паджанр гэві-мэталу From Wikipedia, the free encyclopedia
Фолк-мэ́тал (па-ангельску: folk metal) — адзін з кірункаў мэталу, які ўвабраў у сябе элемэнты народнае музыкі. Ён уключае шырокае выкарыстаньне народных інструмэнтаў і, у меншай ступені, традыцыйныя стылі сьпеву (як, напрыклад, у нідэрляндцаў Heidevolk, датчанаў Sylvatica й гішпанцаў Stone of Erech). Раньнім прыкладам фолк-мэталу зьяўляецца міньён 1984 году «Dangerous Games» ангельскага гурту Golgotha, які зьмяшчае сумесь NWOBHM і фолку. Аднак жанр не атрымаў далейшага разьвіцьця да зьяўленьня яшчэ аднаго ангельскага гурта ў 1990 годзе — Skyclad.
Фолк-мэтал | |
Стылістычнае паходжаньне | мэтал, этнічная музыка |
---|---|
Паходжаньне | Пачатак 1990-х, Вялікабрытанія |
Тыповыя інструмэнты | сумесь традыцыйных для мэталу й народных інструмэнтаў |
Папулярнасьць | Пачатак 2000-х |
Паджанры | |
арыентал-мэтал келтык-мэтал сярэднявечны мэтал | |
Роднасныя жанры | |
пэган-мэтал вікінг-мэтал | |
Folk metal ў Вікісховішчы |
Гурт Skyclad был сфармаваны ў 1990 годзе, іхні дэбютны альбом «The Wayward Sons of Mother Earth» (1991) прадстаўляе сабой трэш-мэтал з дадаваньнем скрыпкі сэсійннага музыкі Майка Эвана на некалькіх трэках. Альбом быў цёпла сустрэты музычнай прэсай, у асаблівасьці песьня «The Widdershins Jig». Такім чынам, Skyclad стал заснавальнікам фолк-мэталу,[1][2] што прызнаў таксама Кіт Фэй з гурта Cruachan.[3]
Дэбютны рэліз партугальскага гурта Moonspell, міньён 1994 году «Under the Moonspell», зьмяшчае элемэнты ўсходняга фолку.[4] Аднак ужо ў наступным годзе, з выпускам альбому «Wolfheart», гурт адыходзіць у бок готык-мэталу.[5]
Фінскі гурт Amorphis быў сфармаваны ў 1990 годзе. Іхны другі альбом «Tales from the Thousand Lakes» (1994) быў адзначаны мноствам прыгожых мэлёдыяў, заснаваных на фінскай народнай музыцы.[6] Дзякуючы гэтай сваёй працы гурт атрымаў шырокую вядомасьць і прызнаньне.[7]
Прагрэсіў-мэтал-гурт Orphaned Land, сфармаваны ў 1991 годзе ў Ізраілі, выпусьціў свой першы дэмазапіс у 1993 годзе й хутка прыцягнуў да сябе ўвагу лэйблаў сваім нязвычным гучаньнем. Дэбютны альбом «Sahara» выйшаў у 1994. Іхняя музыка зьмяшчае элемэнты арабскае (індыйскае) музыкі. Лічыцца, што Orphaned Land зьяўляюцца заснавальнікамі стылю, названага «арыентал-мэтал». У 1993 годзе ў Ізраілі таксама утварылся й іншы вядомы арыентал-мэтал-гурт — Melechesh, адзін зь першых антыхрысьціянскіх гуртоў у горадзе Ерусалім. Пачаўшы з блэк-мэталу яны перайшлі да арыентал-мэталу, першае зьяўленьне якога можна пачуць на міньёне «The Siege of Lachish» 1996-га году. У 1992 годзе ў Сынгапуры быў утвораны гурт Rudra — гурт, які складаецца з індусаў і грае ў стылі блэк-мэтал з элемэнтамі традыцыйнае індыйскае карнатычнае музыкі. Апроч таго, у зьмесьце лірыкі песьняў прысутнічаюць санскрыт і Вэды, старажытныя мантры й да т.п. Гурт апісвае свой стыль як «вэдычны мэтал».
