From Wikipedia, the free encyclopedia
Пётар Ільлі́ч Чайко́ўскі (7 траўня 1840, Воткінск, Расейская імпэрыя — 6 лістапада 1893, Санкт-Пецярбург) — расейскі кампазытар, дырыгент, пэдагог. Лічыцца адным з найвялікшых кампазытараў у гісторыі музыкі[4]. Выдатны мэлядыст, аўтар 76 опусаў, 10 опэраў. Чайкоўскі напісаў 7 сымфоніяў (6 пранумараваных і сымфонія «Манфрэд»), 3 сюіты. Сусьветна вядомыя ягоныя балеты «Лебядзінае возера», «Сьпячая прыгажуня», «Шчаўкунок».
Пётар Чайкоўскі | |
Пётр Ильич Чайковский | |
Дата нараджэньня | 7 траўня [ст. ст. 25 красавіка] 1810 |
---|---|
Месца нараджэньня | Воткінск, Вяцкая губэрня, Расейская імпэрыя |
Дата сьмерці | 6 лістапада [ст. ст. 25 кастрычніка] 1893 |
Месца сьмерці | Санкт-Пецярбург, Расейская імпэрыя |
Прычына сьмерці | халера |
Месца пахаваньня | |
Грамадзянства | Расейская імпэрыя |
Месца вучобы | |
Прафэсія | кампазытар, дырыгент, пэдагог |
Навуковая сфэра | кампазыцыя[d], музычная пэдагогіка[d], музычная адукацыя[d] і музыка[2] |
Месца працы | |
Жанры | сымфонія, опэра, балет[d], клясычная музыка і музыка рамантызму[d] |
Інструмэнты | фартэпіяна |
Бацька | Ільля Чайкоўскі[d][3] |
Маці | Аляксандра Чайкоўская[d] |
Узнагароды | |
Подпіс | |
Ён стаўся першым расейскім кампазытарам, чыя музыка зрабіла незгладжальнае ўражаньне на міжнародным узроўні. Чайкоўскі выступаў у якасьці запрошанага дырыгента ў канцы сваёй кар’еры ў Эўропе і Злучаных Штатах. Адным з такіх выступаў быў першы канцэрт ў Карнэгі-Холе ў Нью-Ёрку ў 1891 годзе. Чайкоўскі быў ганараваны ў 1884 годзе царом Аляксандрам III, і атрымаў ад яго пажыцьцёвую пэнсію ў канцы 1880-х гадоў. Чайкоўскі ёсьць адным з выбітных кампазытараў сьвету, яскравым прадстаўніком музычнага рамантызму і адным зь вядомых лірыкаў і драматургаў-псыхолягаў ў музыцы, які паглыбіў псыхалягічны аналіз складаных і супярэчлівых зьяваў жыцьця.
Не зважаючы на ягоныя посьпехі, жыцьцё Чайкоўскага перарывалася асабістымі крызамі і дэпрэсіяй. Назапашвальныя фактары ўключалі ягоны раньні сыход ад мацярынскага дому да школы-інтэрнату і наступнай раньняй сьмерцю маці, а таксама сьмерць ягонага блізкага сябра і калегі Мікалая Рубінштэйна. Таксама стратай сталі і перарваныя адносіны ў дарослым жыцьці, як то 13-гадовая сувязь з заможнай удавой Надзеяй фон Мэк, якая была ягонай асабістай заступніцай, хоць яны ніколі не сустракаліся адзін з адным. Ягоная гомасэксуальнасьць, традыцыйна таксама лічыцца асноўным фактарам, хоць некаторыя музыказнаўцы ў цяперашні час перамяншаюць гэтае значэньне. Раптоўная сьмерць кампазытара ва ўзросьце 53 гадоў, як правіла, прыпісваецца наступствам халеры, аднак некаторыя дасьледчыкі лічаць, што халера магла ня быць сапраўднай прычынай сьмерці.
