Remove ads
моўная сям’я From Wikipedia, the free encyclopedia
Да́рдзкія мовы — таксон роднасных моваў, які звычайна клясыфікуецца як група ў складзе індаіранскае галіны індаэўрапейскае сям’і моваў або падгрупа ў складзе індаарыйскае групы моваў індаіранскае галіны; распаўсюджаныя на тэрыторыях паўночнага Пакістану, паўночнай Індыі й паўночна-ўсходняга Аўганістану[1][2].
Дардзкая група | |
Народнасьць | дарды |
---|---|
Арэал | усходні Аўганістан, паўночныя Пакістан ды Індыя |
Лінгвістычная клясыфікацыя | Індаэўрапейская сям'я
|
Склад |
кагістанская,
кашмірская, кунарская, пашаі, чытральская, шына падгрупы |
Колькасьць носьбітаў | каля 5 млн. чал. |
Колькасьць носьбітаў — звыш 5 млн. чал. (ацэнка, 1990-я гг.).
Становішча дардзкіх моваў сярод індаіранскіх моваў дагэтуль зьяўляецца дастаткова дыскусійным, зазнаюць спрэчкі таксама варыянты ўнутранае клясыфікацыі дардзкіх моваў.
Паводле найбольш шырокіх варыянтаў клясыфікацыяў дардзкія мовы ўключаюць наступныя падгрупы ў іх складзе[3]:
Адна зь нядаўніх клясыфікацыяў вызначае дардзкія мовы як мовы, што дзеляцца на пяць групаў[4]:
Іншыя варыянты клясыфікацыі падразьдзяляюць дардзкія мовы на ўсходнюю ды цэнтральную падгрупы. Пры гэтым падыходзе да клясыфікацыі дардзкіх моваў першыя ўключаюць кашмірскую мову, шына, пгалура, гарві, тарвалі, маян, апошнія падзяляюцца на паўночныя (кгавар, калаская) і паўднёвыя (гавар, шумашці, катаркалаі, глангалі, тырагі, дамэлі і дыялекты або мовы пашаі)[5]. Пашаі могуць уключацца ў кунарскую падгрупу, кашмірская мова можа лічыцца як адна з моваў шына. Акрамя таго, панятак кагістанскі можа мець на ўвазе ня толькі ўласна кагістанскую мову, але й шэраг разнастайных моваў на поўначы Пакістану, а менавіта маія, каламі й тарвалі. Генэтычная пазыцыя мовы дамэлі таксама дыскусійная: мова спалучае ў сабе ня толькі дардзкія (вужэй, кунарскія) рысы, так і нурыстанскія рысы. Мову думакі цяпер адносяць да індаарыйскіх, раней адносілася да шына-пгалурскае падгрупы дардзкіх.
Зьнешняя клясыфікацыя дардзкіх моваў таксама зазнае спрэчкі з прычыны таго, што дардзкія мовы могуць лічыцца як самастойным таксонам у складзе індаіранскіх моваў, так і ўключацца ў склад індаарыйскае групы гэтых моваў праз існаваньне шматлікіх структурных паралеляў між гэтымі мовамі[1]. Да дардзкіх моваў могуць таксама залічвацца нурыстанскія мовы[5], іншая група моваў у складзе індаіранскае галіны, аднак у большай частцы сучаснае лінгвістычнае літаратуры нурыстанскія мовы прадстаўляюцца як асобны таксон, пры гэтым даволі аддалены ад астатніх індаіранскіх. Блізкасьць нурыстанскіх да дардзкіх, верагодней за ўсё, зьяўляецца выключна тыпалягічнай і ёсьць сьведчаньнем блізкага суседзтва.
Адзін зь першых дасьледчыкаў у галіне клясыфікацыі індаіранскіх моваў, Г. Грырсан, засноўваючыся, аднак, на адносна вузкіх зьвестках, разьмясьціў нурыстанскія мовы ў склад дардзкіх, надаўшы апошнім статус асобнага таксону ў складзе індаіранскіх моваў. Пазьнейшыя лінгвісты ў асноўным прытрымліваліся гэтае клясыфікацыі, аднак пазьней Г. Маргенст’ернэ вызначыў нурыстанскія мовы як асобную групу індаіранскае мовы й надаў аргумэнты на карысьць уключэньня дардзкіх моваў у склад індаарыйскае групы індаіранскіх моваў. Падобны варыянт зьнешняе клясыфікацыі дардзкіх моваў пераважае сярод сучасных лінгвістаў, асабліва ў заходняй літаратуры[6]. У супрацьлегласьць гэтаму, уключэньне дардзкіх моваў у склад індаарыйскіх часта лічыцца памылковым.
