нацысцкае гета ў часе Другой сусьветнай вайны From Wikipedia, the free encyclopedia
Беласто́цкае ге́та — жыдоўскае гета ў Беластоку, створанае нацыстамі ў пэрыяд акупацыі Беларусі.
Беласток пачаткова быў акупаваны нямецкімі войскамі 15 верасьня 1939 року, але паводле ўмоваў пакту Молатава-Рыбэнтропа быў перададзены ў склад БССР. З акупаванае Нямеччынай тэрыторыі Польшчы сюды ўцяклі каля 8-10 тысячаў чалавек.
26 чэрвеня 1941 року пасьля нападу на СССР нямецкія войскі занялі Беласток, які 15 жніўня з акругай (па-нямецку: Bezirk Bialystok) быў улучаны непасрэдна ў склад Трэцяга Райху.
Ужо на другі дзень акупацыі нацысты зладзілі ў месьце пагром, які пазьней атрымаў назву «Чырвоная пятніца». Было забіта 2000 жыдоў, большая частка якіх згарэлі жыўцом у будынку Старой сынагогі, траціна жыдоўскіх хат былі зруйнаваныя[1][2].
3 ліпеня і 12 ліпеня 316-м і 322-ім батальёнамі дапаможнай паліцыі былі зладжаныя чарговыя лапанкі, у выніку больш за пяць тысячаў жыдоў былі забітыя на ўскрайку места[2]. На загад акупацыйных уладаў 26 ліпеня быў сфармаваны юдэнрат, кіраўніком якога стаў прадпрымальнік і сіянісцкі дзяяч з Ваўкавыску Эфраім Бараш[3][4]. Паводле іншых зьвестак, кіраўніком стаў рабін Гедалья Розэнман, а Бараш быў ягоным намесьнікам, які ажыцьцяўляў фактычнае кіраваньне[2]. Усе жыды былі абавязаныя насіць жоўтыя зоркі на сьпіне і грудзёх.
1 жніўня 1941 року пяцьдзясят тысячаў жыдоў Беластоку былі пераселеныя ў гета, разьмешчанае па абодва бакі ракі Бяла[5].
Эфраім Бараш лічыў, што аддаліць ліквідацыю гета можа толькі маштабная вытворчасьць неабходных немцам тавараў, таму неўзабаве ў Беластоцкім гета зьявілася болей за дваццаць заводаў, на якіх выпускалі ваенную і тэкстыльную прадукцыю[2][5]. Дзейнічалі таксама так званыя «супавыя» (бясплатныя) кухні, пункт першай дапамогі, дзіцячыя дамы, дом для састарэлых, школа. Частка жыдоў працавала ў Ваўкавыску і вёсцы Маркаўшчызна(pl)[6].
18-21 верасьня 1941 4-4,5 тысячы беластоцкіх жыдоў былі дэпартаваныя ў Пружану. Частка зь іх нелегальна вярнулася ў Беласток, астатнія былі зьнішчаныя падчас ліквідацыі тамтэйшага гета.
Нямецкае камандаваньне плянавала зладзіць першую дэпартацыю беластоцкіх жыдоў у лістападзе 1942 року, аднак ягоная высокая «прадукцыйнасьць» прымусіла нацыстаў адтэрмінаваць свае пляны[2].
Першая група насельнікаў гета — прыкладна 10 000 чалавек — была высланая ў лягер сьмерці Трэблінка 5-12 лютага 1943, хоць у самой акрузе ўсе гета былі ліквідаваныя да сакавіка 1943.
У жніўні 1943 нацысты прынялі рашэньне пра канчатковую ліквідацыю Беластоцкага гета. У гэты час яно мела каля 30 000 насельнікаў. Уночы з 15 на 16 жніўня яно было акружанае трыма кольцамі нямецкіх войскаў. Зранку 16 жніўня былі вывешаныя абвесткі пра неабходнасьць збору ўсіх ягоных насельнікаў нібыта для перасяленьня ў Люблін.
У адказ у гета выбухнула паўстаньне, у якім прынялі ўдзел некалькі соцень чалавек. Арганізаваны супраціў быў здушаны 20 жніўня, асобныя купкі паўстанцаў змагаліся цягам месяцу. 18 жніўня пачаліся дэпартацыі. Большасьць жыдоў былі дэпартаваныя ў Майданэк, Панятову, Блізын і Асьвенцым; толькі прыкладна сотня насельнікаў гета здолела ўцячы і далучыцца да партызанскіх атрадаў у рэгіёне. Астатнія (каля 2000 чалавек) былі дэпартаваныя ў Майданэк праз тры тыдні[7].
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.