Аўганска-савецкая вайна — 9-гадовае вайсковае ўварваньне СССР у Аўганістан са сьнежня 1979 году па люты 1989 году. Скончылася вывадам савецкага войска паводле пункту 5 Жэнэўскага пагадненьня аб узаемасувязі для ўладжаньня датычнага Аўганістану становішча ад 14 красавіка 1988 году, якое падпісалі міністры замежных справаў Аўганістану і Пакістану Абдул Вакіль(ru) (1986—1992) і Сахабзада Якуб-Хан(en) (1982—1991) адпаведна. У якасьці паручальнікаў пагадненьне падпісалі міністры замежных справаў ЗША і СССР Джордж Шульц(en) (1982—1989) і Эдуард Шэварнадзэ (1985—1990) адпаведна.
Аўганска-савецкая вайна | |||||||||||
---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|
Паштовая марка Беларусі (2009) | |||||||||||
| |||||||||||
Супернікі | |||||||||||
Ісламскі саюз змагароў Аўганістану(en) | СССР | ||||||||||
Камандуючыя | |||||||||||
Ахмад Шах Масуд | Міхаіл Гарбачоў | ||||||||||
Колькасьць | |||||||||||
140 тыс. чалавек | 115 тыс. чалавек | ||||||||||
Страты | |||||||||||
75 тыс. забітых | 15 052 забітых, 53 753 параненых | ||||||||||
Агульныя страты | |||||||||||
670 тыс. забітых цывільных | |||||||||||
24 сьнежня 1979 году міністар абароны СССР Зьміцер Усьцінаў Дырэктывай № 312/12/001 зацьвердзіў уварваньне ў Аўганістан. 25 сьнежня за 36 км ад Кабула аб скалу разьбіўся(ru) савецкі вайскова-транспартны самалёт Іл-76, у выніку чаго загінулі 47 вайскоўцаў 350-га парашутна-дэсантнага палка(ru) (пасёлак Баравуха, Полацкі раён, Віцебская вобласьць, Беларуская ССР) 103-й паветрана-дэсантнай дывізіі(ru) (Віцебск). А 19:30 654 савецкія вайскоўцы, апранутыя ў аўганскую форму, пачалі ў Кабуле штурм Вялікага каралеўскага палаца(en), дзе застрэлілі старшыню ўрада Аўганістану Хафізулу Аміна[1], яго 2 малалетных сыноў і каля 200 аўганскіх вайскоўцаў. Страты савецкіх нападнікаў склалі 20 чалавек забітымі і 32 — параненымі.
Цягам 9—11 студзеня 1980 году савецкія вайскоўцы 186-га палка 108-й мотастралковай дывізіі(ru) (Цярмез(uz), Сурхандар'інская вобласьць, Узбэцкая ССР) захапілі кішлак Нахрын(en) (правінцыя Баглан), дзе забілі каля 100 вайскоўцаў 4-га аўганскага артылерыйскага палка. Савецкія страты склалі 2 чалавекі забітымі і 2 — параненымі. 10—11 студзеня ў Кабуле савецкія войскі забілі каля 100 вайскоўцаў 20-й аўганскай дывізіі, страціўшы 2 савецкіх вайцоўцаў забітымі і 2 — параненымі. 20—24 лютага ў Кабуле адбылося паўстаньне, у ходзе якога 22 лютага абстралялі савецкую амбасаду. 23 лютага ў сярэдзіне тунэля на перавале Саланг(en) (правінцыя Парван) ад выхлапных газаў задыхнуліся 18 савецкіх вайскоўцаў, чыя калёна спынілася ў выніку дарожна-транспартнага здарэньня. 29 лютага ў баі пад кішлаком Шыгал(ru) (правінцыя Кунар) 317-ы парашутна-дэсантны полк (Віцебск) страціў 37 чалавек забітымі і 26 — параненымі. У акружэньні паранены беларус Мікалай Чэпік (нар. 16 красавіка 1960; вёска Першы Май, Пухавіцкі раён, Менская вобласьць) падарваў на найбліжэйшым дрэве міну МОН-100(en), чым забіў 32 аўганскіх вайскоўцаў. Да 2 сакавіка Кунарскі наступ на 30-ы горны пяхотны полк аўганскага войска прывёў да гібелі 52 савецкіх дэсатнікаў і раненьня яшчэ 43-ох. 11 траўня ў баі пад кішлаком Хара(ru) (правінцыя Кунар) 150 аўганскіх вайскоўцаў забілі 46 і паранілі 65 савецкіх вайскоўцаў 1-га батальёна 66-й мотастралковай брыгады(ru) (Алматы, Казаская ССР). Аўганскія страты склалі 36 чалавек забітымі і 84 — параненымі.
