Remove ads
From Wikipedia, the free encyclopedia
«Беларускі лемантар або Першая навука чытаньня» (у арыгінале «Biełaruski lementar abo pierszaja nawuka czytańnia», «Беларускі лемэнтар або першая навука чытаньня») — першы беларускі буквар, выдадзены ў 1906 годзе ў Санкт-Пецярбургу выдавецкай суполкай «Загляне сонца і ў наша аконца». Сярод магчымых аўтараў буквара згадваюцца такія дзеячы новага беларускага Адраджэньня як Казімер Кастравіцкі (Карусь Каганец)[1][2], Алаіза Пашкевіч (Цётка)[3], Вацлаў Іваноўскі[4]. Цікавая рыса лемантару ў мовазнаўчым аспэкце і ў тым, што тут упершыню выкарыстоўваецца беларуская лінгвістычная тэрміналёгія. Падручнік быў выдадзены як лацінкай, так і кірыліцай, узорам для беларускага зьяўляўся нелегальны на тэрыторыі Расейскай імпэрыі польскі лемантар Казімежа Промыка[5].
Выхад першага буквара сучаснай беларускай мовы ў зацікаўленых польскіх і расейскіх колах быў успрыняты як бяспрыкладны заклік беларускага народу да адраджэньня сваёй культуры, як спроба павярнуць кола гісторыі. Першыя водгукі ў друку адлюстроўвалі зьдзіўленьне і занепакоенасьць гэтых колаў ад нечаканага зьяўленьня на арэне, дзе дагэтуль дамінавалі і сутыкаліся польскія і расейскія культурныя ўплывы, беларускага нацыянальнага фактару.
У другой палове XIX стагодзьдзя зьявіўся шэраг твораў беларускай літаратуры. Але іх аўтары яшчэ ня здолелі выдаць падручнік для практычнага навучаньня. Мовазнаўчыя дасьледаваньні (Іван Насовіч, Яўхім Карскі) так не прывялі да ўкараненьня беларускай мовы ў пэдагагічнай дзейнасьці. Гэта тлумачыцца перш за ўсё абмежавальнай палітыкай царызму, афіцыйным трактаваньнем беларускай мовы як дыялекту расейскай.
Задума першых беларускіх школьных падручнікаў зьявілася на пачатку XX стагодзьдзя ў асяродзьдзі Беларускай рэвалюцыйнай партыі, створанай па ініцыятыве студэнта Пецярбурскага тэхналягічнага ўнівэрсытэту Вацлава Іваноўскага. Пра гэта сьведчыць выдадзеная восеньню 1902 адозва «Да інтэлігенцыі», у якой была сфармуляваная праграма беларускай народнай асьветы і выдавецкай дзейнасьці. Першым пунктам значылася стварэньне праграмаў па ўдасканаленьні беларускай мовы і выданьнем граматыкі, для распрацоўкі якой плянавалася зьвярнуцца да спэцыялістаў. Не вядома, ці зьвярталіся і да каго зьвярталіся з гэтай нагоды дзеячы БРП, бо фактычна ніхто зь вядомых мовазнаўцаў таго часу распрацоўкай граматыкі не займаўся.
Між тым патрэба стварыць падручнік была выкліканая неабходнасьцю распрацоўкі адзіных прынцыпаў беларускага правапісу, бо плянавалася распачаць пастаянную выдавецкую дзейнасьць, а лемантар мог бы быць створаны ўласнымі сіламі за адносна кароткі час.
Чакаючы зьяўленьня падручніка, Алаіза Пашкевіч пісала 28 чэрвеня 1906 году з Львову Браніславу Эпімах-Шыпілу ў Пецярбург: «Я хачу даведацца ад Вас, што чутно з букваром, ці ўжо гатоў, ці ў нас будзе фанэтыка наша беларуская. Гэта вельмі важна, бо буду цяпер выдаваць папулярныя рэчы для народу, дык ня ведаю, як чаго трымацца»[6][7].
