былая вёска ў Брагінскім раёне Гомельскай вобласьці Беларусі From Wikipedia, the free encyclopedia
Багушы́[1] — былая вёска ў складзе Буркоўскага сельсавету Брагінскага раёну Гомельскай вобласьці.
Багушы лац. Bahušy | |
Дата заснаваньня: | перад 1581 годам |
Краіна: | Беларусь |
Вобласьць: | Гомельская |
Раён: | Брагінскі |
Сельсавет: | Буркоўскі |
Часавы пас: | UTC+3 |
Тэлефонны код: | +375 2344 |
СААТА: | 3203846011 |
Нумарны знак: | 3 |
Геаграфічныя каардынаты: | 51°44′38″ пн. ш. 30°5′50″ у. д. |
± Багушы |
Першая згадка пра вёску Багушовічы з чатырма дымамі асадных сялян (плата — 15 грошаў з кожнага) сустракаецца ў падатковым рэестры Кіеўскай зямлі за 1581 год[a]. Належала яна пану падкамораму кіеўскаму Шчаснаму Харлінскаму[4]. 6 красавіка 1590 г. Ш. Харлінскі падаў судовы пратэст супраць князя Вішнявецкага за рабаўнічы наезд некалькіх сотняў брагінскіх людзей на чале зь яго ўраднікам Кірыянам Вайніловічам на паселішчы Храпкаў, Навасёлкі, Багушы і Руднае. Усе яны належалі да Астраглядавіцкага ключа пана Харлінскага[5].
У 1628 годзе з трох дымоў вёскі Багушы пана ваяводзіча смаленскага Мікалая Абрагамовіча (Абрамовіча) выплачвалася па тры злотыя[6]. Пасьля Багушы былі згаданыя ў апэляцыі, пададзенай 6 чэрвеня 1635 году ксяндзом Заклічынскім, плябанам астраглядавіцкім, праз Кіеўскі гродзкі суд да кароннага Люблінскага трыбуналу. У ёй сказана пра насланьне панам Мікалаем Абрамовічам сваіх людзей на касьцёльныя добра Багушы, учыненьне розных гвалтаў і рабункаў. 5 чэрвеня 1682 году ксёндз Дамінік Бэркіновіч, прэзыдэнт касьцёла Астраглядавіцкага, закону сьв. Дамініка, засьведчыў, што касьцёл прыняў за абавязак адпраўляць па тры сьвятыя імшы на тыдзень, за што князь Канстанцін Шуйскі на яго ўтрыманьне ізноў саступіў вёску Багушы[7].
Рэвізія, вынікі якой падсумаваныя былі 2 красавіка 1716 году, паказала, што ў вёсцы Багушы павіннасьцям падлягалі восем гаспадарак. Пра двух гаспадароў, Грышку Карася і Саву Дземчанку, сказана, што кожны зь іх poszedł przecz. Апошні, што праўда, яшчэ заплаціў[8]. 30 траўня 1729 году ксёндз Францішак Сымон Яніцкі падаў пратэст у сувязі з наездам на Багушы берасьцейскага харунжага Мікалая Шуйскага[9] Згаданая wieś Bohushe, уласнасьць Астраглядаўскай плябаніі, і ў 1734 г.[10]. У 1742 г. ксёндз Трэмбіцкі за 600 злотых запісаў права на трохгадовую арэнду Багушоў сужэнцам Юзафу і Канстанцыі з дому Спінкаў Кострам[11]. Паводле зьвестак 1748 году ксяндза Караля Непамуцэна Арлоўскага, Багушы былі ў ліку паселішчаў, частка жыхароў якіх належала да Астраглядавіцкай парафіі Оўруцкага дэканату Кіеўскай дыяцэзіі[12]. У 1754 годзе з 19 двароў вёскі Багушы Хойніцкага маёнтку выплачвалася «do grodu» (Оўруцкага замку) 2 злотыя, 27 з пал. грошаў, «na milicję» (на вайсковыя патрэбы павету і ваяводзтва) 11 зл., 20 гр.[13] Габрэйскія перапісы 1765, 1778 і 1784 г. засьведчылі пражываньне ў Багушах адпаведна 5, 2 і 2 чалавек (głow), якія належалі да Хойніцкага кагалу[14]. Зьмяншэньне колькасьці габрэяў у вёсцы магло быць выклікана гайдамацкай Калііўшчынай 1768 года.
На 27 чэрвеня 1793 году ёсьць сьведчанне капітана Марчанкі, паводле якога ксёндз Францішак Глінскі[c] няслушна "абвінаваціў" падданых вёскі Багушы ў тым, што яны не жадаюць ісьці пад апеку Расейскае дзяржавы[16]. Пасьля другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Багушы — у межах Рэчыцкай акругі Чарнігаўскага намесьніцтва (губэрні), з 1796 году ў складзе тэрытарыяльна ўпарадкаванага Рэчыцкага павету Маларасейскай, а з 29 жніўня 1797 году Менскай губэрні Расейскай імпэрыі[17]. У 1796 г. вёска была ў арэндзе ад паноў Прозараў у ксяндза Юзафа Корсака, каноніка інфлянцкага, дзейнічала ўніяцкая капліца[18].
У рэвізскіх сказках 1834 году запісана, што вёска Багушы належала Астраглядаўскай плябаніі. Прозьвішчы вяскоўцаў, сялян і дваровых, – найчасьцей Карасі, а таксама Нікіценкі, Давыдзенкі[19]. У 1850 годзе паселішча было ўласнасьцю скарбу і налічвалася ў ім 35 двароў, 276 жыхароў[3]. У «Списках населённых мест Минской губернии по уездам, приходам, еврейским обществам со сведениями об их расположении и народонаселении [Дело]: 1857 г.» засьведчана, што 282 жыхары вёскі Багушы зьяўляліся прыхаджанамі Астраглядавіцкай Сьвята-Троіцкай царквы, 5 мужчын і 6 жанчын былі парафіянамі Астраглядавіцкага касьцёлу Унебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі[20].
У парэформавы пэрыяд вёска — у новастворанай Мікуліцкай воласьці. Згодна са зьвесткамі на 1876 і 1879 гады, Багушы заставаліся ў прыходзе Троіцкай царквы[21]. Згодна зь перапісам 1897 году 106 двароў, 755 жыхароў, існавалі капліца, школа граматы, хлебазапасны магазын[3]. На 1909 год у Багушах налічвалася 128 двароў, 684 жыхары[22].
З 8 сьнежня 1926 года па 30 сьнежня 1927 года цэнтр Багушоўскага сельсавета Брагінскага раёна Рэчыцкае акругі. У 1930 г. 130 двароў, 767 жыхароў. У 1931 годзе арганізаваны калгас імя Будзёнага, працавалі гамарня і вятрак. Паводле перапісу 1959 года ў вёсцы налічвалася 599 жыхароў. Уваходзіла ў склад саўгаса «Астрагляды» (цэнтр – вёска Астрагляды). Паблізу ёсць радовішчы жалязнякоў[3].
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.