3 жніўня 1980 году ў баі пад кішлаком Шаеста(ru) (Кішымскі павет(en), правінцыя Бадахшан) аўганскія вайскоўцы 24-га пяхотнага палка (Файзабад(en), правінцыя Бадахшан) забілі 49 і паранілі 48 савецкіх вайскоўцаў 201-й мотастралковай дывізіі(ru) (Душанбэ, Таджыцкая ССР). Цягам 15 лістапада — 5 сьнежня ў правінцыях Баміян, Кабул і Парван савецкія войскі забілі больш за 500 і паланілі 736 аўганскіх паўстанцаў. Цягам 1980 г. аўганскія вайскоўцы забілі 1484 (незваротныя страты(ru)) і паранілі (звольненыя з войска) 725 савецкіх інтэрвэнтаў, зьнішчылі 18 савецкіх танкаў, 173 адзінак бронетэхнікі, 40 верталётаў і самалётаў.
5 верасьня 1981 году ў гарах Луркох за 40 км на паўночны ўсход ад Фараха(en) (правінцыя Фарах) аўганскія паўстанцы паразілі з буйнакалібэрнага кулямёта Дзегцярова-Шпагіна (ДШК) савецкі верталёт Мі-8Т(ru). У выніку выбуху пры сутыкненьні верталёта са скалой экіпаж загінуў разам з генэрал-маёрам Вадзімам Ха́халавым(ru) на борце, які быў намесьнікам камандзіра Ваенна-паветраных сілаў (ВПС) Туркестанскай вайсковай акругі СССР. 6 верасьня ў Панджшэрскай цясьніне(en) (Панджшэрскі павет, правінцыя Парван; цяпер правінцыя Панджшэр) аўганскія паўстанцы паранілі каля 100 савецкіх вайскоўцаў. Цягам 1981 г. аўганскія паўстанцы забілі 1298 савецкіх акупантаў, 28 савецкіх танкаў, 128 адзінак бронетэхнікі, 17 гарматаў і мінамётаў, 26 верталётаў і самалётаў.
Цягам 16—30 траўня 1982 г. у Панджшэрскай цясьніне 5 тыс. аўганскіх паўстанцаў забілі 93 і паранілі 343 савецкіх вайскоўцаў. 3 лістапада ў выніку дарожнага затору на перавале Саланг у тунэлі задыхнуліся 64 савецкія вайскоўцы і 112 цывільных аўганцаў. Агулам цягам году аўганскія паўстанцы забілі 1948 і паранілі 894 савецкіх акупантаў, зьнішчылі 17 савецкіх танкаў, 107 адзінак бронетэхнікі, 14 гарматаў і мінамётаў, 40 верталётаў і самалётаў.
У красавіку 1983 году ў Ніджрабскай(en) цясьніне (правінцыя Капіса) аўганскія паўстанцы забілі 14 і паранілі 63 савецкіх вайскоўцаў. 16 траўня ў Ганджагальскай цясьніне (Сірканайскі павет(en), правінцыя Кунар) аўганскія паўстанцы забілі 16 савецкіх вайскоўцаў 3-га батальёна 66-й мотастралковай брыгады. 10 ліпеня ў цясьніне Куран-Мунджанскага павета(en) (правінцыя Бадахшан) загінулі 12 савецкіх вайскоўцаў 1-га батальёна 860-га мотастралковага палка(ru) (Ош, Оская вобласьць, Кіргіская ССР). У ліпені 1983 г. аўганскія паўстанцы пачалі аблогу Хоста(en) (правінцы Хост), якую працягвалі да канца лістапада 1987 году. У жніўні пачалася аблога Ўргуна(en) (правінцыя Пактыка) 800 аўганскімі паўстанцамі, што доўжылася да 16 студзеня 1984 году. Цягам 1983 г. аўганскія паўстанцы забілі 1446 і паранілі 945 савецкіх акупантаў, зьнішчылі 186 адзінак савецкай бронетэхнікі, 13 танкаў і 37 верталётаў і самалётаў.