Пётар Чайкоўскі нарадзіўся 7 траўня [ст. ст. 25 красавіка] 1840 ў пасёлку Воткінск Вяцкай губэрні пры Камска-Воткінскім заводзе. Цяпер гэта места Воткінск ва Ўдмуртыі. 17 траўня [ст. ст. 5 траўня] 1840 таго ж году быў ахрышчаны ў Воткінскай Благавешчанскай катэдры. Ён быў другім дзіцём у сям’і, то бок у 1838 годзе нарадзіўся ягоны старэйшы брат Мікалай, у 1842 годзе зьявілася сястра Аляксандра (у шлюбе Давыдава), а ў 1843 годзе — Іпаліт. Разам з Чайкоўскімі жылі таксама іншыя сваякі Ільлі, як то ягоная цётка Надзея і пляменьніцы Лідзія Чайкоўская і Настасься Папова[5]. Дзеці жылі ў мэзаніне дому[6].
У 1844 годзе дзеля навучаньня дзяцей зь Пецярбурга ў Воткінск прыехала гувэрнантка Фані Дзюрбах, францужанка родам з Манбэльяру, якая ўсімі была цёпла сустрэтая[5]. Бацькі Пятра любілі музыку, гэтак ягоны бацька ў юнацтве граў на флейце, а маці некалі грала на арфе[7] і фартэпіяна, а таксама сьпявала рамансы. Дзюрбах бракавала музычнай адукацыі, але музыку таксама любіла[8]. Як і ва ўсякім прыстойным доме, у доме Чайкоўскіх быў раяль, а таксама вывезены з сталіцы мэханічны арган — аркестрына. Аднак менавіта аркестрына, у выкананьні якой маленькі Пётар упершыню пачуў арыю Цэрліны з опэры «Дон Жуан» Моцарта, зрабіла на яго наймацнейшае ўражаньне. На валіках гэтага інструмэнта меліся таксама ўрыўкі з опэраў Расіні, Бэліні і Даніцэцьці[9].
Да раяля, верагодна, Пятра ўпершыню падвяла ягоная маці, затым у 1845—1848 гадах зь ім займалася Мар’я Пальчыкава, якая была з прыгонных і навучылася грамаце і музыцы на мэдныя грошы[10]. Пакуль сям’я жыла ў Воткінску, ім часта даводзілася чуць вечарамі мэлядычныя народныя песьні працоўных заводу і сялянаў. У дзіцячыя гады Чайкоўскі складаў няўмелыя вершы, пераважна францускай мовай, і вельмі цікавіўся біяграфіяй Людовіка XVII.
У лютым 1848 году бацька будучага кампазытара выйшаў у адстаўку з дараваньнем яму пэнсіі і чыну генэрал-маёра. У верасьні таго ж году ён зь сям’ёй часова пераехаў у Маскву дзеля разьвязаньня пытаньня аб прыватнай службе. Каб не хваляваць дзяцей, Дзюрбах, усьведамляючы, што стала ўжо непатрэбнай, употай ад дзяцей раніцай пакінула хату, пазьбегнуўшы кранальнага растаньня, і перайшла на службу да іншых памешчыкаў. У лістападзе сям’я пераехала ў Пецярбург, дзе Пятра і Мікалая аддалі ў пансіён Шмэлінга. Там малы браў урокі музыкі, на якіх зьявіліся першыя піяністычныя цяжкасьці. Сям’я таксама ўпершыню наведала тэатры, дзе на Пятра вялікае ўражаньне ўчынілі опэра, балет і сымфанічны аркестар. У Пецярбургу Пётар перахварэў на адзёр, які пакінуў ўскладненьні, зьвязаныя з працай цэнтральнай нэрвовай сыстэмы, то бок Чайкоўскі меў абморы, але, магчыма, яны былі ўспадкаваныя ад дзядулі Асьера.
Калі Мікалай паступіў у Інстытут корпуса горных інжынэраў, сям’я з пачатку 1849 году пераехала ў Алапаеўск, дзе Ільля заняў пасаду кіраўніка завода Якаўлевых. Дзеля падрыхтоўкі Пятра да паступленьня ў канцы 1849 году была нанятая новая гувэрнантка Анастасія Пятрова, якая толькі скончыла Мікалаеўскі інстытут у Пецярбургу[7]. 13 траўня [ст. ст. 1 траўня] 1850 ў Алапаеўску нарадзіліся браты-двайняты — Анатоль і Мадэст.
Бацькі плянавалі ўладкаваць Пятра на навучаньне таксама ў Горны корпус, як і Мікалая, аднак перагадалі. У пачатку жніўня 1850 году з маці і сёстрамі Зінаідай і Аляксандрай ён прыбыў у Санкт-Пецярбург дзеля паступленьня ў падрыхтоўчую клясу Імпэратарскай вучэльні правазнаўства, то бок закрытую мужчынскую навучальную ўстанову.
