Рэінкарнацыя
перасяленьне душ пасьля сьмерці / From Wikipedia, the free encyclopedia
Рэінкарнацыя, таксама перараджэньне або трансьміграцыя — філязофская або рэлігійная канцэпцыя, паводле якой нефізычная сутнасьць жывой істоты пачынае новае жыцьцё ў іншай фізычнай форме альбо целе пасьля біялягічнай сьмерці[1][2]. У большасьці вераваньняў, зьвязаных з рэінкарнацыяй, душа чалавека лічыцца бесьсьмяротнай, і яна не зьнікае пасьля загібелі фізычнага цела. Пасьля сьмерці душа проста перасяляецца ў нованароджанага дзіцяці або жывёлу, каб працягнуць сваё бесьсьмяротнае жыцьцё. Тэрмін трансьміграцыі азначае пераход душы з аднаго цела ў іншае па сьмерці.
Рэінкарнацыя ёсьць цэнтральным прынцыпам індыйскіх рэлігіяў, як то індуізм, будызм, джайнізм і сыкхізм, але існуе шэраг групаў, якія ня вераць у рэінкарнацыю, а замест гэтага вераць у замагільнае жыцьцё[2][3][4]. У розных формах перараджэньне сустракаецца як эзатэрычная вера ў многіх плынях юдаізму, некаторых паганскіх рэлігіях, уключана зь вікай, і некаторых вераваньнях карэнных народаў Амэрыкі[5] і тубыльцаў Аўстраліі, але большасьць зь іх верыць у замагільнае жыцьцё або сьвет духа. Пэўную ступеню веры ў перараджэньне або перасяленьне душы выказвалі некаторыя старажытнагрэцкія мысьляры, як то Пітагор, Сакрат і Плятон[6].
Не зважаючы на тое, што большасьць канфэсіяў хрысьціянства і ісламу ня вераць у тое, што людзі здольныя пераўвасабляцца, аднак пэўныя групы гэтых рэлігіяў спасылаюцца на рэінкарнацыю. Прадстаўнікамі такіх групаў ёсьць катары, алавіты, друзы[7] і разэнкрэйцэры[8].