From Wikipedia, the free encyclopedia
Магілёўская ратуша — помнік архітэктуры XVII—XVIII стагодзьдзяў у Магілёве, адзін з сымбаляў места. Знаходзіцца на гістарычным Рынку[a]. Арыгінальны будынак існаваў да 1957 году, калі савецкія ўлады ўзарвалі помнік. У 2008 годзе скончылася адбудова ратушы на ранейшым месцы.
Помнік грамадзянскай архітэктуры | |
Магілёўская ратуша | |
Магілёўская ратуша | |
Краіна | Беларусь |
Места | Магілёў |
Каардынаты | 53°53′39.84″ пн. ш. 30°19′54.15″ у. д. |
Архітэктурны стыль | клясыцыстычная архітэктура[d] |
Дата заснаваньня | 1578 |
Статус | Ахоўная зона |
Магілёўская ратуша | |
Магілёўская ратуша на Вікісховішчы |
28 студзеня 1577 году кароль і вялікі князь Стэфан Баторы надаў Магілёву поўнае Магдэбурскае права. Першую, драўляную ратушу збудавалі тут у 1578 годзе на Ветранай вуліцы, але ў красавіку 1664 году яна згарэла.
Асноўны аб’ём новай мураванай ратушы будаваўся ў 1679—1681 гадох. У 1682—1686 гадох майстар з Быхава ўзьвёў вежу (каля 26 м вышынёй), але неўзабаве яна абвалілася. У 1692 годзе скончылася будаваньне новай вежы (да 38 м), якая стала вэртыкальнай дамінантай места. У гэты ж час на яе ўсталявалі гадзіньнік[1] (паводле іншай вэрсіі — у XVIII або XIX стагодзьдзях).
За часамі Вялікай Паўночнай вайны ў верасьні 1708 году ратуша згарэла, неўзабаве яе аднавілі.
Па першым падзеле Рэчы Паспалітай (1772 год), калі Магілёў апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, у 1773 годзе ратушу капітальна перабудавалі, а дах накрылі бляхай. З скасаваньнем для Магілёва Магдэбурскага права ратуша перастала выконваць свае пачатковыя функцыі. У 1780 годзе зь яе назіральнай пляцоўкі места аглядалі маскоўская гаспадыня Кацярына II і аўстрыйскі імпэратар Ёзэф II.
Будынак пацярпеў у Другую сусьветную вайну. Нягледзячы на тое, што яшчэ ў 1926 годзе яго ўзялі пад ахову дзяржавы, а 11 верасьня 1953 году афіцыйна абвясьцілі помнікам архітэктуры, у ліпені 1957 годзе савецкія ўлады ўзарвалі помнік архітэктуры.
У 1979 і 1984 гадох праводзіліся археалягічныя раскопкі падмуркаў. На падставе архіўных і археалягічных матэрыялаў зьявіўся праект адбудовы ратушы. Аднаўленьне будынка завяршылася ў 2008 годзе (адкрыцьцё — у Дзень места). У наш час тут разьмяшчаюцца музэй гісторыі Магілёва і Палац шлюбу.
Ратуша ў канцы XVII ст. — мураваны 2-павярховы прастакутным ў пляне (28 на 10,5 мэтраў) будынак з 8-граннай 5-яруснай вежай пасярэдзіне галоўнага фасаду. Вежа завяршалася гранёным купалам з шпілем, мела балькон з мэталічнымі кратамі, вялікі гадзіньнік. Аконныя праёмы зь невялікімі круглаватымі шыбамі аздабляліся алавянымі рамамі-аканіцамі. Галоўны і дваровы ўваходы вылучаліся ганкамі. Пакрыцьцё даху — роўная чырвоная дахоўка. Франтон, дахі ганкаў і вежавы шпіль аздабляліся пазалочанымі флюгерамі — «ветранікамі».
Падлога на першым паверсе была цаглянай, сьцены пабеленыя. На другі паверх вялі драўляныя сходы з разнымі балясамі. У вокнах стаялі вітражы. На першым паверсе знаходзіліся сені, вялікая «ізба» (тут засядаў суд пад старшынствам войта), канцылярыя і сьвятліца, дзе захоўваліся бягучыя справы магістрату; на другім паверсе — сені, судовая «ізба» (месца магістрацкага суду), вялікая заля для паседжаньняў магістрату і дапаможныя памяшканьні; у цокальным паўпадвальным паверсе — скарбніца, склады і астрог. Ацяпленьньне ажыцьцяўлялася з дапамогай кафляных печаў, выкладзеных паліхромный кафляй зь зялёнай палівай.
У выніку перабудовы 1773 году дах накрылі бляхай. Гарызантальны пас падзяляў сьцяну будынка на два ярусы: першы руставаны, аконныя праёмы другога мелі аблямаваньні. Архітэктура фасадаў адпавядала суседнім дамам губэрнатара і віцэ-губэрнатара, узьведзеных у стылі клясыцызм. Да будынка далучаўся гасьціны двор.
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.