Рукапіс лемантару быў, відавочна, апрацаваны ў 1904—05 гадох. Вацлаў Іваноўскі паведамляў Аляксандру Ельскаму ў лісьце ад 17 красавіка 1906 году: «Некалькі людцоў «тутэйшых», што ў Пецярбурху жывуць, залажылі выдаўніцкую суполку, цяпер адбіваецца ўжо элемэнтар, будзе дваякімі знакамі, гэта значыць, па просту кажучы, будуць два элемэнтары.»[7][8].
На працягу XIX стагодзьдзя сфармавалася практыка друкаваньня беларускіх кніг і іншых выданьняў альтэрнатыўна — лацінкай або кірыліцай. Гэта адлюстроўвала як спэцыфіку рэлігійнай сытуацыі ў Беларусі, так і матывацыі паасобных аўтараў. Рашэньне выдаць лемантар двума альфабэтамі ў адрозьненьне ад практыкі XIX стагодзьдзя, не надавала перавагі і не перадвызначала будучыні аднаго зь іх. Гэта падвойвала выдаткі на друк, але яны не былі так высокія ў параўнаньні са спадзяваным вынікам, г.зн. разьвіцьцём нацыянальнай сьвядомасьці і інтэграцыяй беларускага грамадзтва на падставе агульнанацыянальнай культуры. Рыгор Семашкевіч, напрыклад, паказвае, што на тагачасным этапе гэта было адзіна правільнае рашэньне[9].
3 двух заплянаваных варыянтаў лемантару першым у «Друкарні Пянткоўскага» ў Пецярбургу выйшаў варыянт на лацінцы (ліпень 1906 году), кірылічны зьявіўся на некалькі тыдняў пазьней.
Пытаньне ананімнасьці падручніка даўно прыцягвала ўвагу дасьледчыкаў. У 1920-х гадах Мікалай Касьпяровіч на падставе дасьледаваньня рукапісаў Казімера Кастравіцкага (псэўданім Карусь Каганец) і яго ліставаньня з старшынём выдавецкай суполкі «Загляне сонца і ў наша аконца» Вацлавам Іваноўскім выказаў думку, што аўтарам лемантару быў Казімер Кастравіцкі[1][2]. Гэтага погляду таксама прытрымліваліся больш позьнія дасьледчыкі[10] Аднак Лідыя Арабей сьцьвярджала, што аўтарам лемантару была Алаіза Пашкевіч[3].
Юры Туронак у 1980-я г. дасьледаваў паходжаньне «Беларускага лемантару» на падставе нявыкарыстаных раней польскіх крыніцаў. Дасьледчык прыводзіць факты аб тым, што працай над лацінкавым варыянтам лемантару заняўся восеньню 1904 году Вацлаў Іваноўскі, калі праходзіў пасьлядыплёмную практыку на цукровым заводзе ў Баравічках пад Плоцкам. У лісьце да Аляксандра Ельскага ад 24 лютага 1905 году Іваноўскі інфармаваў, што праца над лемантаром блізкая да завяршэньня («будзе гатоў да друку за месяц»). Таму можна дапусьціць, што лацінкавы варыянт лемантару Іваноўскі скончыў максымальна позна вясною 1905 году. Цытаваны ліст зьмяшчае інфармацыю, што прыкладам быў польскі лемантар Казімежа Промыка (псэўданім Конрад Прушынскі)[5][11]. Гэты падручнік у сувязі з забаронай навучаньня польскай мове ў школах Расейскай Імпэрыі прызначаўся для хатняга ўжытку і быў больш адпаведны беларускім умовам, чым расейскія буквары, што ўжываліся ў народных школах.[4]
Юры Туронак даводзіць, што лацінкавы варыянт лемантару быў асновай для стварэньня другога варыянту, надрукаванага кірыліцай, укладаньне якога Вацлаў Іваноўскі даручыў Казімеру Кастравіцкаму.[12]
Найменшыя цяжкасьці ўзьнікалі пры адаптацыі для патрэбаў беларускай мовы лацінкі, пры ўжываньні якой абапіраліся на нормы польскага правапісу. У выкарыстаньні ж кірыліцы ўжо на мяжы XIX—XX стагодзьдзяў выявіліся інавацыйныя тэндэнцыі, якія мелі на мэце прыстасаваць тагачасны расейскі альфабэт да патрабаваньняў беларускай фанэтыкі. Таму ў першыя гады XX стагодзьдзя паўстала шмат розначытаньняў, уніфікацыя якіх зрабілася істотнай праблемай.