Усходненямецкі гурт Subway to Sally быў сфармаваны ў 1992 годзе як ангельскамоўны фолк-рок-гурт, які ўключае элемэнты ірляндзкае й шатляндзкае музыкі. Пачынаючы з другога альбому «MCMXCV», выпушчанага ў 1995 годзе, гурт пачынае выконваць песьні на нямецкай мове. Пад уплывам гурта Skyclad яны выконваюць сумесь цяжкага року й мэталу, узбагачанага сярэднявечными мэлёдыямі, пранікнутыми ў кампазыцыі праз гучаньне дуды, катрынкі, лютні, мандаліны, скрыпкі й флейты, у спалучэньні зь нямецкамоўнай рамантычнай паэзіяй у лірыцы. З набыцьцём посьпеху ў роднай Нямеччыне яны становяцца вынаходнікамі сярэднявечнага мэталу. Шляхам Subway to Sally пайшло й шмат іншых гуртоў. Сфармаваны ў 1996 у Бэрліне гурт In Extremo дамогся немалога посьпеху дзякуючы свайму яскраваму іміджу. Посьпех на нямецкай сцэне меў таксама гурт Schandmaul, які называў сябе «сучаснымі мэнэстрэлямі».
Дэбютны альбом «Tuatha Na Gael» ірляндзкага гурта Cruachan быў выданы ў 1995 годзе, падобнае спалучэньне кельцкае музыкі й мэталу на сёньняшні дзень называюць «келтык-мэталам». Гурт Primordial, які адносіў сябе да другой хвалі блэк-мэталу, выпусьціў свой першы дэмазапіс у 1993 годзе, адначасова з Cruachan. У іхняй музыцы таксама прысутнічаюць элемэнты ірляндзкага фолку, аднак яны схаваныя пад больш змрочным гучаньнем.
Пэруанскі гурт Kranium был заснаваны ў 1984 годзе. У сваім дэбютным альбоме «Sociedad o Suciedad» (1991) ён спалучаў дэт, дум і андзкі фолк. Іншым раньнім прадстаўнікам латынаамэрыканскага мэталу зьяўляецца гурт Kraken з дэбютным альбомам «Kraken IV… Piel de Cobre» (1993).
Гурты даннага кірунку натхняюцца ў асноўным культурай інкаў (Yawarhiem, Ch'aska, Kranium з Пэру, Tierramystica, Toccata Magna з Бразыліі, Aztra з Эквадору, Llaxsay з Чылі, Guahaihoque з Калюмбіі, Arraigo з Аргентыны), альбо культурай ацтэкаў (Yaotl Mictlan, Muluc Pax, Kukulcan з Мэксыкі).
Нарвэскі гурт Storm быў кароткачасовым зьявішчам, у ягоны склад уваходзілі Fenriz з Darkthrone, Сыгурд Вангравэн з Satyricon і Кары Русьлётэн з The 3rd and the Mortal. Іхні адзіны альбом «Nordavind» быў выданы ў 1995 годзе, а гучаньне народных інструмэнтаў у ім імітавалася сынтэзатарам. Гурт Empyrium зь Нямеччыны таксама выкарыстоўваў сынтэзатар стварэньня змрочнае атмасфэры свайго дэбютнага альбома «A Wintersunset» 1996 году.
Таксама, у 1996 годзе, убачыў сьвет дэбютны альбом one-man блэк-мэтал праекту зь Нямеччыны, мультыінструмэнталіста Фрат'яса Фак'яса, вядомага як Falkenbach. Музыка Falkenbach была эпічнай, была багатай на клявішныя, зьмяшчала элемэнты народнай музыкі, а тэксты былі пра вікінгаў, такім чынам, яна аб’ядноўвала фолк-мэтал зь вікінг-мэталам. Падобнае зьліцьцё жанраў у бліжэйшыя два гады разьвівалі Windir, Månegarm і Thyrfing.
