беларускі праваслаўны сьвятар From Wikipedia, the free encyclopedia
Канстанты́н Анто́навіч Пілінке́віч (10 красавіка 1874, в. Чарлёна, Гарадзенскі павет, Гарадзенская губэрня, Расейская імпэрыя — 8 красавіка 1936, Пружаны, Палескае ваяводзтва, Польшча) — праваслаўны сьвятар, протаярэй.
Нарадзіўся ў вёсцы Чарлёна Гарадзенскага павету (цяпер у Мастоўскім раёне) 10 красавіка 1874 року ў сям’і сьвятара Антонія Пілінкевіча. Па сканчэньні Літоўскай духоўнай сэмінарыі (1895) служыў псальмоўшчыкам у Сафійскім саборы Горадні[1]. 1 кастрычніка 1897 рукапакладзены ў сан сьвятара.
1899 — сьвятар нагародавіцкай, ад 1902 — зьдзецельскай царквы Зьдзецельскага дабрачыньня.
У 1904 року прызначаны сьвятаром у Сьвята-Прачысьценскую царкву ў Пружанах. Адначасна выкладаў праваслаўнае веравызнаньне ў вучэльнях, прыватнай жаночай прагімназіі А. П. Крутагаловай, вышэйшай пачатковай вучэльні м. Пружаны. Чалец праўленьня дабрачыннага таварыства (1906—1915), чалец камітэту апякунства пра народную цьвярозасьць м. Пружаны (1910—1915).
1912—1915 — чалец рады павятовага аддзяленьня эпархіяльнае вучэльнае рады ў Пружанах; чалец праўленьня, а пасьля і старшыня крэдытнага таварыства.
У вайну ў бежанстве, служыў сьвятаром у ваенным ведамстве ў 215-м палявым запасным шпіталі расейскага войска. Пасьля бальшавіцкага перавароту веруючы пэрсанал шпіталю перадаў паходную царкву ў дарунак Канстантыну Пілінкевічу (антымінс, эўхарыстычны набор і інш.). Па вайне працягнуў служэньне ў Пружане, з 1922 протаярэй, з 1923 дабрачынны 1-е Пружанскае акругі.
У сакавіку 1921 року падчас наведваньня Пружаны тагачасным прэм’ер-міністрам Польшчы Вінцэнтам Вітасам айцец Канстантын прывітаў яго на беларускай мове (польскай мовай не валодаў у дастатковай меры, а па-расейску яму было забаронена[2]):
Шаноўны пане Прэзыдэнце! Праваслаўныя грамадзяне тутэйшага краю шлюць сваё шчырае прывітаньне свабоднай Польшчы і Вам, пане Прэзыдэнце, як прадстаўніку яе ўлады. Нашае прывітаньне тым сардэчнейшае, што ў свабоднай Польшчы мы карыстаемся свабодай свайго праваслаўнага вызнаньня. Нашы думкі ідуць далей: да мажлівасьці скліканьня царкоўнага сабору, каторы распачаў бы справу аб устройстве праваслаўнай царквы ўсёй Польшчы. Але справа гэта можа быць адкладзена да часу. Цяпер на чарзе іншыя справы, іншыя нашыя жаданьні. Усясьветная вайна найцяжэй адазвалася на нашым і без таго бедным краі. Праяжджаючы, Пан Прэзыдэнт бачыў нашы спаленыя вёскі, зьнішчаныя нівы. Гатовы апусьціцца рукі, як станеш думаць што рабіць, з чаго пачаць, каб адбудаваліся нашыя вёскі. Знаем, што трэба працаваць, працаваць і яшчэ раз працаваць, але і праца не вызваліць нас ад гэтай вялікай бяды. Сілы і сродкаў у нас мала. У гэтым кірунку мы зьвяртаем цэлую нашу надзею на шырокую і шчырую дапамогу Жонду Польшчы. Гэта першая і галоўная наша справа, справа аб хлебе штодзённым. Другая наша думка і жаданьне аб тым, каб, нягледзячы бы на нас, праваслаўных, коса, каб не лічылі бы нас за абываталяў ніжэйшага гатунку, каб тут ня сіла панавала над правам, а права над сілай. Няхай права сувора і строга карае нас за віны і злачынствы, але няхай ня будзе таго, каб паклёпнікі маглі беспакарана рабіць сваю ліхую справу. А, Пане Прэзідэнце, тут было гэта ня раз. Хочам верыць, што Польшча, вызваліўшыся з-пад чужой няволі, ушануе і для нас так званае права меншасьці нацыянальнай. Вось нашыя думкі, ось нашыя жаданьні. Дай нам Божа, каб праўда, каб шчасьце, каб лепшая доля, каб роўнасьць і братэрства засьвяціліся з гэтага часу і для нас, праваслаўных мяшканцаў тутэйшага краю. Мы верым, што так будзе! А вас, пане Прэзыдэнце, просім верыць, што і мы будзьма добрымі сынамі Польшы.
Niech żyje Polska, niech żyje pan Prezydent Witos! |
||
—Канстантын Пілінкевіч |
Гэтым выступам ён здабыў агромністы аўтарытэт парафіянаў. Аднак нехта склаў паклёп у Палескую кансысторыю, пасьля чаго ў бацюшкі Канстантына пачаліся праблемы. У 1925 року ён быў адхілены ад займанай пасады «за выступ супраць Польскай дзяржавы». Пасьля гэтага прыхаджане сабралі 1151 подпіс з просьбай вярнуць сьвятара да пастырскае дзейнасьці. Іхні зварот быў накіраваны япіскапу Аляксандру 9 красавіка 1926 року. Загадам Палескай духоўнай кансысторыі 27 ліпеня 1927 року забарона на служэньне з Канстантына Пілінкевіча была зьнятая. Ён быў прызначаны сьвятаром у Дабучынскую царкву.
16 лістапада 1931 року звольнены па-за штат без тлумачэньня прычынаў.
Памёр 8 красавіка 1936, пахаваны на пружанскіх праваслаўных могілках.
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.