22 жніўня 1850 году яны з маці наведалі тэатар, дзе ладзілі опэру «Жыцьцё за цара» Міхаіла Глінкі, і ён упершыню пачуў расейскую опэру ў выкананьні вялікага аркестра, хору і салістаў, а ў сярэдзіне кастрычніка пабываў на балеце «Жызэль» Адольфа Адана, дзе галоўную партыю выконвала італьянская балерына Карлёта Грызі[7]. У кастрычніку Аляксандра вярнулася ў Алапаеўск. Растаньне з маці апынулася моцнай душэўнай траўмай. Ягоным пецярбурскім апякуном стаў сябар сям’і Мадэст Вакар, які забіраў нядзелямі яго поруч з братам Мікалаем да сябе[11]. У адную з такіх нядзеляў Чайкоўскі выпадкова занёс у іхны дом шкарлятыну, у выніку захварэў пяцігадовы сын Мадэста Вакара Мікалай і раптоўна сканаў. Пабачыўшы нябожчыка і ўпершыню сутыкнуўшыся з гэтым непапраўным горам, дзесяцігадовы Чайкоўскі ва ўсім вінаваціў сябе, але яго аніхто не папракаў[12] і нават хавалі ад яго дыягназ.
Да вясны 1851 году апека Мадэста Вакара зьмянілася апекай Івана Вейца і Платона Вакара. У красавіку таго ж году Пётар упершыню пабачыў імпэратара Мікалая I[13] на дзіцячым балі ў Дваранскім сходзе. У сэнтымэнтальна-гарачых лістах да бацькоў ён прасіў бацькоў наведаць яго, але за ўвесь 1851 год усяго на тры тыдні ў верасьні прыехаў толькі бацька.
У траўні 1852 году бацька сышоў з службы і зь сямействам пераехаў у Пецярбург, а Пётар пасьпяхова здаў уступныя іспыты ў «сапраўдную» клясу Вучэльні правазнаўства. Ягонымі кляснымі выхавацелямі былі[14] Іван Алопевус і Эдуард Гальяр дэ Бакара[15], але улюбёным настаўнікам быў Ёсіф Бэрар, які выкладаў літаратуру і францускую мову. У вучэльні ён таксама навучаўся ў Франца Бэкера фартэпіяну і сьпяваў у хоры пад кіраўніцтвам Гаўрыіла Ламакіна. Урокі з Бэкерам ня давалі плёну, але Чайкоўскі нядрэнна імправізаваў на зададзеныя тэмы на фісгармоніі і фартэпіяна[7]. Сочачы за музычным жыцьцём Пецярбургу, ён пачуў абедзьве опэры Глінкі, як то ягоную музыку да трагедыю Нестара Кукальніка «Князь Данііл Дзьмітрыевіч Холмскі», а таксама творы Джакама Мэербээра, Карла Марыі фон Вэбэра, а таксама пазнаёміўся з музыкай Даргамыскага, Шубэрта і Шумана.
У траўні 1853 году юнак-паэт Аляксей Апухцін апынуўся ў адной клясе зь Пятром, пасьля чаго яны пасябравалі на ўсё жыцьцё. Будучы самым блізкім сябрам, Апухцін зрабіў прыкметны ўплыў на Чайкоўскага, то бок на ягоную веру, каштоўнасьці, перакананьні і літаратурныя прыхільнасьці. У гэтыя гады Чайкоўскі пачаў актыўна чытаць, перадусім тыя кнігі, якія былі дома ў ягонага бацькі[16]. Маці Чайкоўскага ў 1854 годзе захварэла на халеру, у выніку чаго яна пайшла з жыцьця 25 чэрвеня [ст. ст. 13 чэрвеня] 1854. Шасьцёра дзяцей, зь якіх старэйшаму было шаснаццаць гадоў, ішлі за труной. Бацька таксама захварэў на халеру ў дзень пахаваньня жонкі, але выжыў[17]. Вярнуўшы Мікалая і Пятра ў клясы, а Аляксандру і Іпаліта накіраваўшы ў закрытыя навучальныя ўстановы, Ільля з чатырохгадовымі блізьнюкамі пераехаў на час да свайго брата.