Цікавая рыса лемантару ў мовазнаўчым аспэкце ў тым, што тут упершыню выкарыстоўваецца беларуская лінгвістычная тэрміналёгія. Гэта былі агульныя тэрміны, іх ахоп супадае з тэрмінамі, якія ўжываліся ў падручніку Казімежа Промыка, г. зн. апошні выкарыстоўваўся як аснова для апрацоўкі беларускіх азначэньняў. Трэба заўважыць, што некаторыя зь іх («знаки застановочные», «працяжка») больш дакладна адлюстроўвалі значэньне, чым тэрміны, прапанаваныя Промыкам. У графіцы прапаноўвалася выкарыстаньне лацінкавых знакаў «č», «š», «ž» замест традыцыйных «cz», «sz», «ż», што, напэўна, мела на мэце адрозьніць беларускую лацінку ад польскага альфабэту.[13]
Найважнейшая праблема, якую неабходна было вырашыць падчас працы над другім варыянтам, была ў тым, як пазьбегнуць існых разыходжаньняў ва ўжываньні беларускай кірыліцы. З рукапісаў Казімера Кастравіцкага вынікае, што ён ня меў наконт гэтага ўстойлівага меркаваньня[14]. Да прыкладу, ён карыстаўся рознымі знакамі зьмякчэньня — апострафам і мяккім знакам (мысл', болиць), нескладовае «и» выражаў аднолькава як літарай «й», так і «ǐ» (рай, маǐ), а «о» пасьля мяккага зычнага — ці пры дапамозе «ё», ці «іо», ці нават « ǐо» (ён, іон, ǐон). Затое ў рукапісах Кастравіцкага не сустракаецца літары «щ», якую ён пасьлядоўна замяняў складзеным зь дзьвюх літараў знакам «шч».
Невядома, якой са сваіх канцэпцыяў правапісу ён трымаўся ў прыгатаваным тэксьце лемантару. Відаць, апошняе слова ў гэтай справе належала выдавецтву, канкрэтней — Вацлаву Іваноўскаму, а зьяўленьне ў надрукаваным тэксьце спалучэньня «йо» замест «ё» ці «іо»), якога не было ў рукапісах Кастравіцкага, сьведчыла, што ня ўсе ягоныя ідэі былі прынятыя. Затое несумненным вынаходніцтвам Кастравіцкага было спалучэньне «шч», якое было прынятае выдавецтвам і назаўсёды ўвайшло ў беларускі альфабэт.[15]
Не знайшла падтрымкі выдавецтва канцэпцыя Кастравіцкага выкарыстоўваць паўднёва-заходні дыялект як аснову для стварэньня беларускай агульнанароднай мовы[16]. Іваноўскі аддаваў перавагу цэнтральным беларускім гаворкам, таму прыгатаваны Казімерам Кастравіцкім тэкст быў папраўлены. Але ня ўсе паўднёва-заходнія дыялектызмы былі выдаленыя, захаваліся напрыклад сьляды «оканьня» (познаваць, покажы, богатый). Не ўжываў ён і некаторых лексэмаў, якія сустракаліся ў лацінкавым варыянце, папракаў Вацлава Іваноўскага за ўжываньне палянізмаў і ўвёў у свой тэкст многія словы, якія адрозьніваліся з пункту гледжаньня фанэтыкі, марфалёгіі, а часам і сэнсу («раней» замест «dauniej», «абодва» замест «aboja»). Гэтыя разыходжаньні пацьвярджаюць, што два варыянты падручніка былі працай розных аўтараў.[15]
Падручнік быў выдадзены як лацінкай, так і кірыліцай, з чаго вынікала, што прызначаўся лемантар як для каталікоў, гэтак і для праваслаўных. Выдаўцы імкнуліся нэўтралізаваць наступствы рэлігійнай разьяднанасьці грамадзтва шляхам абуджэньня агульнанацыянальнай сьвядомасьці:
