Дзівін

вёска ў Кобрынскім раёне Берасьцейскай вобласьці Беларусі From Wikipedia, the free encyclopedia

Дзівін

Дзі́він, Дыві́н — вёска ў Беларусі, каля возера Любані. Цэнтар сельсавету Кобрынскага раёну Берасьцейскай вобласьці. Насельніцтва на 2010 год — 3130 чалавек. Знаходзіцца за 33 км на паўднёвы ўсход ад Кобрыню, за 78 км ад Берасьця. Аўтамабільныя дарогі на Берасьце і Дарагічын.

Хуткія факты
Закрыць

Дывін — даўняе магдэбурскае места гістарычнай Берасьцейшчыны. Да нашага часу тут захавалася царква Сьвятой Параскевы Пятніцы, помнік архітэктуры XVIII ст.

Назва

На думку географа Вадзіма Жучкевіча, тапонім Дзівін утварыўся ад асноваў «дзівіцца», «дзіва» ў значэньні 'цуд'[1]. Цяперашняя афіцыйная назва паселішча — Дзі́він[2], аднак мясцовыя жыхары ўжываюць назву Дыві́н[2][3]. Сярод старэйшага пакаленьня яшчэ можна пачуць назву Дывы́н або Дывэ́н[2].

Гісторыя

Вялікае Княства Літоўскае

Першы пісьмовы ўпамін пра Дывін датуецца 1466 годам. Пад 1546 годам ён значыцца як мястэчка, цэнтар воласьці Берасьцейскага павету. З 1566 году — цэнтар Дывінскага войтаўства і Палескай воласьці. Паводле рэестру ў гэты час у мястэчку было 184 двары, Рынак (квадратны ў пляне) і 5 вуліцаў: Павіцкая (на в. Павіцьце), Кобрынская, Берасьцейская, Ратманская[4], Крывая. На Кобрынскай вуліцы існавала Пятніцкая царква.

У 1629 годзе кароль і вялікі князь Жыгімонт Ваза пацьвердзіў Дывіну права на штотыднёвы кірмаш у чацьвяргі. 28 ліпеня 1634 году кароль і вялікі князь Уладзіслаў Ваза надаў мястэчку Магдэбурскае права, аднак права прызначаць войта зь ліку шляхты засталося за каралём і вялікім князем. 7 сакавіка 1642 году Магдэбургскае права пацьвердзіў кароль і вялікі князь Ян Казімер, а 9 сьнежня 1749 году — кароль і вялікі князь Аўгуст Сас[5].

У 1668 годзе Дывін упамінаецца як места ў складзе Палескага ключа Берасьцейскай эканоміі, на гэты час тут было 53 валокі зямлі, 2 царквы, 2 млыны, агароды, карчма. На 1682 год існавалі 2 царквы, касьцёл, ратуша, 2 млыны, карчма. У 1776 годзе кароль і вялікі князь Станіслаў Аўгуст Панятоўскі скасаваў самакіраваньне (у межах рэформаў у Рэчы Паспалітай). У 1789 годзе ўпамінаюцца аднайменныя места і двор у Дывінскім ключы Берасьцейскай эканоміі. У гэты час у месьце існавалі пляц Рынак, 4 вуліцы, 194 гаспадаркі (зь іх 173 хрысьціянскія); у двары — жылы дом, бровар, студня і іншыя гаспадарчыя пабудовы.

Пад уладай Расейскай імпэрыі

У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795 год) Дывін апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыяй, у Кобрынскім павеце Гарадзенскай губэрні (з 1801 году). У 1797 годзе расейскія ўлады падаравалі мястэчка разам зь ягонымі жыхарамі П. Румянцаву-Задунайскаму.

У 1819 годзе сяляне і местачкоўцы (больш за 200 двароў, 1000 жыхароў) адмовіліся выконваць павіннасьці на карысьць уладальніка да канчатковага разгляду справы аб іх вольнасьці. 20 жніўня 1819 году ў Дывін прыбыло 300 узброеных расейскіх салдатаў. Жыхары мястэчка вызвалілі арыштаваных. Уладаў вымусілі дазволіць местачкоўцам выбраць 10 прадстаўнікоў да перамоваў. Асэсар Гарадзенскага губэрнскага кіраваньня і кобрынскі земскі аканом у прысутнасьці салдатаў зачыталі сялянам Указ губэрнскага кіраваньня, у якім яны прасілі вайсковай дапамогі ў губэрнатара і адзначалі, што духавенства падтрымлівае сялянскі пратэст.

У 1850 годзе выйшаў з друку зборнік песьняў сялянаў Піншчыны, дзе прыводзілася вядомая беларуская калядная песьня з наступнай мясцовай варыяцыяй: замест «Кузьма и Дземьянъ два Лицвины, принешли горшочекъ боцвиння»[6] падавалася «два літвіны із Дывін прынесьлі гаршчык батвін»[7].