У 1855—1858 гадах нямецкі піяніст Рудольф Кюндынгер, якога наняў дзеля сына быцька, выкладаў Пятру гру на фартэпіяна. На занятках Чайкоўскі таксама знаёміўся з заходняй інструмэнтальнай музыкай, выконваючы яе з выкладчыкам у чатыры рукі. Аднак, навучаньне з Кюндынгерам было спыненае ўвесну 1858 году, калі бацька страціў працу. Вярнуўшыся ў сям’ю пасьля заканчэньня інстытута Аляксандра стала галавой сям’і. З улікам ранейшых інжынэрных заслугаў бацька атрымаў месца дырэктара Тэхналягічнага інстытута і пераехаў зь дзецьмі ў вялікую казённую кватэру[18]. 25 траўня [ст. ст. 13 траўня] 1859 Чайкоўскі скончыў вучэльню, атрымаўшы атэстат і чын дзевятай клясы. Біёграфы адзначаюць, што не зважаючы на засільле цялесных пакараньняў у навучальных установах таго часу, Чайкоўскі ўнікнуў лупцаваньня[19], а таксама зьдзекаў з боку іншых навучэнцаў. Аднаклясьнік Чайкоўскага Фёдар Маслаў сьцьвярджаў, што ён быў улюбёнцам ня толькі таварышаў, але і настаўнікаў[20].
Адразу па заканчэньні вучэльні Чайкоўскі паступіў на службу ў першае аддзяленьне дэпартамэнту міністэрства юстыцыі[21], дзе пераважна разглядаў справы сялянаў. У вольны ад службы час ён пераймаўся рознымі прыдумкам, забаўкам і імпрэзам у кампаніі сястры Аляксандры, брата Мікалая, кузіны Анэт, сябра Апухціна ды іншых, а таксама наведваў опэрны тэатар, дзе пад уплывам сябра Люіджы Пічыёлі, зь якім ён практыкаваў італьянскую мову, надаваў перавагу італьянскай опэры[22].
У 1861 годзе ўпершыню ажыцьцявілася ягонае жаданьне зьездзіць за мяжу, гэтак з 18 чэрвеня па 21 верасьня 1861 году[23] ён суправаджаў бацькава знаёмага інжынэра Пісарава ў дзелавым падарожжы па Эўропе ў якасьці перакладніка і за тры месяцы наведаў Бэрлін, Гамбург, Брусэль, Антвэрпэн, Оостэндэ, Лёндан і Парыж. Пасьля цікавасьць да эўрапейскай культуры, веданьне некалькіх замежных моваў, у тым ліку валоданьне францускай і італьянскай мовамі, неабходнасьць адпачыць і папрацаваць з выгодай, а пазьней і ўдалая гастрольная дзейнасьць абумовілі прыкметнае месца замежных вандровак у жыцьці кампазытара[7][24].
Ідэя сумяшчаць дзяржаўную службу з музычнымі заняткамі належала бацьку кампазытара. Ён употай пракансультаваўся ў Кюндынгера, які раней займаўся музыкай зь ягоным сынам, і запытаў наконт музычнага таленту Пятра. Тым ня менш, былы настаўнік адзначыў брак музычнага таленту ды і зьвярнуў увагу на век Пятра, якому на той час ужо быў 21 год[25]. Не зважаючы на няўцешлівы водгук, ён прапанаваў свайму сыну працягнуць навучаньне музыцы, што той успрыняў спачатку несур’ёзна. Пазьней Кюндынгер з шкадаваньнем пісаў, што калі б мог прадбачыць, хто выйдзе з тагачаснага правазнаўца, то рабіў бы справаздачы заняткаў зь ім у свой дзёньнік[26][42].
У верасьні 1861 году Пётар паступіў у Музычныя клясы Расейскага музычнага таварыства, якія ў 1862 годзе былі пераўтвораныя ў Санкт-Пецярбурскую кансэрваторыю, дзе Чайкоўскі стаў адным зь першых студэнтаў у клясе кампазыцыі. Ягонымі настаўнікамі ў кансэрваторыі былі Мікалай Зарэмба (кантрапункт, музычная форма) і Антон Рубінштэйн (сачыненьне і інструмэнтоўка). Адначасна таксама ён навучаўся гры на флейце ў Чэзары Чыярдзі і на аргане ў Гэнрыха Штыля. Найбольш заўважнымі з аднаклясьнікаў былі Густаў Крос, Карл Фан-Арк і Рыхард Мэцдорф[27]. Да 1863 году Чайкоўскі спалучаў музычныя заняткі з працай чыноўніка, а затым на патрабаваньне Рубінштэйна ён кінуў службу і цалкам аддаўся музыцы.