Гішпанскі гурт Mägo de Oz які папярэднічае большасьці фолк-мэтал гуртоў, быў сфармаваны яшчэ ў 1989, аднак выпусьціў свой дэбютнік толькі ў 1994. Склад гурта ўключаў дзевяць удзельнікаў, і зь цягам часу яны сталі граць сумесь паўэр-мэталу з кельцкім мэталам. Яны былі дужа папулярныя ў роднай Гішпаніі й Паўднёвай Амэрыцы. Амэрыканскі гурт The Lord Weird Slough Feg, таксама зьвязаны з паўэр-мэталам, быў сфармаваны ў 1990, а свой дэбютнік выдаў у 1996.
Дум-мэтал гурт Silent Stream of Godless Elegy быў сфармаваны ў 1995, пачынаючы з другога альбому «Behind the Shadows» 1998 году ён стаў укараняць у сваю музыку элемэнты фолку.
Аднім зь першых дамогся вядомасьці фінскі гурт Finntroll, сфармаваны яшчэ ў 1997 годзе. Другі альбом «Jaktens Tid» (2001) прынес яму вялікі посьпех. Вакал на некаторых песьнях гэтага альбому выканаў Ёнэ Ярвэля − вакаліст іншага вядомага фінскага гурта Korpiklaani. Калі, у асноўным, фолк-мэтал гурты пачыналі з выконваньня мэталу, толькі потым дадаючы ў сваю музыку элемэнты народнае музыкі, то Korpiklaani наадварот, пачаўшы з народнае музыкі, перайшоў на фолк-мэтал. Ягоная гісторыя пачалася з утварэньня дуэту Shamaani Duo, які выконваў саамскую народную музыку. Пасьля выпуску адзінага альбому дуэт трансфармуецца ў гурт Shaman, які рэалізаваў два альбомы. Зьмена назвы «Korpiklaani» ў 2003 годзе паказвала перамены, якія адбыліся у музыцы − традыцыйны ёйк і выкарыстоўваньне саамскае мовы былі зьнятыя, а сынтэзатар быў заменены реэльнымі музычнымі інструмэнтамі. Finntroll жа, наадварот, ужывалі сынтэзатар для ігры ў стылі хумпа. Клявішнік Finntroll Хенры Сорвалі зьяўляецца таксама ўдзельнікам гурта Moonsorrow, які ён стварыў яшчэ ў 1995 годзе. Moonsorrow зьмешвае фолк-мэтал, вікінг-мэтал і элемэнты сымфанічнае музыкі. Наяўнасьць моцнае фінскае фолк-мэтал-сцэны й посьпех ейных удзельнікаў спрыялі зьяўленьню ў пачатку 2000-х новых гуртоў, такіх як Cadacross, Ensiferum, а пазьней Turisas і Wintersun.
Фолк-мэтал гурты зьяўляліся ня толькі ў Фінляндыі, але й у іншых скандынаўскіх краінах. Напрыклад, швэдзкімі гуртамі, якія заснаваліся ў 2000-х, зьяўляюцца Otyg і Vintersorg. У Нарвэгіі зьявіліся Kampfar, Lumsk і Trollfest. У Даніі − Wuthering Heights, Svartsot і Týr.
Акрамя Скандынавіі новаму жанру пасадзейнічалі й іншыя эўрапейскія краіны. Metsatöll і Raud-Ants зьявіліся ў Эстоніі, Obtest у Летуве, Skyforger у Латвіі, Balkandji ў Баўгарыі, Elvenking у Італіі, Eluveitie ў Швайцарыі.
Па-за эўрапейскім кантынэнтам фолк-мэтал зьяўляецца даволі рэдкай зьявай і ўключае, апроч вышэйпамяненых The Lord Weird Slough Feg, амэрыканскі гурт Agalloch. Іхняя музыка апрача геаграфічна анамальнага фолк-мэталу ўключае элемэнты экспэрымэнтальнае й электроннае музыкі. Іншым прыкладам геаграфічна анамальнага фолк-мэталу зьяўляецца гурт Tuatha de Danann з Бразыліі, які выконвае кельцкі мэтал.
Folkearth — міжнародны фолк-мэтал-праект з удзельнікамі зь некалькіх эўрапейскіх краінаў. У пачатку праект уключаў 14 музыкаў. На другім альбоме «By the Sword of My Father» 2006 году іхні лік дасягнуў да 31.
