайсковы, эканамічны, агітацыйны, культурна-асьветніцкі, сувязі зь іншагароднімі і інш. З сакавіка па кастрычнік 1917 году адбылося ня менш як 35 пасяджэньняў Савету.
25 кастрычніка прэзыдыюм Савету пастанавіў утварыць рэвалюцыйны штаб з мэтай прадухіленьня магчымых беспарадкаў. 26 кастрычніка, даведаўшыся пра падзеі ў Петраградзе, бальшавікі—чальцы прэзыдыюму ад імя выканкаму выдалі «Загад № 1 да насельніцтва Менску і яго навакольляў», дзе заяўлялася пра пераход улады да Менскага Савету.
Вызваленыя з турмы і гаўптвахтаў салдаты (каля 800 чал.) былі аб’яднаныя ў Першы Рэвалюцыйны полк імя Менскага Савету. Пэўную дапамогу бальшавікам аказалі салдаты 37-га і 289-га палкоў, са складу якіх былі вылучаны каравулы, патрулі, нарады на пошту, тэлефон, тэлеграф і ў штаб фронту. 27 кастрычніка выйшаў «Бюлетэнь Менскага Савету рабочых і салдацкіх дэпутатаў» з «Загадам № 1», «Дэкрэтам аб міры» і іншымі публікацыямі. У другой палове таго ж дня чальцы выканкаму—небальшавікі асудзілі дзейнасьць прэзыдыюму. Лідэры Савету былі вымушаныя прызнаць уладу Камітэту выратаваньня рэвалюцыі Заходняга фронту і накіравалі ў яго сваіх прадстаўнікоў. На загад Ваенна-рэвалюцыйнага камітэту Заходняга фронту ў ноч на 2 лістапада ў Менск прыбыў бліндзіраваны цягнік. Вечарам 2 кастрычніка адбылося пашыранае пасяджэньне Савету. Уся ўлада ў горадзе перайшла да ВРК Заходняга фронту, ядро якога складаў бальшавіцкі прэзыдыюм Савету. Да 25 студзеня 1918 году існавалі наступныя аддзелы: па арганізацыі Чырвонай Гвардыі (разам з цэнтральным штабам), па арганізацыі РСЧА Менскага гарнізону, па барацьбе з контррэвалюцыяй і спэкуляцыяй, асьветы, жыльлёвай каапэрацыі, працы, мяцовага самакіраваньня, агітацыі і арганізацыі і інш. Паводле партыйнай прыналежнасьці чальцы камісій былі ў пераважнай большасьці бальшавікамі. 19 лютага кіраўніцтва Савету разам зь іншымі бальшавіцкімі ўстановамі пакінула Менск з прычыны наступленьня нямецкіх войскаў.
Менскі Савет пачаў адраджацца ў сьнежні 1918 году, калі напярэдадні эвакуацыі нямецкіх войскаў адбыліся выбары ў гарадзкі Савет рабочых дэпутатаў. У выніку дамовы яго прэзыдыюма з ВРК Менскай губэрні да канца студзеня 1919 году былі арганізаваныя перавыбары Савету, які атрымаў назву Менскі Савет рабочых і чырвонаармейскіх дэпутатаў.
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.