У 1862 годзе з мэтаю маскалізацыі колішняга Вялікага Княства Літоўскага расейскія ўлады адкрылі ў Дывіне народную вучэльню. На 1878 год існавалі 2 царквы, сынагога, праводзіліся 2 кірмашы. У 1886 годзе — валасная ўправа, 3 царквы, сынагога, школа, 5 крамаў, заезны двор, 2 карчмы, праводзіліся 3 кірмашы. Каля мястэчка знаходзіўся маёнтак пана А. Ягміна, вятрак. Паводле вынікаў перапісу 1897 году — 3 цэрквы, сынагога, юдэйскі малітоўны дом, народная вучэльня, лякарня, валасная ўправа, пошта, 2 хлебазапасныя магазыны, 15 крамаў, алейня, 14 млыноў, карчма; штогод праводзілася 6 аднадзённых кірмашоў.

За часамі Першай сусьветнай вайны ў 1915 годзе Дывін занялі войскі Нямецкай імпэрыі.

Найноўшы час

25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Дывін абвяшчаўся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году ў адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі ён увайшоў у склад Беларускай ССР, у Берасьцейскі павет («падраён») Баранавіцкага раёну[8]. Паводле Рыскай мірнай дамовы 1921 году мястэчка апынулася ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, дзе стала цэнтрам гміны Кобрынскага павету Палескага ваяводзтва. У гэты час існавалі аднайменныя мястэчка (373 дамы), фальварак, хутары і калёнія (разам 71 двор). На 1931 год дзеялі жыдоўская бібліятэка, тэатральны і харавы гурткі.

У 1939 годзе Дывін увайшоў у БССР, дзе з 15 студзеня 1940 да 8 жніўня 1959 году быў цэнтрам раёну. Статус паселішча панізілі да вёскі. На 1940 год у Дывіне працавалі пошта, 7-гадовая школа (400 вучняў), аптэка, лякарня з амбуляторыяй, вэтэрынарны пункт, народны дом, 20 прыватных крамаў, хлебная крама і кнігарня, 2 маторныя млыны, 3 пякарні, бойня, рэстарацыя, шавецкая і кавальская арцелі, завод ахаладжальных напояў, маслазавод. У Другую сусьветную вайну з 24 чэрвеня 1941 да 21 ліпеня 1944 году мястэчка знаходзілася пад акупацыяй Трэцяга Райху.

На 1971 год у Дывіне было 1407 будынкаў, на 1997 год — 1591 двор, на 2005 год — 1460 двароў. У 2000-я гады паселішча атрымала афіцыйны статус «аграгарадку».

Насельніцтва

Дэмаграфія

  • XVIII стагодзьдзе: 1789 год — 872 чал.
  • XIX стагодзьдзе: 1830 год — 717 муж., зь іх шляхты 23, духоўнага стану 3, мяшчанаў-юдэяў 164, мяшчанаў-хрысьціянаў і сялянаў 527[9]; 1878 год — 2490 чал. (1201 муж. і 1289 жан.), у тым ліку 998 юдэяў[10]; 1886]] — 1644 чал. у мястэчку Дывіне, 60 чал. у маёнтку Дывіне; 1888 год — 2516 чал.; 1897 год — 3796 чал. у мястэчку Дывіне, 76 чал. у маёнтку Дывіне
  • XX стагодзьдзе: 1905 год — 3967 чал.; 1921 год — 2299 чал. у мястэчку Дывіне, 43 чал. у фальварку, хутарах і калёніі Дывіне; 1940 год — 4187 чал. у мястэчку Дывіне, 64 чал. у асадзе вайсковай Дывіне; 1959 год — 3489 чал.; 1970 год — 4677 чал.; 1994 год — 4,4 тыс. чал.[11]; 1997 год — 4295 чал.[12]; 1999 год — 4293 чал.
  • XXI стагодзьдзе: 2005 год — 3532 чал.[13]; 2010 год — 3130 чал.

Інфраструктура

У Дывіне працуюць сярэдняя, музычная і спартовая школы, школа-інтэрнат, 2 дашкольныя ўстановы, лякарня, вэтэрынарная лякарня, дом культуры, клюб, 3 бібліятэкі, пошта.

Забудова

Вуліцы і пляцы

Афіцыйная назваГістарычная назва
Леніна вуліцаКобрынская вуліца (частка)
Ратненская вуліца (частка)
Савецкая вуліцаПавіцкая вуліца (частка)
Берасьцейская вуліца (частка)
Бяз назвыРынак пляц

Таксама ў Дывіне існавала Крывая вуліца.

Эканоміка

Працуюць маслазавод, пякарня, філія Кобрынскай мэблевай фабрыкі, аддзяленьне «Сельгастэхнікі», 2 лесьнікоўствы.

Турыстычная інфармацыя

Thumb
Царква-мураўёўка

Славутасьці

Страчаная спадчына

  • Сынагога (XIX ст.)

Асобы

Крыніцы

Літаратура

Вонкавыя спасылкі

Wikiwand - on

Seamless Wikipedia browsing. On steroids.