Друцкае Эвангельле
From Wikipedia, the free encyclopedia
From Wikipedia, the free encyclopedia
Друцкае Эвангельле — Эвангельле апракас поўны — рукапісны помнік старажытна-беларускай пісьменнасьці. Напісаны на мяжы XIV—XV стагодзьдзяў. Пісаны 8 пісцамі ўставам у 2 слупкі на 188 аркушах пэргамэнту.
Укладзена друцкім князям Васілём Міхайлавічам і яго жонкай Васілісай у друцкай царкве Багародзіцы. Напісана царкоўнаславянскай мовай на пэргамэнце, на 376 старонках, аздоблена застаўкамі і ініцыяламі.
Прыпіска паведамляе, што ў 6949 (1441) годзе віленскі месьціч Конан уклаў Друцкае Эвангельле ў Васкрасенскую царкву ў Вільні. Паводле вусных паведамленьняў, да 1944 рукапіс належаў уніяцкаму мітрапаліту Ёсіфу Сьліпаму. Пасьля кніга была ў зборы акадэміка М. М. Ціхамірава, які завяшчаў яго Сыбірскаму аддзяленьню Акадэміі навук[1]. Цяпер зьберагаецца ў дзяржаўнай публічнай навукова-тэхнічнай бібліятэцы Сыбірскага аддзяленьня Расейскай АН у Новасыбірску (паступіла ў 1965 годзе). У 2001 Друцкае Эвангельле апублікавана факсімільным спосабам з фотакопіі, што захоўваецца ў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы НАН Беларусі.
Эвангельскія чытаньні зь Вялікадня да Вялікай суботы, месяцаслоў, эвангельлі ранішнія нядзельныя.
На 1-м аркушы ўверсе застаўка, ёсьць 54 ініцыялы тэраталягічнага стылю, выкананыя кінавар’ю з дробнай дэталёўкай жоўтай фарбай. Прыпіскі на палях 1-га аркуша — сынодзік, пералік мужчынскіх і жаночых імёнаў для памінаньня ў царкве (магчыма, гэта прадстаўнікі роду князёў Друцкіх). Пасьля асноўнага тэксту почыркам пісца кнігі зроблена вялікая прыпіска, дзе паведамляецца. што ў 6909 годзе (ад Стварэньня Сьвету) пабудавана царква Багародзіцы ў Друцку, у якую ўклаў Друцкае Эвангельле князь Васіль Міхайлавіч з жонкай Васілісай; далей пералічаны княжацкія наданьні царкве. Асаблівасьці напісаньнья году (перадача 900 празь літару Ф, а не «юс малы» або Ц) тлумачыцца зьмяшаньнем лічбавага значэньня літараў «фіта» (9) і Ф (500), якія мелі аднолькавае гучаньне. Ранейшае чытаньне году як 6509 (1001) цяпер адкінута як супярэчнае гістарычным рэаліям. Год 6909 «ад стварэньня сьвету» адпавядае часу 1 верасьня 1400 — 31 жніўня 1401 або 1 сакавіка 1401 — 28 лютага 1402 (у залежнасьці ад таго, верасьнёўскім або сакавіцкім стылем карыстаўся пісец).
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.