![cover image](https://wikiwandv2-19431.kxcdn.com/_next/image?url=https://upload.wikimedia.org/wikipedia/commons/thumb/d/d0/%25D0%25A1%25D0%25B2%25D1%258F%25D1%2582%25D0%25B0_%25D0%25A1%25D0%25BE%25D1%2584%25D1%2596%25D1%258F_%25D0%259A%25D0%25B8%25D1%2597%25D0%25B2%25D1%2581%25D1%258C%25D0%25BA%25D0%25B0.jpg/640px-%25D0%25A1%25D0%25B2%25D1%258F%25D1%2582%25D0%25B0_%25D0%25A1%25D0%25BE%25D1%2584%25D1%2596%25D1%258F_%25D0%259A%25D0%25B8%25D1%2597%25D0%25B2%25D1%2581%25D1%258C%25D0%25BA%25D0%25B0.jpg&w=640&q=50)
Сафійскі сабор (Кіеў)
праваслаўны храм у Кіеве (Украіна) / From Wikipedia, the free encyclopedia
Сабо́р Сьвято́й Сафі́і, Сафі́йскі сабо́р — храм, пабудаваны ў першай палове XI стагодзьдзя ў цэнтры Кіева, паводле Аповесьці мінулых часоў, князем Яраславам Мудрым. На мяжы XVII-XVIII стагодзьдзяў быў вонкава перабудаваны ў стылі ўкраінскага барока. Усярэдзіне сабору захаваўся самы поўны ў сьвеце ансамбль сапраўдных мазаік (260 м.кв.) і фрэсак (3000 м.кв.)[2] першай паловы XI стагодзьдзя й значныя фрагмэнты сьценапісу XVII-XVIII стагодзьдзяў.
Храм | |
![]() | |
Краіна | Украіна |
Горад | Кіеў |
Адрас | Сафійская плошча |
Каардынаты | 50°27′10″ пн. ш. 30°30′52″ у. д. |
Канфэсія | Праваслаўе |
Тып будынка | Сабор |
Архітэктурны стыль | украінскае барока |
Дата заснаваньня | 1037 |
Асноўныя даты: | |
Дата скасаваньня | 1934 |
Статус | Сусьветная спадчына ЮНЭСКО[1] |
Сайт | st-sophia.org.ua/… (укр.) (анг.) |
Сабор Сьвятой Сафіі на мапе Ўкраіны ![]() ![]() Сабор Сьвятой Сафіі | |
![]() |
Быў дзейным храмам да 1929 году, у 1934 годзе стаў музэем — Сафійскім запаведнікам. Цяпер зьяўляецца цэнтрам Нацыянальнага запаведніку «Сафія Кіеўская»[3], аднаго з найбуйнейшых музэйных цэнтраў Украіны, які ўключае таксама Залатую браму ХІ ст., Кірылаўскую царкву ХІІ ст. і Андрэеўскую царкву XVIII ст. у Кіеве і Судацкую крэпасьць з помнікамі VI—XV стагодзьдзяў у Крыме.
У 1990 годзе Сафійскі сабор, як і Кіева-Пячэрская лаўра, стаў першым занесеным у сьпіс Сусьветнай спадчыны ЮНЭСКО помнікам архітэктуры на тэрыторыі Ўкраіны.
Паколькі будынак сабору — частка Нацыянальнага запаведніку «Сафія Кіеўская» й занесены ў сьпіс Сусьветнай спадчыны ЮНЭСКО, яго забаронена перадаваць якой-небудзь рэлігійнай арганізацыі і зьдзяйсьняць у ім набажэнствы. Выключэньне складае дзень 24 жніўня — Дзень незалежнасьці Ўкраіны, калі прадстаўнікі рэлігійных арганізацыяў зьдзяйсьняюць малітву аб Украіне (была ўведзеная з 2005 году); 22 лістапада 2006 году Сьвяты Сынод Украінскай праваслаўнай царквы (Маскоўскі патрыярхат) заявіў пра немагчымасьць для сябе ўдзельнічаць у такога роду мерапрыемствах.[4]
Да ансамблю Сафійскага сабору належаць уключаныя разам зь ім у сьпіс ЮНЭСКО манастырскія збудаваньні XVIII стагодзьдзя: званіца, паўднёвая ўязная вежа, трапезная, хлебня, бурса, Дом мітрапаліта й брама Забароўскага.