Некаторыя дасьледчыкі аспрэчваюць існаваньне дардзкіх моваў як генэтычнага моўнага аб’яднаньня, лічачы іх арэальнай сукупнасьцю моваў[2]. Высоўваюцца гіпотэзы, паводле якіх дардзкія мовы не зьяўляюцца генэтычным аб’яднаньнем, уваходзячы ў склад цэнтральнае зоны індаарыйскіх моваў (разам з такімі мовамі, як, напрыклад, гіндустані)[7]. Прапаноўваюцца іншыя варыянты клясыфікацыі дардзкіх моваў адносна іншых індаіранскіх моваў[8].
Урэшце, індаіранскі характар дардзкіх моваў у сучаснай лінгвістыцы не аспрэчваецца. Агульнапрынята, што дардзкія мовы ўваходзяць у склад індаіранскае галіны індаэўрапейскае моўнае сям’і.
На думку фінскага індоляга А. Парпала дардзкія мовы паходзяць ад рыгвэдыйскай формы вэдыйскае мовы[9].
За выключэньнем кашмірскае мовы, усе дардзкія мовы зьяўляюцца малалікімі паводле колькасьці носьбітаў і зьяўляюцца нацыянальнымі мовамі дробных этнасаў, якія пражываюць пераважна ў цяжкадаступных горных рэгіёнах паўночнай Індыі, паўночнага Пакістану й паўночна-ўсходняга Аўганістану. Амаль усе дардзкія мовы ў той ці іншай ступені маладасьледаваныя.
Усе дардзкія мовы, у тым ліку адносна значная гістарычна кашмірская мова, зазналі ўплыў іншых геаграфічна блізкіх моваў, разам з тым аказаўшы ўласны ўплыў на суседнія мовы.
Дардзкі ўплыў назіраецца ў мове панджабі (захад Індыі, усход Пакістану)[6]. Пэўныя дасьледчыкі адшукваюць дардзкія сьляды надалей на ўсходзе Індастану, у прыватнасьці, у мове канкані (поўдзень Індыі), сындгі (поўдзень Пакістану) і мовах пагары, распаўсюджаных на захад ад Нэпалу[10][11][12]. Некаторыя лінгвісты выказваюць гіпотэзы, згодна зь якімі ў мінулым дардзкія мовы былі пашыраныя ад вусьця ракі Інд далей на поўнач і ўсход[13][14].
Грунтуючыся на культуралягічных зьвестках і моўных запазычваньнях лічыцца, што на дардзкія мовы аказала заўважны ўплыў неіндаэўрапейская ізаляваная мова бурушаскі, распаўсюджаная, між іншага, на поўначы Пакістану й будучы геаграфічна блізкай дардзкім. Тым ня менш, дардзкія запазычваньні прасочваюцца і ва ўласна бурушаскі.
Нягледзячы на ўрыўкавыя старажытныя сьведчаньні дардзкіх моваў, даўнюю літаратурную традыцыю (распачаткую значна пазьней) мае толькі кашмірская мова. У кашмірскай мове выкарыстоўваецца араба-пэрсыдзкая пісьмовасьць і, радзей, розныя варыянты індыйскага пісьма. Дардзкія мовы на поўначы Пакістану маюць толькі араба-пэрсыдзкую пісьмовасьць, набытую значна пазьней (кгавар, маян, шына, пашаі), астатнія мовы непісьменныя. На кашміры, кгавар, пашаі і шына вядзецца радыётрансьляцыя[5], кашмірская мова — адна з афіцыйных моваў індыйскага штату Джаму і Кашмір ды адна з фэдэральна прызнаных моваў краіны.
Дардзкія мовы вылучаюцца сярод іншых індаіранскіх дзякуючы шэрагу агульных характарыстыкаў і інавацыяў. З падобных рысаў адзначаюцца страта прыдыхальных і разбурэньне тыпова індаіранскага парадку словаў.
Практычна ва ўсіх дардзкіх мовах адбылася частковая або поўная страта прыдыхальных зычных фанэмаў, якія існуюць, напрыклад, у індаарыйскіх мовах, але амаль адсутнічаюць у іншых індаэўрапейскіх (кговар buúm, але санскр. bhumi «зямля»; пашаі duum, але гіндзі dhuan, санскр. dhum «дым»; кашм. dod, але гіндзі doodh, санскр. dugdha «малако»)[15]. У мовах кговар і пашаі на месцы страчанага /h/ разьвіўся тон (параўн. пашаі buúm, але санскр. bhumi). У некаторых з дардзкіх моваў прысутная трохчленная карэляцыя прыдыхальных тыпу t — tʰ — d, у тарвалі, маян, каштавары — t — tʰ — d — dʰ. Карэляцыя цэрэбральнасьці ахоплівае чыстыя змычныя, афрыкаты (амаль усе мовы) і шчылінныя š — ṣ̌, ž — ẓ̌ (у частцы цэнтральных і ўсходніх). У кашмірскай і шына прасочваюцца карэляцыі паляталізацыі й лябіялізацыі. У гавар, катаркалаі, дамэлі, башкарык і шына супрацьпастаўляецца тон (гл. далей)[5].