У 1863 годзе Чайкоўскі наведаў прэм’еру опэры «Юдыта» Аляксандра Сярова. У кансэрваторыі ён пасябраваў з Германам Ларошам, які пазьней быдзе музычным крытыкам. Сябар раней за іншых здолеў ацаніць здольнасьць кампазытара. Лета 1865 году Чайкоўскі правёў у сястры ў Каменцы, а затым вярнуўся ў Пецярбург, дзе пераехаў у пустую кватэру Апухціна, які зьехаў у Маскву. У адзіноце і беднасьці яго часта наведвалі думкі аб вяртаньні на службу ў дэпартамэнт[28].
Сярод ягоных кансэрваторскіх твораў была ўвэртура «Навальніца» паводле аднайменнай п’есы Аляксандра Астроўскага і «Характэрныя танцы» дзеля сымфанічнага аркестра, якія ўвайшлі пазьней у опэру «Ваявода». «Характэрныя танцы» ўпершыню былі выкананыя 30 жніўня 1865 году ў канцэртнай зале Паўлаўска. Затым ён сам быў дырыгентам сваёй новай увэртуры ў Міхайлаўскім палацы[29]. Дыплёмнай працай Чайкоўскага была кантата «Да радасьці» на расейскамоўны пераклад аднайменнай оды Фрыдрыха Шылера, выкананая 10 студзеня [ст. ст. 29 сьнежня] 1866. Кампазытар на прэм’еры адсутнічаў, а пецярбурскіх музыкаў твор не ўразіў. Чайкоўскі быў прызнаны зусім слабым, але толькі Ларош быў ў захапленьні ад кантаты[30]. Тым ня менш, кампазытар скончыў курс Пецярбурскай кансэрваторыі зь вялікім срэбраным медалём, якая была найвышэйшай узнагародай у той час.
Паводле парады Антона Рубінштэйна ягоны брат Мікалай, які прыехаў у Санкт-Пецярбург за новымі кадрамі, прапанаваў Чайкоўскаму месца прафэсара клясаў вольнага сачыненьня, гармоніі, тэорыі музыкі і інструмэнтоўкі ў Музычных клясах Расейскага музычнага таварыства ў Масква[31]. Па заканчэньні кансэрваторыі, 17 студзеня [ст. ст. 5 студзеня] 1866 Чайкоўскі зьехаў зь Пецярбурга ў Маскву[32], дзе хутка пачаў сваю пэдагагічную дзейнасьць. Фармальна Чайкоўскі яшчэ быў на дзяржаўнай службе, гэтак у траўні 1866 году ён атрымаў чын надворнага дарадцы, а ў 1867 годзе афіцыйна пайшоў у адстаўку. Беручы пад увагу складаны матэрыяльны стан маладога кампазытара, Рубінштэйн прапанаваў яму пасяліцца ў сваёй кватэры на Маховай вуліцы. Музычныя клясы былі рэарганізаваныя ў Маскоўскую кансэрваторыю, урачыстае адкрыцьцё якой адбылося 13 верасьня [ст. ст. 51 верасьня] 1866.
У 1868 годзе Чайкоўскі ўпершыню выступіў у друку як музычны крытык і пазнаёміўся з купай пецярбурскіх кампазытараў, вядомых як «Магутная купка». Не зважаючы на рознасьць творчых поглядаў, паміж імі склаліся добрыя стасункі. У Чайкоўскага выявілася цікавасьць да праграмнай музыкі. Паводле парады кіраўніка «Магутнай купкі» Мілія Балакірава ён напісаў увэртуру-фантазію «Рамэо і Джульета» паводле аднайменнай трагедыі Ўільяма Шэксьпіра (1869), а крытык Уладзімер Стасаў падказаў яму задуму сымфанічнай фантазіі «Бура» (1873). У канцы траўня, па заканчэньні навучальнага году ў кансэрваторыі, прафэсар Чайкоўскі на запрашэньне і на сродкі свайго вучня Ўладзімера Шылоўскага паехаў зь ім на тыдзень у Бэрлін, а потым на пяць тыдняў у Парыж. У тым жа годзе Чайкоўскі пазнаёміўся з Дэзырэ Арто.