Ведаем мы ўсе, што меж нами палешуками, беларусами, ци як мы сябе яшчэ называем — тутэйшыми йосьць каталики и праваслаўные, каталики больш да лацинских литэр — што йих несправядлива "польскими" называюць, прывыкли; праваслаўные — да славянских — ци як кажуць да "руских" прывыкли. Гэтые руские — гэтаж нашы спрадвечные беларуские, а лацинскими цяпер увесь сьвет пишэ. Ци раз у нас сварка бывае: зыдуцца каталик з праваслаўным и сваруцца "ах ты, кажэ, паляк, — а ты маскаль". И абодва ня ведама што кажуць: ани той паляк, ани гэты маскаль, абодва яны хоць рознае веры, а народу аднаго, бо абодва вырасли на зямельцы тутэйшай палескай — беларускай и першае слова ў мови нашай бацькаўскай ад бацькоў пачули, а сваруцца тольки сабе на крыўду и на сорам, людзям на сьмех. Вось і знарок выдаем лемэнтар дваякими знаками, выбирай, што спанараўна, каб усяки пазнаў, што ци такие, ци сякие знаки, а зыки, склады и словы тыеж, мова — таяж и людзи што мовай адной гаворуць — браты родные.[7][17] |
||
Прыкладам для стварэньня падручніка быў польскі лемантар Казімежа Промыка. Адсюль была перанятая мэтодыка навучаньня, указаньні для таго, хто навучае, як пазнаваць літары і склады, уступныя практыкаваньні, альфабэт, тлумачэньне галосных і зычных, напісаньне імёнаў уласных і лічбаў, назвы знакаў прыпынку. Была адаптаваная нават частка ілюстрацыйнага матэрыялу. Некаторыя элемэнты гэтага падручніка былі перакладзеныя на беларускую мову: даслоўна ці зь неістотнымі мадыфікацыямі, як напр.:
|
||
Praczytajcie! Kali budziecie wuczyć kaho czytać na hetym lemantaru, wuczycie tak, jak tut radżu i jak u lemantaru napisana. Dauniej wuczyli czytać hod abo i dwa, a ciapier i u dwa miesiacy nawuczysz. Nie pakazuj zaraz usich znakau, a tak, jak tut napisana: literu za literaj i adrazu wuczy czytać ceły skład i słowa, skład pa składzi... Pakul paczniesz wuczyć czytać u nowym miejscy, praczytaj radu, szto drobnymi literami napisana.[7][19] |
||
Больш арыгінальным у беларускім лемантары быў дыдактычны матэрыял. Як заўважыў Рыгор Семашкевіч, усе ілюстрацыі, словы ці тлумачэньні гукаў абапіраліся на прыклады з жыцьця беларускай вёскі, што мусіла спрыяць лепшаму засваеньню вучнямі зьместу[20]. Гэтым мэтам служылі і тры кароткія апавяданьні, якіх не было ў падручніку Промыка, напрыклад «Дзед і баба» — пераробка папулярнага верша Юзэфа Крашэўскага.
Навіну пра выхад падручніка першай зьмясьціла віленская газэта «Наша доля» напачатку верасьня 1906 году. «Беларускі лемантар» спаткаў зацікаўленасьць спажыўцоў, аб чым сьведчыць тое, што ён хутка зьнік з публічных абвестак выдавецкай суполкі «Загляне сонца і ў наша аконца».[21]
Выхад першага буквара сучаснай беларускай мовы ў зацікаўленых польскіх і расейскіх колах быў успрыняты як бяспрыкладны заклік беларускага народу да адраджэньня сваёй культуры, як спроба павярнуць кола гісторыі. Першыя водгукі ў друку адлюстроўвалі зьдзіўленьне і занепакоенасьць гэтых колаў ад нечаканага зьяўленьня на арэне, дзе дагэтуль дамінавалі і сутыкаліся польскія і расейскія культурныя ўплывы, беларускага нацыянальнага фактару.
