From Wikipedia, the free encyclopedia
Палацава-паркавы комплекс Рдултоўскіх — помнік архітэктуры і садова-паркавага мастацтва першай паловы XIX ст. у Снове. Знаходзіцца на паўночна-ўсходняй ускраіне колішняга мястэчка, на раўнінным беразе ракі Сноўкі. Твор архітэктуры клясыцызму. Аб’ект Дзяржаўнага сьпісу гістарычна-культурных каштоўнасьцяў Беларусі.
Помнік грамадзянскай архітэктуры | |
Палацава-паркавы комплекс Рдултоўскіх | |
Палац Рдултоўскіх | |
Краіна | Беларусь |
Вёска | Сноў |
Каардынаты | 53°13′22.94″ пн. ш. 26°24′47.15″ у. д. |
Архітэктурны стыль | клясыцыстычная архітэктура[d] |
Аўтар праекту | Браніслаў Тычэцкі[d] |
Заснавальнік | Казімір Рдултоўскі[d] |
Дата заснаваньня | 1827 |
Статус | Дзяржаўны сьпіс гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь |
Палацава-паркавы комплекс Рдултоўскіх | |
Палацава-паркавы комплекс Рдултоўскіх на Вікісховішчы |
Маёнтак Сноў перайшоў да Рдултоўскіх ад Я. Пратасевіча. Першы палац тут, відаць, збудаваў у 1760 годзе Ян Хрызастом Рдултоўскі (1735—1791). У 1764 годзе ў ім спыняўся кароль і вялікі князь Станіслаў Аўгуст Панятоўскі. Паводле радзіннай хронікі Рдултоўскіх, гэты палац разбурылі ў час Барскай канфэдэрацыі.
Аднаўленьне сядзібы адбылося за Казімерам Рдултоўскім (1785—1855), які стварыў тут рэзыдэнцыю зь зімовым садам і галерэяй, заснаваў у Адахаўшчыне суконную фабрыку. Будаваньне мураванага палаца скончылася ў 1827 годзе паводле праекту архітэктара Браніслава Тычэцкага[1].
У 1854 годзе маёнтак і палац перайшлі да барона Густава Гартынга (1819—1879), які парадніўся зь мясцовымі зямянамі і асыміляваўся ў мясцовым асяродзьдзі. Пазьней маёнтак перайшоў у валоданьне яго сына — Мікалая, а потым унука — Генрыка, жанатага з Тэкляй Неміровіч-Шчыт.
Па рамонце каля 1925 году барон Генрык Гартынг прыстасаваў палац пад канцылярыю і жытло Корпусу аховы памежжа. Сам барон жыў побач у адной з гаспадарчых пабудоваў маёнтку.
За савецкім часам у будынку разьмяшчалася вайсковая мэдычная ўстанова.
Палац — помнік архітэктуры клясыцызму, кампазыцыйны цэнтар буйнамаштабнага манумэнтальнага ансамблю, арганізаванага паводле прынцыпу сымэтрычна-восевага пляну[2]. Гэта 2-павярховы цэнтральны аб’ём, які злучаецца бакавымі крыламі-калянадамі з павільёнамі. Галоўны ўваход вылучаецца 4-калённым портыкам іянічнага ордэра. Такі ж портык, але зь меншым выступам ад роўніцы сьцяны месьціцца з боку парку. Левае крыло мае выгляд адкрытай галерэі — калянады, а правае — калянады, якая далучаецца да фасаднай сьцяны. У неглыбокіх і роўных нішах павільёнаў разьмяшчаюцца вокны з сандрыкамі, а ў верхняй частцы сьценаў — рэльеф расьліннага арнамэнту.
Усярэдзіне мае больш за 100 памяшканьняў. Уваходныя вэстыбюлі злучаюцца паміж сабою і асноўнымі памяшканьнямі палаца — залямі, гасьцёўнямі, кабінэтамі, разьмешчанымі на першым паверсе. Парадная заля мае ў пляне прастакутную форму, яе плошча перавышае 100 м². Шэсьць высокіх вокнаў, якія выходзяць на абодва фасады палаца (па тры на кожны), забясьпечваюць вялікую лёгкасьць інтэр’еру. Заля аздабляецца нішамі, скульптурай, калянадамі, захавалася кафляная печ.
Пэйзажны парк пэрымэтрам ахопліваецца алеяй, на якую выводзіць цэнтральная 3-радная алея зь ясеняў і клёнаў. Да цэнтральнай параднай часткі з правага (паўднёвага) боку далучаецца вялікі вадаём, зь левага — пладовы сад з алеяй зь ясеняў і ліпаў. Сыстэма каналаў утварыла некалькі выспаў мудрагелістай формы, шчыльна зарослых хмызьняком і дрэвамі розных пародаў.
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.