16 студзеня 1984 году над Ургунам аўганскія паўстанцы ўпершыню зьбілі зь перанаснога зэнітна-ракетнага комплекса(en) (ПЗРК) «Страла-2М»(ru) савецкі штурмавік Су-25. 11 красавіка ў Суробскім павеце(en) (правінцыя Кабул) аўганскія паўстанцы забілі 15 савецкіх вайскоўцаў 3-га батальёна 66-й мотастралковай брыгады. Цягам 19 красавіка — 4 траўня ў Панджшэрскай цясьніне аўганскія паўстанцы забілі больш за 100 і паранілі 72 савецкіх вайскоўцаў 40-й арміі(ru) (Ташкент, Узбэцкая ССР). Цягам найбольш кровапралітнага ў вайне 1984 г. савецкія акупанты забілі каля 18 тыс. аўганскіх паўстанцаў. Аўганскія паўстанцы забілі 2343 і паранілі 1388 савецкіх акупантаў, зьнішчылі 88 адзінак савецкай бронетэхнікі, 8 танкаў, 66 верталётаў і самалётаў.
21 красавіка 1985 году ў Мараварскай цясьніне (правінцыя Кунар) аўганскія паўстанцы забілі 29 савецкіх вайскоўцаў 5-га батальёна 15-й брыгады спэцыяльнага прызначэньня ГРУ(ru) (пасёлак Азадбаш, Ташкенцкая вобласьць, Узбэцкая ССР). Цягам 19 траўня — 12 чэрвеня ў ходзе Кунарскай апэрацыі(ru) савецкія войскі 40-й арміі забілі каля 4200 аўганскіх паўстанцаў. У ноч на 12 чэрвеня на авіябазе ў Шындандзе(en) (правінцыя Герат) аўганскія паўстанцы зьнішчылі 19 і пашкодзілі 13 самалётаў. Цягам 13 ліпеня — 29 жніўня ў правінцыі Хост аўганскія паўстанцы страцілі 2,4 тыс. чалавек забітымі. 17 кастрычніка каля ледавіка ў Шутульскай цясьніне (Панджшэрскі павет) 17 савецкіх вайскоўцаў 682-га палка 108-й мотастралковай дывізіі памерлі ад пераахаладжэньня. 22 сьнежня ў баі пад кішлаком Афрыдж(ru) (Бахарацкі павет(en), правінцыя Бадахшан) аўганскія паўстанцы забілі 19 памежнікаў савецкай заставы. Цягам 1985 г. савецкія акупанты забілі каля 17 тыс. аўганскіх паўстанцаў. Аўганскія паўстанцы забілі 1886 і паранілі 1751 савецкага акупанта, зьнішчылі 185 адзінак савецкай бронетэхнікі, 18 танкаў, 66 верталётаў і самалётаў.
20 красавіка 1986 году савецкія войскі часова захапілі паўстанцкую базу Джавара(ru) (правінцыя Хост), забіўшы цягам месяцовай аблогі 281 і параніўшы 363 аўганскіх паўстанцаў. 17—18 чэрвеня ў баі пад гарой Яфсадж(ru) (Чальскі павет(en), правінцыя Тахар) аўганскія паўстанцы забілі 21 і паранілі 40 савецкіх вайскоўцаў 783-га батальёна 201-й мотастралковай дывізіі. 25 верасьня пад Джэлалабадам(en) (правінцыя Нангархар) аўганскія паўстанцы ўпершыню зьбілі з ПЗРК «Стынгер» 2 савецкія верталёты Мі-8 і Мі-24. Цягам 1986 г. аўганскія паўстанцы забілі 1333 і паранілі 1311 савецкіх акупантаў, зьнішчылі 126 адзінак савецкай бронетэхнікі, 14 танкаў, 61 верталёт і самалёт.
