From Wikipedia, the free encyclopedia
Белару́скі Вызво́льны Фронт (БВФ) — беларуская эмігранцкая палітычна-вайсковая арганізацыя. Заснаваны 27 кастрычніка 1954 году ўказам прэзыдэнта Беларускай Цэнтральнай Рады Р.Астроўскага.
Галоўнай мэтай БВФ было вызваленьне Беларусі ад маскоўска-бальшавіцкай акупацыі. БВФ прызнаваў Акт 25 сакавіка 1918 і пастановы 1-га й 2-га Ўсебеларускіх кангрэсаў ды стаяў на пляцоўцы Беларускай Цэнтральнай Рады.
Галоўны Штаб БВФ, які знаходзіўся ў Штутгарце (Заходняя Нямеччына), узначаліў падпалкоўнік Зьміцер Касмовіч («Каршун»). Былі арганізаваныя краёвыя аддзелы Фронту ў Заходняй Нямеччыне, Ангельшчыне, Аўстраліі, ЗША і Канадзе. З 1955 выходзіў часопіс «Барацьба», орган БВФ, наклад якога ў 1950-я складаў тысячу паасобнікаў.
Асноўную частку актывістаў БВФ склалі былыя сябры Беларускага Вызвольнага Руху — прыхільнікі БЦР, а таксама сябры Беларускай Незалежніцкай Партыі. БВФ ня толькі разгарнуў шырокую інфармацыйна-прапагандысцкую дзейнасьць у краінах Заходняй Эўропы, але й спрабаваў падтрымліваць кантакты з рэшткамі антысавецкага падпольля ў Беларусі.
БВФ супрацоўнічаў з шэрагам антыкамуністычных арганізацыяў — з Антыбальшавіцкім Блёкам Народаў (АБН), Антыкамуністычнай Лігай Народаў Азіі (АПАКЛ, з 1955), Міжамэрыканскай Канфэдэрацыяй Абароны Кантынэнту, Міжнароднай фэдэрацыяй для перамогі над камунізмам ды інш. Ад імя БВФ і БЦР Касмовіч у 1964 выступаў у Эўрапарлямэнце, а ў 1968 — у Брытанскім парлямэнце. У 1967 БВФ быў адным з арганізатараў Эўрапейскае Рады Свабоды, у якую ўвайшлі вядомыя палітыкі й грамадзкія дзеячы. У 1967 была арганізавана Сусьветная Антыкамуністычная Ліга, галоўны штаб якой знаходзіўся ў Сэуле (Паўднёвая Карэя), і зь якой актыўна супрацоўнічаў Беларускі Вызвольны Фронт.
Пачынаючы з канца 1950-х асноўная дзейнасьць аддзелаў БВФ заключалася ў правядзеньні антыкамуністычных мітынгаў і дэманстрацыяў, ува ўдзеле ў міжнародных канфэрэнцыях, на якіх ставілася на абмеркаваньне беларускае пытаньне. У 1960-1970-я актыўна дзейнічалі краёвыя аддзелы БВФ у Ангельшчыне (кіраўнік штабу — Кастусь Глінскі), Аўстраліі (Сыднэй і Мэльбурн, актывісты — Уладзімер Сідлярэвіч, Паўла Гуз, Міхась Зуй, Алесь Алехнік, Уладзімер і Алег Шнэкі), Канадзе (Вэніпэг), ЗША (актывісты — Іван Касяк, Алёна Касоўская, Анатоль Плескачэўскі, Вольга Лапіцкая).
Са сьмерцю ў 1991 Касмовіча БВФ фактычна спыніў сваё існаваньне. Толькі ў Аўстраліі яшчэ некалькі гадоў працягваў дзейнічаць мясцовы аддзел БВФ, які высылаў свае адозвы і мэмарандумы ў газэты й часапісы Беларусі.
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.