Помнікі прыроды Беларусі
асабліва ахоўныя прыродныя дзялянкі Беларусі / From Wikipedia, the free encyclopedia
По́мнікі прыро́ды Белару́сі — асабліва ахоўныя прыродныя дзялянкі Беларусі, абвешчаныя дзеля захаваньня каштоўных прыродных мясьцінаў.
Паводле 4-га артыкула Закону Рэспублікі Беларусь ад 15 лістапада 2018 году № 150-З «Аб асабліва ахоўных прыродных тэрыторыях», помнікі прыроды падзяляліся на 3 віды: 1) батанічныя (дзялянкі лесу з каштоўнымі пародамі дрэваў, старадаўнія паркі, асобныя векавыя дрэвы і дрэвы рэдкай пароды, дзялянкі зь некранутай і асабліва каштоўнай расьліннасьцю); 2) водныя (крыніцы і ручаі), 3) геалягічныя (асобныя рэдкія віды рэльефа, разьмешчаныя ў прыродным асяродзьдзі мінэралягічныя і палеанталягічныя матэрыялы). Помнікі прыроды могуць быць мясцовай і рэспубліканскай значнасьці. Згодна з 8-м артыкулам Закону Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя Рэспублікі Беларусь «прымае рашэньні пра абвяшчэньне, пераўтварэньне, спыненьне існаваньня помнікаў прыроды рэспубліканскай значнасьці». Паводле 9-га артыкула, мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы прымаюць такія рашэньні датычна помнікаў прыроды мясцовай значнасьці. Згоднам з 14-м артыкулам плянаваньне такіх мясцовых рашэньняў улучаецца ў «абласныя схемы разумнага разьмяшчэньня асабліва ахоўных прыродных тэрыторыяў (ААПТ) мясцовай значнасьці», якія «распрацоўваюцца абласнымі, Менскім гарадзкім выканаўчым камітэтам сумесна з Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусі на 10-гадовы тэрмін». Для вылучэньня земляў пад такія схемы «распрацоўваюцца навуковыя абгрунтаваньні межаў, плошчы ААПТ і сьпіс землекарыстальнікаў, чые дзялянкі ўлучаюцца ў склад земляў» помнікаў прыроды[1]. На 2020 год у 6-і абласьцях Беларусі знаходзілася 605 помнікаў прыроды мясцовай значнасьці і 326 — рэспубліканскай. Сярод заказьнікаў мясцовай значнасьці налічваўся 271 батанічны (45%), 256 геалягічных (42%) і 78 водных (13%). У Берасьцейскай вобласьці знаходзілася 67 помнікаў прыроды мясцовай значнасьці, у Віцебскай — 167, у Гарадзенскай — 131, у Гомельскай — 51, у Магілёўскай — 76 і ў Менскай — 113[2].