Па гарачых сьлядах віленскі «Kurjer Litewski» зьмясьціў на першай палосе камэнтар, падпісаны крыптонімам[22], пад якім выступіў, відаць, рэдактар газэты Чэслаў Янкоўскі. Зьяўленьне лемантару «Kurjer Litewski» ацаніў станоўча. «Чаму ж беларусам нельга хаця б на пачатку XX стагодзьдзя засьпяваць сваю „Багародзіцу“ або дачакацца сваіх Чалякоўскіх, Колараў і Шафарыкаў, сваіх Даўконтаў і Валанчэўскіх? Лепей позна, як ніколі. Уласны, родны, нацыянальны лемантар! Гэта, калі казаць коратка, праменьчык уласнае культуры. Дык значыць, існуе і беларуская культура? Натуральна, тым больш, калі пад культурай мы будзем разумець непаўторнасьць нацыянальнай сутнасьці… Навучыцца чытаць і пісаць па-беларуску — гэта ж першы, найсьвяцейшы нацыянальны абавязак кожнага беларуса», — рабіў выснову аўтар. Тым ня менш журналіста не пакідала боязь за тое, куды будзе скіраванае далейшае разьвіцьцё беларускага руху[8].
Выданьне беларускага лемантару прыпала на час, калі попыт грамадзтва на беларускія кніжкі абудзіўся рэвалюцыйнымі падзеямі. Але надзеі на дазвол царскіх уладаў адкрыць афіцыйныя беларускія школы ня спраўдзіліся, таму ў асобных мясцовасьцях было арганізаванае падпольнае навучаньне. Пры гэтым аўтары мелі рашучы намер выдаць лемантар нават у нелегальных умовах і абудзіць цікавасьць грамадзтва да сваёй ініцыятывы. Сярод сказаў, якія служылі матэрыялам для навучаньня чытаць, знайшоўся адзін, які выражаў стаўленьне яго стваральнікаў да рэалізаванай задачы: «Яны бяруцца за гэта дзела і думаюць, што ім удасца яно». Гэтым «дзелам» было стварэньне агульнанацыянальнай беларускай мовы і яе папулярызацыя.[23]
Выхад лемантару на дзесяцігодзьдзе апярэдзіў узьнікненьне першых беларускіх публічных школаў, таму яго выкарыстаньне абмяжоўвалася хатнім ужыткам, а таксама падпольнымі беларускімі школкамі. Гэты падручнік упершыню ў гісторыі быў спробай акрэсьліць асноўныя прынцыпы правапісу сучаснай беларускай мовы, прапаноўваў некаторыя лінгвістычныя тэрміны, а таксама спэцыфічную графіку. Таму «Беларускі лемантар» служыў для пісьменьнікаў і выдаўцоў хоць і не абавязковым, але адзіным да Першай сусьветнай вайны свайго роду практычным дапаможнікам. Пры такім стане рэчаў значэньне падручніка можна разглядаць ня толькі ў грамадзкай і пэдагагічнай плоскасьці, але таксама і ў кантэксьце разьвіцьця беларускага мовазнаўства[24].
Створаныя ў канцы 1904 — на пачатку 1905 гадоў першыя беларускія мовазнаўчыя тэрміны пасьля былі дапрацаваныя. Некаторыя зь іх былі моцна зьмененыя (напрыклад, «коска» замест «закавыка»), але большасьць зрабіліся трывалым набыткам беларускага мовазнаўства і былі прынятыя ў такім жа гучаньні («склад», «галосны», «клічнік» і іншыя) ці толькі з фанэтычнымі і марфалягічнымі зьменамі, як напрыклад «пытаньнік» — «пытальнік», «працяжка» — «працяжнік». Сфармуляваныя ў падручніку прынцыпы Яўхім Карскі назваў пачаткам спэцыфічнага беларускага правапісу. Цягам часу яны былі разьвітыя і ўдасканаленыя.
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.