У ноч на 9 красавіка 1987 году ў баі пад кішлаком Івалк (Маскоўскі раён(en), Кулябская вобласьць, Таджыцкая ССР) 22 савецкія памежнікі забілі 14 і паранілі 1 аўганскага паўстанца. Цягам 17 красавіка — 13 чэрвеня 1987 году ў баі пад Джаджы(en) (Джаджыйскі павет(en), правінцыя Пактыя) 200 савецкіх вайскоўцаў забілі каля 120 аўганскіх паўстанцаў. 31 кастрычніка ў баі пад кішлаком Дуры(ru) (правінцыя Забуль) савецкія вайскоўцы 7-га батальёна 22-й брыгады спэцыяльнага прызначэньня(ru) забілі 63 аўганскіх паўстанцаў, страціўшы 12 чалавек забітымі. Цягам 1987 г. аўганскія паўстанцы забілі 1215 і паранілі 1472 савецкіх акупантаў, зьнішчылі 128 адзінак савецкай бронетэхнікі, 7 танкаў, 68 верталётаў і самалётаў.
14 красавіка 1988 году ў Жэнэве (Швайцарыя) міністры замежных справаў Аўганістану і Пакістану Абдул Вакіль і Сахабзада Якуб-Хан адпаведна падпісалі Пагадненьне аб узаемасувязі для ўладжаньня датычнага Аўганістану становішча, якое набыло моц 15 траўня 1988 году. У якасьці паручальнікаў Пагадненьне падпісалі міністры замежных справаў ЗША і СССР Джордж Шульц і Эдуард Шэварнадзэ адпаведна. Пункт 5 Пагадненьня прадугледжваў: «У адпаведнасьці з тэрмінамі, ўзгодненымі між Саюзам Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік і Рэспублікай Аўганістан адбудзецца паступовы вывад замежных войскаў, што пачнецца ў згаданы вышэй дзень набыцьця Пагадненьнем моцы. Першую палову войскаў выведуць да 15 жніўня 1988 г., а вывад усіх войскаў скончыцца на працягу 9 месяцаў»[2].
24 чэрвеня 1988 году аўганскія паўстанцы вызвалілі Майданшахр(en) (цэнтар правінцыі Вардак). 4 жніўня ў памежнай мясцовасьці правінцыі Хост пакістанскі самалёт-зьнішчальнік F-16 зьбіў савецкі штурмавік Су-25 з намесьнікам камандзіра ВПС 40-й арміі Аляксандрам Руцкім, які ў выніку 9 жніўня трапіў у палон да аўганскіх паўстанцаў. 7 жніўня аўганскія паўстанцы вызвалілі Кундуз (цэнтар аднайменнай правінцыі). 8 жніўня — Талукан (цэнтар правінцыі Тахар). 10 жніўня ў Пулі-Хумры(en) (цэнтар правінцыі Баглан) аўганскія паўстанцы падарвалі(ru) артылерыйскі склад, што прывяло да гібелі 6 савецкіх грамадзянаў, зьнішчэньня 75% будынкаў гарадка 395-га мотастралковага палка (штаб, 6 складоў, 19 жылых дамоў), усіх боепрыпасаў аб’ёмам да 1000 вагонаў і больш за 100 аўтамабіляў.
На 15 жніўня СССР вывеў з Аўганістана 50,2 тыс. вайскоўцаў, пакінуўшы 50,1 тыс. жаўнераў у 6 з 27 правінцыяў (Баглан, Балх, Герат, Кабул, Парван і Саманган). У лістападзе аўганскія паўстанцы цалкам вызвалілі 3 правінцыі (Баміян, Кунар і Пактыка). Да канца лістапада пад уладай паўстанцаў знаходзіліся больш за 21,7 тыс. (78%) кішлакоў з 30 191, 199 (69%) з 290 павятовых цэнтраў і 5 з 27 цэнтраў правінцыяў.
23—26 студзеня 1989 году ў правінцыях Баглан, Кундуз і Парван савецкія войскі 40-й арміі гарматнымі абстрэламі і паветранымі бамбаваньнямі забілі(ru) 377 аўганскіх паўстанцаў і больш за 1000 цывільных асобаў. 4 лютага савецкія войскі пакінулі Кабул. 15 лютага скончыўся вывад савецкіх войскаў з Аўганістану.
У савецкім вайсковым уварваньні ў Аўганістан узялі ўдзел больш за 30 тыс. ураджэнцаў Беларусі (5% ад 620 тыс. з СССР агулам), зь якіх каля 800 (3%) загінулі на вайне. На 2014 г. у Беларусі засталося пражываць каля 27 тыс. удзельнікаў вайны ў складзе савецкага войска[3].
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.