Хрысьціна (каралева Швэцыі)
швэдзкая каралева (1632—1654) From Wikipedia, the free encyclopedia
швэдзкая каралева (1632—1654) From Wikipedia, the free encyclopedia
Хрысьцíна, каралева Швэцыі (па-швэдзку: Kristina; 18 сьнежня 1626, Стакгольм, Швэдзкая імпэрыя — 19 красавіка 1689, Рым, Папская дзяржава) — швэдзкая каралева ў 1632—1654, дачка караля Густава II Адольфа з дынастыі Ваза. Ейны сапраўдны тытул - "кароль Швэцыі", а не "каралева", у адпаведнасьці з жаданьнем ейнага бацькі, што дазволіла ёй узысьці на сталец[1].
Адзінае дзіця Густава II Адольфа і Марыі-Элеаноры Брандэнбурскай (дачкі курфюрста Брандэнбурга Ёгана ІІІ Зыгмунда), яна выхоўвалася як хлопчык. Ейны бацька быў забіты ў бітве пры Лютцэне ў 1632 годзе, калі ёй было ўсяго шэсьць гадоў. Нэўратычная маці грэбавала ёй да такой ступені, што ў дзяцінстве яна перанесла некалькі падзеньняў, у выніку чаго ў яе было дэфармаванае плячо[2].
Густаў ІІ Адольф і ягоная жонка страцілі двух маленькіх дзяцей. Перад паходам кароль вызначыў новы парадак пераемнасьці стальцу. У 1627 годзе ён дабіўся ад дваранаў адмены выключнай пераемнасьці па мужчынскай лініі[3].
Адукацыяй каралевы займалася цётка, пфальц-графіня Кацярына і канцлер Аксэль Оксэншэрна. Хрысьціна была надзіва здольная, вывучыла сем моваў. Яна так добра ведала латынь, што магла вымавіць на ёй цэлую прамову. Была эрудыткай: шмат чытала, рана захапілася калекцыянаваньнем манэтаў. Яна пастаянна павышала адукацыю, аналізавала справы ў краіне. У 18 гадоў яе прызналі паўналетняй[4].
У 15 гадоў Хрысьціна зацікавілася жыцьцяпісам каралевы Ангельшчыны і Ірляндыі Лізаветы I, якая адмовілася выходзіць замуж. Шлюбы ў каралеўскіх сем'ях - гэта справа палітыкі, а не каханьня. Таму незалежная Хрысьціна адмовіла ўсім прэтэндэнтам. На пытаньне рыксдагу яна адказала, што сталец атрымае ў спадчыну ейны стрыечны брат Карл-Густаў Пфальц, што прадухіліць перадачу кароны іншай дынастыі[5].
Гады незалежнага кіраваньня каралевы Хрысьціны I — 1644-1654[6].
Стаўшы паўнапраўнай каралевай у 1644 годзе, Хрысьціна хутка выступіла супраць канцлера А. Оксэншэрны, які назаўсёды адышоў ад справаў пасьля Вэстфальскага міру. Спрыяючы міру, яна паклала канец узброеным канфліктам з Даніяй у 1645 годзе. Згодна Бромсэбрускаму міру Данія перадала Швэцыі выспы Эсэль і Готлянд. Вэстфальскі мір, падпісаны ў 1648 годзе, даў Швэцыі выспы Руген, Вісмар, Вердэн і Брэмэн, а таксама частку Памяраніі і вусьце Одры. Гэтыя набыткі зрабілі Швэцыю вядучай паўночнай дзяржавай[7].
Нягледзячы на пэўны эканамічны рост у выніку заканчэньня Трыццацігадовай вайны, паводзіны каралевы Хрысьціны, ейныя густы да замежнай моды, празьмерныя выдаткі на каранацыю, ейныя сьмеласьць і адкрытасьць у адносінах да сваіх фаварытаў і фаварытак, цяга да раскошы і ўзбагачэньня падарвалі каралеўскія фінансы. Прыгэтым каралева адмаўлялася выйсьці замуж, апраналася як мужчына і паліла люльку; тагачасныя памфлеты праўдзіва прыпісвалі ёй шматлікія повязі-прыгоды, як з жанчынамі, так і мужчынамі[8] . У час свайго праўленьня і пасьля адрачэньня Хрысьціна мела амурныя адносіны з мужчынамі і жанчынамі. Ейныя першыя вядомыя каханкі — граф Магнус Габрыэль Дэлагардзі (1622 — 1686), фройліна і сьвецкая львіца Эба Спарэ (1629 — 1662); ейнае найвялікшае каханьне — кардынал Дэчыа Ацаліна[9].
Чалавек вялікай культуры, яна ліставалася з многімі навукоўцамі і літаратарамі, такімі як Дэкарт, Паскаль, Гасэндзі, Ляйбніц і Сьпіноза. У рэлінійным пляне яна мела талерантнае, недагматычнае стаўленьне, супрацьлеглае пабожнаму. Яна таксама лічыцца пачынальніцай фэмінізму разам з сваімі сучасьніцамі Мадлен дэ Скюдэры і мадам дэ Мэнтэнон[10].
Зьнешні выгляд Хрысьціны I не ўхваляўся ейнымі сучасьнікамі. Яна была невялікага росту і непрывабнага целаскладу, але ейныя блакітныя вочы надавалі ёй выгляд, які некаторыя гісторыкі апісвалі як «мэталічны бляск, які спакушаў»[11].
11 лютага 1654 году каралева адраклася ад стальцу[12]. Рашэньне ўступіла ў сілу 6 чэрвеня 1654 году. Прычыны гэтага складаныя: стомленасьць і агіда да ўлады, фінансавыя цяжкасьці, блізкія да банкруцтва, духоўныя пошукі каралевы, якая пазьней пяройдзе ў каталіцтва. Хрысьціна дамовілася аб адрачэньні ў замен на ахвяраваньні: ёй прадастаўляліся каралеўскія даходы з гарадоў Нарчэпінг і Вольгаст, выспаў Готлянд, Элянд і Эзэль, а таксама за ёй заставаліся некаторымі землі і маёнткі ў Памяраніі[13].
Да сьмерці жыла ў Рыме ў палацы Фарнэзэ і сустракалася з кардыналам Дэчыа Ацаліна, зь якім яна падтрымлівала сэнтыментальныя адносіны да канца свайго жыцьця[14].
Хрысьціна памерла ў Рыме ва ўзросьце 63 гадоў ад рожы, ускладненай пнэўманіяй. Барочны Рым пахаваў незвычайную жанчыну ў саборы сьв. Пятра ўрачыста і з доўгімі цырымоніямі[15]. Гэта адзінае жаночае пахаваньне ў саборы[16]. Цяпер гэта кенатаф, бо пазьней прах Хрысьціны быў вывезены ў Швэдскую імпэрыю[17].
Яна пакінула багатае ліставаньне і некалькі твораў, у тым ліку свае мэмуары «Маё жыцьцё, прысьвечанае богу», якія так і не скончыла[18].
Яна таксама пакінула максымы і думкі ў духу Лярошфуко. Большая частка ейных тэкстаў была сабраная ў «Mémoires de Johann Archenholz, Amsterdam, 1751-1759, 4 volumes in-4»[19].
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.