Палёт над гняздом зязюлі (фільм)
From Wikipedia, the free encyclopedia
«Палёт над гняздом зязю́лі» (па-ангельску: One Flew Over the Cuckoo’s Nest) — мастацкі фільм-драма рэжысэра Мілаша Формана, экранізацыя аднайменнага раману Кена Кізі. Прэм’ера фільму адбылася 19 лістапада 1975 году на Чыкагаўскім кінафэстывалі. Ён стаў другім фільмам у гісторыі сусьветнага кінэматографу, які атрымаў Оскар у пяцёх самых прэстыжных намінацыях, што раней атрымалася зрабіць толькі кінастужцы «Гэта здарылася адной ноччу» (1934)[5]. Такую ж «Вялікую пяцёрку» яму ўдалося атрымаць у пяці намінацыях на Залаты Глёбус — адзіны раз у гісторыі кіно. Фільм, які распавядае пра драму ў псыхіятрычнай лякарні, здымаўся амаль цалкам у аддзяленьні дзеля псыхічнахворых людзей шпіталю штату Арэгон. Гледачы вельмі цёпла ўспрынялі карціну. Фільм здолеў назьбіраць больш за $100 млн у пракаце ў ЗША. Крытыка высока адзначыла рэжысуру і акторскую гульню, прызнаўшы «Палёт над гняздом зязюлі» адною з найважнейшых кінастужак «новай хвалі» амэрыканскага кінэматографу 1970-х гадоў.