Як правіла, фолк-мэтал падразумявае сплаў падстыляў мэталу з народнай музыкай усялякіх этнаграфічных гуртоў. Так, гурты Primordial, Melechesh і Finntroll выконваюць блэк-мэтал з прымесьсю народнае музыкі. The Lord Weird Slough Feg і Mägo de Oz грунтуюцца на паўэр-мэтале. Нямецка-нарвэскі гурт Midnattsol адштурхоўваецца ад готык-мэталу. Прагрэсіўныя тэндэнцыі назіраюцца ў Elvenking, Lumsk і Týr. Некаторыя гурты не абмяжоўваюцца адным паджанрам мэтау й фолк-музыкай. Напрыклад, Orphaned Land, якія зьмешваюць фолк, прагрэсіўны мэтал і дэт-дум-мэтал,[8], ці Ensiferum, музыка якіх зьмяшчае элемэнты фолку, паўэр-металу й мэлёдык-дэт-мэталу.[9] Вядомыя таксама гурты, якія выкарыстоўваюць элемэнты немэталічнае музыкі. Нарвэскі гурт Glittertind уключае апроч усяго іншага элемэнты панк-року.[10] Гурт Agalloch характарызуецца блізкасьцю да нэафолку й пост-року.[11]
Народныя элемэнты ў жанры часта адлюстроўваюць этнічнае паходжаньне музыкаў, напрыклад, скандынаўская музыка ў Finntroll і Korpiklaani, або балтыйская народная музыка ў Metsatöll і Skyforger, або блізкаўсходняя народная музыка ў Orphaned Land і Melechesh. Кельцкая музыка можа быть знойдзеная ў ірляндзкіх гуртоў Cruachan і Waylander, а таксама ў некаторых гуртоў неірляндзкага паходжаньня, напрыклад у Eluveitie ці Tuatha de Danann. Народную музыку з розных рэгіёнаў выконваюць Elvenking[12] і Ensiferum.[13]
У фолк-мэтале ўжываюцца тыя ж самыя тыповыя інструмэнты, характарныя для мэталу (гітары, бас, барабаны) і, як правіла, народныя інструмэнты, якія хістаюцца ад звычайных да экзатычных. Аднак некаторыя гурты, як напрыклад Týr, абыходзяцца й бязь іх. Найбольш распаўсюджаным інструмэнтам зьяўляецца скрыпка. Скрыпач у складзе гурта ёсьць у Skyclad, Subway to Sally, Schandmaul, Mägo de Oz, Silent Stream of Godless Elegy, Korpiklaani, Lumsk, Elvenking, Eluveitie, Turisas і Tuatha de Danann. Вістл або флейта ёсьць у Cruachan, Waylander, Eluveitie, Metsatöll, Schandmaul і Morgenstern. Некаторыя гурты вылучаюць на першы плян болей экзатычныя інструмэнты свайго этнічнага паходжаньня ці краіны. Напрыклад, Skyforger іграюць на латыскай куоклес,[14] Metsatöll ужываюць эстонскі торупіль,[15] Korpiklaani — кантэле,[16] Orphaned Land — уд і саз.[17]
У жанры ўжываюцца ўсялякія стылі вакалу. Большасьць гуртоў выкарыстоўвае экстрэмальны вакал, напрыклад Finntroll, Skyforger, Moonsorrow. Аднак ёсьць гурты й з чыстым вакалам, як напрыклад Mägo de Oz, Metsatöll. Гурты Schandmaul, Primordial, Turisas, Windir і Wintersun ужываюць як чысты, так і экстрэмальны вакал.
У жанры можна знайсьці таксама традыцыйныя народныя сьпевы. Ёнэ Ярвэля выконвае ёйк у гуртох Shaman, Finntroll і Korpiklaani. Народныя стылі сьпеву можна пачуць у Equilibrium,[18] Metsatöll,[19] Skyforger[20] і Orphaned Land.[21]
У лірыцы фолк-мэтал-выканаўцы часьцей зварочваюцца да тэмаў паганства, прыроды, фэнтэзі, міталёгіі й гісторыі.
