From Wikipedia, the free encyclopedia
Тэрарысты́чны акт у Пэшава́ры 22 верасьня 2013 году — тэрарыстычны акт у месьце Пэшавар правінцыі Хайбэр-Пахтунхва Пакістану, які быў ажыцьцёўлены двума тэрарыстамі-сьмяротнікамі ў мясцовым хрысьціянскім храме (Царкве ўсіх сьвятых)[1]. У выніку тэракту было забіта 78 чалавек, яшчэ 130 былі параненыя[2][3]. Тэрарыстычны акт стаўся самым маштабным нападам на хрысьціянаў Пакістану за ўсю гісторыю краіны[4].
Тэрарыстычны акт у Пэшавары | |
Месца атакі | Пэшавар, правінцыя Хайбэр-Пахтунхва, Пакістан |
---|---|
Дата | 22 верасьня 2013 |
Колькасьць ахвяраў | 78 |
Колькасьць параненых | 130 |
Колькасьць тэрарыстаў | 2 |
Геаграфічныя каардынаты | 34°0′19″ пн. ш. 71°34′16″ у. д. |
Тэрарыстычны акт у Пэшавары |
Падзеі тэракту распачаліся пасьля таго, як два тэрарысты-сьмяротнікі стрэлілі ў двух ахоўнікаў пры ўваходзе, забіўшы аднаго зь іх. Пасьля таго, як тэрарысты былі спыненыя мясцовай паліцыяй, адзін са сьмяротнікаў падарваў бомбу, тады як другі ўвайшоў у царкву і выбухнуў бомбу ў будынку царквы[5]. Паводле іншых сьведчаньняў, выбух адбыўся ў момант, калі наведвальнікі царквы сабраліся на лужку ля царквы для атрыманьня бясплатнай ежы[5]. Праз інтэнсыўнасьць выбуху ў будынку царквы ўзьніклі адтуліны, было выбітае шкло з суседніх пабудоваў. Целы сьмяротнікаў былі хутка апазнаныя і адпраўленыя на экспэртызу. У сваё адзеньне тэрарысты зьмясьцілі шэсьць кіляграмаў выбухоўкі[5].
Адказнасьць за тэрарыстычны акт узяла на сябе ісламісцкая групоўка Джундала(en), зьвязаная ў сваю чаргу з групоўкаю Тэгрык-і Талібан Пакістан(en)[6][7]. Ейныя чальцы паведамілі, што напады на хрысьціянаў ды іншых прадстаўнікоў немусульманскіх канфэсіяў Пакістану працягвацьмуцца з тае прычыны, што яны, на думку чальцоў арганізацыі, зьяўляюцца ворагамі ісламу[7], і што гэтыя акцыі не спыняцца, пакуль існуюць атакі бесьпілётных самалётаў ЗША на Пакістан(en)[8][9][10][11]. Між тым, сама арганізацыя Тэгрык-і Талібан Пакістан заяўляе, што ня мае дачыненьня да тэрарыстычнага акту і ўвогуле не зьвязаная з арганізацыяй Джундала[12].
Хрысьціяне, што пражываюць у навакольных мясьцінах непадалёк ад царквы, выйшлі на імправізаваную акцыю пратэсту, падчас якой спальваліся шыны, а самыя ўдзельнікі выкрыквалі лёзунгі. У раёне Кагаці Гэйт, у якім месьцяцца шматлікія іншыя цэрквы, былі зачыненыя крамы[7]. Акцыі з мэтаю асуджэньня тэрарыстычнага акту таксама адбыліся ў Карачы, Лагоры, Мултане ды іншых гарадох, у Карачы адбыліся сутычкі раззлаваных дэманстрантаў з паліцыяй[13]. Хрысьціянскія супольнасьці Пакістану пачалі аплакваць, на іхнюю думку, «сьмерць будучыні пакістанскіх хрысьціянаў», нагодаю для чаго стала яшчэ й сэрыя нядаўніх нападаў.
Прэм'ер-міністар краіны Наваз Шарыф асудзіў дадзены напад, адзначыўшы, што тэрарысты ня маюць рэлігійных адрозьненьняў і што атакі на нявінных людзей супярэчаць вучэньням ісламу[14].
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.