Працэсы, падобныя дардзкай страце прыдыханьня, уласьцівыя таксама панджабі й мовам пагары (пандж. kar, але гіндзі ghar «дом»)[3].
Сучасныя дардзкія мовы, а таксама нешматлікія сьляды дардзкіх моваў у старажытную эпоху, дэманструюць трывалую тэндэнцыю да мэтатэзы зычных, пры якой дакансанантнае або посткансанантнае r зьведвае перасоўваньне да папярэдняга складу[6][16]. Адносна старажытнага часу гэта пацьвярджаецца памылкамі ў санскрыце ў эдыктах Ашокі, якія ў палове ІІІ ст. да н.э. былі ўзьведзеныя ў тым ліку й у рэгіёне сучасных дардзкіх мовах (напрыклад, priyadrashi замест priyadarshi або dhrama замест dharma). Падобныя рысы адлюстроўваюцца пры параўнаньні дардзкіх лексэмаў з кагнатамі (словамі, якія маюць аднолькавы корань і паходжаньне) індаарыйскіх моваў: каласк. driga, але санскр. dirgha «доўгі»; пгалура drubalu, але санскр. durbala «слабы»; brhuj, але санскр. bhurja «бяроза»[16]. Але падобныя характарыстыкі падзяляюць мовы пагары, сындгі й заходнепанджабскія дыялекты[6].
У дардзкіх мовах таксама назіраецца зьява эпэнтэзы (устаўкі) і зьмены зычных у пэўных пазыцыях (напрыклад, адпаведнасьць індаарыйскіх k, j зычным ch, z адпаведна ў кашмірскай). Падобныя працэсы існуюць таксама ў панджабі і заходніх пагары мовах[6].
Для марфалёгіі дардзкіх моваў характэрнае зьмяненьне паводле 2-4 склонаў, якое дапаўняецца пасьлялогамі або, радзей, прыназоўнікамі. Выражэньне ліку зьвязанае са склонавымі маркерамі, але ёсьць таксама пазасклонавыя аглютынацыйныя фарманты множнага ліку. Род (як правіла, мужчынскі й жаночы) звычайна выражаны суаднесенасьцю назоўніку з прыметнікам, займеньнікам або дзеясловам адпаведнага роду. Існуюць артыклі, якія могуць выражаць катэгорыі пэўнасьці—няпэўнасьці, якая таксама можа выражацца адрозьненьнем у склонавым афармленьні імя аб’екту. Асоба й адушаўлёнасьць адлюстроўваюцца пры дапамозе адрозьненьняў у склонавай парадыгме імёнаў і суаднесенасьцю з рознымі займеньнікамі[5].
Лік вігезымальны (заснаваны на лічбе дваццаць), апрача кашмірскай, якой уласьцівая дзесятковая сыстэма зьлічэньня[5]. Першая часта можа прыпісвацца ўплыву бурушаскі.
Асабістыя займеньнікі перадусім паказваюць першую і другую асобу, для трэцяй ужываюцца ўказальныя займеньнікі. Існуюць энклітычныя займеньнікі, якія прымяняюцца постпазыцыйна пры дзеяслове для ўказаньня на дзейнік або дапаўненьне або як паказчыкі прыналежнасьці[5].
Дзеяслоў адрозьніваецца ў залежнасьці ад падгрупы (напрыклад, можа быць уласьцівай флектыўная будова)[5].
Парадак словаў у сказе можа будавацца паводле схемы V2, калі становішча фінітнага дзеяслову імкнецца да канца сказу, што адрозьнівае дардзкія ад астатніх індаіранскіх. Акрамя гэтага, аднак, існуе парадак словаў SOV (дзейнік-дапаўненьне-выказьнік), характэрны для індаарыйскіх моваў[17].
Лексычны фонд дардзкіх моваў у асноўным прадстаўлены спрадвечнай дардзкай лексыкай, аднак гістарычна пазычваюцца лексэмы з урду, пушту й фарсі ў залежнасьці ад рэгіёну, а таксама санскрыту ці ангельскай мовы. Лексыка арабскага паходжаньня засвойваецца перадусім дзякуючы пісьмовым крыніцам або мовам-пасярэднікам[5]. Наяўнасьць лексэмаў таго ці іншага паходжаньня абумоўленая гістарычнымі фактарамі (ангельскае панаваньне ў Брытанскай Індыі, арабская мова як мова літургіі ў ісламе, культурная перавага носьбітаў суседніх моваў).
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.