Фолк-мэтал з самага пачатку быў зьвязаны з паганствам, калі Марцін Ўэлкір пакінуў свой ранейшы гурт Sabbat, каб сфармаваць Skyclad, у прыватнасьці, таму што гурт «не жадаў усё далей паглыбляцца ў паганства».[22] Лірыка Skyclad была зьвязаная з паганствам. Віле Сорвалі з Moonsorrow аддае перавагу ярлыку «паганскі мэтал», «бо ён перадае ідэалёгію, але ня кажа нічога пра саму музыку».[23] Іншымі гуртамі, якія аддаюць перавагу тэрміну «паганскі мэтал», зьяўляюцца Cruachan, Eluveitie, Obtest і Skyforger.
Шмат якія фолк-мэтал гурты сьпяваюць пра прыроду, як напрыклад Korpiklaani, Elvenking, Midnattsol і Vintersorg. Для гурту Agalloch прырода — асноўная тэма, «бо мы прымыкаем да таго, што зьяўляецца па сутнасьці ахвярай чалавецтва».[24] Усе ўдзельнікі Skyclad зьяўляюцца прыхільнікамі «таких арганізацыяў, як Greenpeace і іншых, паколькі яны адні з тых, хто ўстае й уступае ў бой з людзьмі, якія жадаюць загубіць плянэту».[25]
Лірыка гуртоў Ensiferum, Midnattsol і Cruachan зьмяшчае фэнтэзі. Elvenking выкарыстоўвае фэнтэзі «ў якасьці мэтафары для утойваньня глыбокага сэнсу».[26] Такім жа чынам фэнтэзі ў Turisas супярэчыць асьвятленьню праблемаў, «якія болей глыбокія й маюць большае значэньне.»[27]
Лірыка ў кельцкім мэтале базіруецца на кельцкай міталёгіі. Гісторыя кельтаў зьяўляецца іншай папулярнай тэмай гуртоў кельцкага мэталу, такіх як Cruachan, Eluveitie, Primordial і Mael Mórdha. Скандынаўскую міталёгію можна знайсьці ў Falkenbach, Týr, Finntroll, Mithotyn і Korpiklaani. Skyforger грунтуюцца на гісторыі й міталёгі іхняе роднае Латвіі. Melechesh натхняюцца мітамі й гісторыяй старажытнае Мэсапатаміі. Іншымі гуртамі, якія ўключаюцб гістарычныя тэмы ў лірыку, зьяўляюцца Falconer, Arafel і Slechtvalk.
Некаторыя NSBM-гурты, як напрыклад Nokturnal Mortum, Цемназор і Kroda, як было вядома, перайшлі на пэган-мэтал, акалічнасьць, якую Ciaran O’Hagan, вакаліст Waylander, разглядвае як «абразу такіх людзёў, як я, якія ня маюць анічога агульнага з фашысцкімі ідэаламі.»[28] Далей ён выказвае меркаваньне, што NSBM-гурты іграюць пэган-мэтал «паводле ўсіх няслушных прычынаў»: праз незаконнае прыўлашчваньне паганскіх сымбаляў нэанацызмам, некалькі фолк-мэтал гуртоў были таксама прынятыя за NSBM. Такім чынам, такія гурты як Cruachan, Skyforger, Moonsorrow, Månegarm і Týr муселі разьяднаць сябе з нацызмам, фашызмам і расізмам. Skyforger дадалі на адваротным боку свайго альбома надпіс «No Nazi Stuff Here!».[29] Richard Lederer з Summoning апублікаваў на сайце гурта эсэ, у якім ён асудзіў нацыянал-сацыялізм.[30] Гурты, якія прымалі ўдзел на фэстывале «Paganfest», які праходзіў у красавіку 2008, былі падстаўленыя пад абвінавачаньне ў тым, што яны зьяўляюцца нацыстамі, расістамі й фашыстамі, з боку нямецкага руху «Antifa». Віле Сорвалі з Moonsorrow и Херы Ёэнсэн з Týr зрабілі сумесны відэазварот, каб абвергнуць гэтыя абвінавачаньні, заўважыўшы, што «адна з найбольшых праблемаў, здаецца, ў тым, што мы ўжываем старажытныя скандынаўскія сымбалі, як S (ᛋ) у эмблеме Moonsorrow і T (ᛏ) у эмблеме Týr».[31]
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.