![cover image](https://wikiwandv2-19431.kxcdn.com/_next/image?url=https://upload.wikimedia.org/wikipedia/commons/thumb/4/45/COA_of_Ruthenian_Voivodship_XVII.svg/langbe-tarask-640px-COA_of_Ruthenian_Voivodship_XVII.svg.png&w=640&q=50)
Рускае ваяводзтва
From Wikipedia, the free encyclopedia
Ру́скае ваяво́дзтва (па-ўкраінску: Руське воєводство, па-расейску: Русское воеводство, па-польску: Województwo ruskie) — адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка Польскага каралеўства ў складзе Малой Польшчы, якая ўвайшла ў ягоны склад як спадчына каралеўскага дамэну[1]. Ваяводзтва ўтворанае каля 1434 году з тых земляў Галіцка-Валынскага княства, якія былі захоплены ў апошняй чвэрці XIV ст. Адміністрацыйным цэнтрам Рускага ваяводзтва быў горад Львоў.
![Thumb image](http://upload.wikimedia.org/wikipedia/commons/thumb/4/45/COA_of_Ruthenian_Voivodship_XVII.svg/640px-COA_of_Ruthenian_Voivodship_XVII.svg.png)
Да заняцьця гэтых земляў Казімерам Вялікім (1340) тут знаходзіліся тры асобныя старажытнарускія княствы (Львоў, Галіч, Перамысьль), пасьля аб’яднаныя пад назваю Каралеўства Русь ці Руская зямля. У 1254 годзе князь Данііл Галіцкі прыняў у Дарагічыне тытул «караля Русі» ад папы рымскага Інакенцыюса IV, заснаваўшы Галіцкі каралеўскі дом. Нашчадкі Данііла Раманавіча Галіцкага мелі тытул «Rex Russiae» (часьцей «Regis Rusie») і «duces totius terrae Russiae, Galicie et Ladimirie» («кароль Русі» і «князь усяе зямлі рускай, галіцкай і ўладзімерскай»).
Блізу 1434 году кароль Уладыслаў III Варненчык выдаў прывілей, які зраўнаваў у правах галіцка-рускіх баяраў з польскаю шляхтай, з гэтага часу ўсе шляхцічы і магнаты не плацілі падаткі, а абавязаны былі несьці толькі вайсковую службу. Назва «баяры» замянялася на тытул «пан»[2]. На чале адміністрацыі стаяў ваявода рускі (па-польску: Wojewoda ruski, па-ўкраінску: воєвода руський), якога прызначаў кароль зь ліку буйных землеўладальнікаў.