Палацава-паркавы комплекс Пуслоўскіх — помнік архітэктуры і садова-паркавага мастацтва сярэдзіны ХІХ ст. у Косаве. Знаходзіцца на паўночна-заходняй ускраіне места, у былым фальварку Марачоўшчыне пад адрасам вуліца Тадэвуша Касьцюшкі, 108. Твор архітэктуры рэтраспэктыўна-гатычнага стылю. Аб’ект Дзяржаўнага сьпісу гістарычна-культурных каштоўнасьцяў Беларусі.
Помнік грамадзянскай архітэктуры | |
Палацава-паркавы комплекс Пуслоўскіх | |
Палац Пуслоўскіх | |
Краіна | Беларусь |
Места | Косаў |
Каардынаты | 52°45′55″ пн. ш. 25°07′18″ у. д. |
Архітэктурны стыль | нэаготыка |
Аўтар праекту | Францішак Яшчалд |
Заснавальнік | Вандалін Пуслоўскі[d] |
Дата заснаваньня | 1838 |
Статус | Дзяржаўны сьпіс гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь[1] |
Палацава-паркавы комплекс Пуслоўскіх | |
Палацава-паркавы комплекс Пуслоўскіх на Вікісховішчы |
Гісторыя
Да роду Пуслоўскіх Косаўскі маёнтак перайшоў у 1821 годзе, калі яго набыў Казімер Пуслоўскі. У 1838 годзе Вандалін Пуслоўскі збудаваў тут мураваны палац. Па здушэньні нацыянальна-вызвольнага паўстаньня (1863—1864) палац перайшоў у валоданьне князёў Трубяцкіх і Ольдэнбурскіх.
У Першую сусьветную вайну палац атрымаў значныя пашкоджаньні. Па вайне ўлады міжваеннай Польскай Рэспублікі аднавілі палац, які прыстасавалі дзеля патрэбаў адміністрацыі староства Косаўскага павету.
За часамі Другой сусьветнай вайны ў 1944 годзе палац спалілі савецкія партызаны. Доўгі час будынак стаяў закінутым і паступова разбураўся.
У 2000-я гады архітэктары дзяржаўнага прадпрыемства «Брэстрэстаўрацыяпраект» распрацавалі генэральны плян аднаўленьня палаца і сядзібы Тадэвуша Касьцюшкі, а таксама рэканструкцыі парку як адзінага палацава-паркавага ансамблю. У 2007 годзе ў палацы распачаліся рэстаўрацыйныя працы.
Архітэктура
Помнік архітэктуры рэтраспэктыўна-гатычнага стылю, адзін зь першых узораў гэтага стылю ў колішнім Вялікім Княстве Літоўскім. Аўтарам праекту стаў варшаўскі архітэктар Францішак Яшчалд, над афармленьнем унутраных інтэр’ераў працавалі архітэктар Уладзіслаў Марконі і дэкаратар Францішак Жмурка. На архітэктурны разьвязак палаца паўплывала яго сьвядомае будаваньне каля родавай сядзібы Тадэвуша Касьцюшкі.
Захоўвае характэрную для клясыцызму сымэтрыю з абсалютным дамінаваньнем цэнтральнага рызаліту. Франтальна выцягнуты будынак складаецца з цэнтральнага 2-павярховага корпуса і злучаных зь ім галерэямі, высунутых наперад бакавых павільёнаў. Цэнтральная ўзвышаная частка акцэнтуецца прыступкавым атыкам. З вуглоў цэнтральнага корпуса ўзвышаюцца гранёныя вежы рознай вышыні, вуглы бакавых крылаў умацоўваюцца вежападобнымі эскарпамі. Фасады рытмічна падзяляюцца сьпічастымі аркамі, аконнымі праёмамі, пэрспэктыўнымі нішамі, гранёнымі вежамі. Звонку мае суровае «абарончае» афармленьне, за што часам завецца «Косаўскім замкам».
Унутраны плян сымэтрычны. Інтэр’еры аздабляліся фрэскавымі росьпісамі і стукавым дэкорам. Меў 132 пакоі. У адным з крылаў знаходзіліся мастацкая галерэя і бібліятэка, якая зьмяшчала каля 10 тысячаў рэдкіх кніг. У іншым крыле месьціліся спальныя памяшканьні. У палацы было некалькі заляў, кожная зь іх мела ўласную назву і адмысловае прызначэньне. Існавалі Белая, Чорная, Ружовая, Сіняя, Срэбная, Залатая, Шкляная, Люстэркавая ды іншыя залі. Кожны пакой аздабляўся габэленамі, дыванамі, мармурам, дэкаратыўнымі камінамі і скульптурамі. На другім паверсе разьмяшчалася Парадная заля, сьцены якой аздабляліся размалёўкамі[2].
Парк
Палац атачаецца паркам, які ўлучае стары парк сядзібы Касьцюшкаў. Займае тры тэрасы шырынёй да 60 мэтраў зь перападам рэльефу да 4 мэтраў. Тут расьлі больш за 150 відаў экзотаў, а дзеля асабліва рэдкіх расьлінаў уладкавалі аранжарэю. За савецкім часам большасьць дрэваў зьнішчылі.
Парк маляўніча спускаецца да трох сажалак. У заходняй частцы парку разьмяшчаецца капліца, на заходнім баку тэрасаў — дапаможныя памяшканьні, якія складаюцца з кухні, бровару і стайні. Прастору паміж броварам і сажалкамі займалі фруктовы сад, аранжэрэя і дом садоўніка.
На тэрасах былі фантаны з шырокімі чашамі. У парку стаялі скульптуры.
Галерэя
Гістарычныя здымкі
- 1915—1916 гг.
- 1920 г.
- 1920-я гг.
- 1925 г.
- 1925 г.
- 1925 г.
- Ф. Драздоўскі, 1924—1932 гг.
- Ф. Драздоўскі, 1924—1932 гг.
- 1925 г.
- 28 траўня 1928 г.
- 28 траўня 1928 г.
- 1931 г.
- 15 жніўня 1937 г.
- 1930-я гг.
- да 1939 г.
- да 1939 г.
- да 1939 г.
- да 1939 г.
- да 1939 г.
- 1939 г.
Сучасныя здымкі
- Агульны выгляд
- Уваход
- Фрагмэнт
- Брама
Крыніцы
Літаратура
Вонкавыя спасылкі
Wikiwand in your browser!
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.