У траўні 1870 году Чайкоўскі і Шылоўскі правялі некалькі дзён у Парыжы, а затым наведалі Нямеччыну, дзе былі на музычным фэстывалі ў Мангайме, прысьвечанаму 100-годзьдзю Бэтговэна. Канец лета яны правялі ў Інтэрлякене ў Швайцарыі, дзе кампазытар працаваў над другой рэдакцыяй увэртуры «Рамэо і Джульета». У сьнежні 1871 году Шылоўскі зноў паклікаў Пятра за мяжу. Яны наведалі Ніццу, Геную, Вэнэцыю і празь Вену вярнуліся ў Расею. У Ніццы Чайкоўскі напісаў дзьве п’есы для фартэпіяна — «Накцюрн» і «Гумарэска», прысьвяціўшы іх Шылоўскаму[33].
З 1872 па 1876 гады ён таксама працаваў музычным крытыкам у газэце Расейскія ведамасьці, якая мела рэпутацыю лева-лібэральнага воргана друку. 14 красавіка 1874 году кампазытар паехаў у Італію, каб затым напісаць рэцэнзію на пастаноўку опэры «Жыцьцё за цара» Глінкі ў Міляне. З прычыны таго, што прэм’ера была перанесеная на сярэдзіну траўня, Чайкоўскі ня стаў губляць час і два тыдні прысьвяціў шпацырам вулачкамі Вэнэцыі, Рыму, Нэапалю і Флярэнцыі. У ліпені 1873 году кампазытар поруч з сваім выдаўцом Пятром Юргенсанам пабывалі ў Швайцарыі, наведаўшы Цюрых, Люцэрн, Бэрн і Жэнэву, а затым з Швайцарыі яны праехалі праз Італію ў Парыж, а ў пачатку жніўня Чайкоўскі вярнуўся ў Расею. У канцы сьнежня 1875 году Чайкоўскі яшчэ раз наведаў Эўропу, але гэтым разам з братам Мадэстам, якога бацькі выправілі на год у Ліён дзеля вывучэньня мэтодыкі навучаньня глуханямых. Браты правялі каля двух тыдняў у Бэрліне, Жэнэве і Парыжы, а затым расталіся. У Парыжы кампазытар праслухаў опэру «Кармэн» Бізэ, якая ўразіла яго сваёй прастэчай і шчырасьцю.
Чайкоўскі быў першым прафэсарам кампазыцыі ў кансэрваторыі. Штогод Чайкоўскі выкладаў музычна-тэарэтычныя дысцыпліны 60—90 студэнтам. Тыднёвая нагрузка складала 20—27 гадзінаў[34]. Уцягнуты ў тэмп кансэрватарскага жыцьця, ён ня раз згадваў у лістах, што ўласнай музыкай у гэты час займаўся толькі ў вольны час. Да пачатку 1870-х гадоў кампазытар рупліва браў удзел у арганізацыі кансэрваторскага навучальнага працэсу, у распрацоўцы навучальных праграмаў і інструкцыяў. Быў уключаны ў Раду прафэсараў. Брак айчыннай вучэбна-мэтадычнай літаратуры падштурхнуў Чайкоўскага да працы над перакладамі твораў замежных музыказнаўцаў і тэарэтыкаў[35][36], а таксама да напісаньня ўласных падручнікаў. Напружаная і плённая дзейнасьць прафэсара высока ацэньвалася сучасьнікамі, але ў грашовым стаўленьні гэтая ацэнка выглядала досыць сьціпла. Да канца працы ў кансэрваторыі ягоны гадавы прыбытак узьняўся з 1200 рублёў да 2700 рублёў срэбрам.
