From Wikipedia, the free encyclopedia
Плябанскія Млыны — гістарычная мясцовасьць Менску, разьмешчаная на беразе Сьвіслачы вакол комплексу вадзяных млыноў. Ад пачатку левабярэжны млын належаў менскаму дамініканскаму кляштару, правабярэжны — уніяцкай царкве. Пазьней першы млын перайшоў у валоданьне касьцёла Найсьвяцейшай Тройцы на Залатой Горцы, другі — да Архірэйскага двара Маскоўскага патрыярхату.
З боку Траецкай Гары да млыноў ішла аднайменная вуліца (у 1866 року ўлады Расейскай імпэрыі перайменавалі яе ў Шырокую, цяпер Куйбышава). Непадалёк ад млыноў знаходзіўся пляц з домам Вінцэнта Дунін-Марцінкевіча (пазьней у валоданьні І. Андрэеўскага, П. Наркевіч). Адной з адметнасьцяў мясцовасьці быў дом Пільдана на Плябанскім завулку.
У 1893 року месьцічы, якія жылі ў Плябанскіх Млынах пачалі скардзіцца на вялікую шкоду тутэйшай плаціны. Збудаваньне стрымлівала вольную пратоку вады, што вяло да забалочваньня мясцовасьці і паводак. Апроч таго, маларухомая вада зьбірала брудныя сьцёкі з суседніх рынку і лякарні і такім чынам рабілася крыніцай эпідэмічных захворваньняў.
Па абсьледваньні стану мясцовасьці мескі санітарны камітэт пастанавіў, што плаціну мэтазгодна зруйнаваць. Тады ж меская ўправа пачала перамовы з канторай архірэйскага дома і плябаніяй касьцёла Найсьвяцейшай Тройцы. Прадстаўнікі Маскоўкага патрыярхату згадзіліся зьнесьці млын за 12,6 тыс. рублёў, каталікі — за 10 тыс. Але такіх грошаў у места не знайшлося, а хадайніцтва на атрыманьне ўрадавай пазыкі засталося безвыніковым.
Справа аб выкупе млыноў разглядалася ў Сынодзе — найвышэйшай духоўнай інстанцыі Расейскай імпэрыі. У сакавіку 1900 року той дазволіў прадаць архірэйскі млын, але толькі на знос бяз права на прылеглую зямлю. Такая ўмова не задаволіла мескія ўлады, якія жадалі выкупіць млын разам зь зямлёй. У сваю чаргу архірэйскі дом, каб яшчэ раз падкрэсьліць свае ўласьніцкія правы, пачаў рамантаваць млын і сваю частку плаціны. У 1901 року ўлады спрабавалі зруйнаваць млын судовым парадкам, але беспасьпяхова.
Па вялікай вясновай паводцы 1906 року, якая амаль разбурыла плаціну, зноў паўстала пытаньне аб выкупе. Праз колькі рокаў места купіла ў касьцёла ягоны млын разам з прылеглай зямлёй за першапачатковую суму. Управа спадзявалася распаўсюдзіць свае правы і на астатнюю частку плаціны. У 1909 року ў час вясновага крыгаходу мэр места Стэфановіч загадаў зьняць усе засаўкі каб пазьбегнуць паводкі. Аднак архіяпіскап Маскоўскага патрыярхату Міхаіл за парушэньне правоў уласнасьці прыцягнуў увесь склад мескай управы да судовай адказнасьці. Пан Стэфановіч страціў пасаду.
У 1911 року ўправа аднавіла перамовы наконт выкупу плаціны і млына. Аднак пры падпісаньні канчатковых дакумэнтаў высьветлілася, што места заплаціўшы значна большую суму (17 тыс. рублёў) так і не набыло правоў на зямлю пад плацінай. Тым часам жыхары прыбярэжных раёнаў па-ранейшаму цярпелі ад частых паводак і пілі ваду, зусім не прыдатную да ўжываньня (у ёй, у прыватнасьці, ішло гніеньне трупаў жывёлаў, затрыманых плацінай).
У траўні 1913 року тэрмін арэнды архірэйскага млына скончыўся. Але мескай управе так і не ўдалося дамовіцца наконт выкупу, таму арэнда працягнулася на новае дзесяцігодзьдзе. Плаціна не была зьнесенай.
Такім чынам, непахіснасьць палажэньняў закону аб прыватнай уласнасьці і бязглуздыя амбіцыі Маскоўскага патрыярхату перамаглі першачарговую неабходнасьць паляпшэньня санітарнага стану Менску[1].
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.