У 1870-я гады Чайкоўскі, аўтар ужо шматлікіх вядомых твораў, зразумеў, што цяжкая пэдагагічная праца ў кансэрваторскіх клясах замінае ягонай творчай дзейнасьці. У ліпені 1877 году, захапіўшыся складаньнем опэры «Яўген Анегін», Пётар Чайкоўскі імпульсіўна ўзяў шлюб з былой студэнткай кансэрваторыі Антанінай Мілюковай. У стане скрайняй нэрвовай узрушанасьці, выкліканай з пасьпешлівай жаніцьбай і парывам, Чайкоўскі ў суправаджэньні брата Анатоля 1 кастрычніка 1877 году зьехаў у Швайцарыю і пасяліўся ў навакольлях Жэнэвы. Маральную і матэрыяльную падтрымку яму ў гэты час надала Надзея фон Мэк, зь якой кампазытар ў пэрыяд з 1876 па 1890 гады актыўна ліставаўся, але аніколі ня бачыўся асабіста. Маёнтаку фон Мэкаў у Браілава Чайкоўскі прысьвяціў цыкль з трох п’есаў для скрыпкі і фартэпіяна «Успамін пра дарагое месца», створаны ў сядзібным доме гэтага маёнтка ў 1878 годзе і апублікаваны ў 1879 годзе[37]. З пачатку лістапада браты Чайкоўскія падарожнічалі, наведаўшы Парыж, Флярэнцыю, Рым, Вэнэцыю, Вену, Сан-Рэма і Геную. Паступова Чайкоўскі пачаў прыходзіць у сябе. 9 сьнежня 1877 году з Вэнэцыі ён напісаў фон Мэк, што заняты працай над Чацьвертай сымфоніяй. У студзені ў Сан-Рэма Чайкоўскі заняўся завяршальнай часткай опэрай «Яўген Анегін».
Штогадовая субсыдыя ў памеры 6000 рублёў, прызначаная Надзеяй фон Мэк, дазволіла кампазытару засяродзіцца на творчасьці. 6 кастрычніка 1878 году Чайкоўскі правёў апошнія заняткі ў кансэрваторыі. Месца прафэсара ў клясе заняў ягоны улюбёны і таленавіты вучань Сяргей Танееў. Чайкоўскі і пасьля сыходу з выкладчыцкай працы заставаўся неабыякавым да расейскай музычнай адукацыі. Ён хадайнічаў аб вяртаньні на працу ў кансэрваторыю Мікалая Губерта, якога звольнілі праз нутраныя канфлікты. У 1885 годзе галасаваў за кандыдатуру Танеева на выбарах новага дырэктара.
Дасягнуўшы да канца 1870-х гадоў вялікіх творчых вышыняў, будучы аўтарам такіх твораў, як то «Франчэска да Рыміні», Чацьвертая сымфонія, опэра «Яўген Анегін», балет «Лебядзінае возера», Першы фартэпіянны канцэрт, Чайкоўскі на рубяжы дзесяцігодзьдзяў дасягнуў этапу мастацкай сталасьці.
У 1880 годзе за увэртуру «1812 год» Чайкоўскі атрымаў ордэн Сьвятога Ўладзімера IV ступені. У траўні 1881 году зьвярнуўся з просьбай аб выдачы яму з казённых сумаў трох тысяч рублёў срэбрам у пазыку. Просьба была адрасаваная імпэратару Аляксандру ІІІ, але сам ліст быў накіраваны обэрпракурору Сьвяцейшага Сыноду Канстанціну Пабеданосцаву з прычыны таго, што апошні мусіў ведаць кампазытара[38]. Чайкоўскі тлумачыў прычыну свайго звароту, тым што ўжо меў пазыкі[38]. У выніку аўтар атрымаў ад імя імпэратара тры тысячы рублёў як незваротную дапамогу[39]. Чайкоўскі дзякаваў імпэратару і Пабеданосцаву.
У сярэдзіне 1880-х гадоў Чайкоўскі вярнуўся да актыўнай музычна-грамадзкай дзейнасьці. З канца 1880-х гадоў выступаў як дырыгент як у Расеі, гэтак і за мяжой. Канцэртныя паездкі ўмацавалі творчыя і сяброўскія сувязі Чайкоўскага з заходнеэўрапейскімі музыкамі, сярод якіх былі Ганс фон Бюляў, Эдвард Грыг, Антанін Дворжак, Густаў Малер, Артур Нікіш, Каміль Сэн-Санс ды іншыя. Увесну 1891 году кампазытар пачаў вандроўку ў ЗША. Там як дырыгент сваіх твораў удала выступіў у Нью-Ёрку, Балтымары і Філадэлфіі. У Нью-Ёрку ён дырыгаваў Нью-ёркскім сымфанічным аркестрам на адкрыцьці Карнэгі-Хола. У апошні раз у жыцьці Чайкоўскі быў дырыгентам у Пецярбургу за дзевяць дзён да сваёй сьмерці. У другім аддзяленьні гэтага канцэрту ўпершыню прагучала ягоная Шостая сымфонія.
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.