![cover image](https://wikiwandv2-19431.kxcdn.com/_next/image?url=https://upload.wikimedia.org/wikipedia/commons/thumb/5/54/Aletschgletscher.jpg/640px-Aletschgletscher.jpg&w=640&q=50)
Нівальна-гляцыяльная зона
From Wikipedia, the free encyclopedia
Нівальна-гляцыйная зона (пояс) — найвышэйшы ляндшафтна-кліматычны пояс у гарах. Ён разьмешчаны звычайна вышэй за сьнегавую лінію, хоць з-за мяцеліцавай і сьнегазвальнай канцэнтрацыі сьнегу, а таксама высоўваньня ледавікоў на больш нізкія гіпсамэтрычныя ўзроўні ўчасткі нівальна-гляцыяльнай зоны можна сустрэць і ніжэй за межы харчаваньня ледавікоў.
![Thumb image](http://upload.wikimedia.org/wikipedia/commons/thumb/5/54/Aletschgletscher.jpg/320px-Aletschgletscher.jpg)
У палярных і субпалярных абласьцях гэтая зона часта апускаецца да ўзроўню мора і нават ніжэй (у некаторых сэктараў краю Антарктычнага ледавіковага покрыва). Ва ўнутрыкантынэнтальных абласьцях нівальна-гляцыяльная зона займае самае высокае становішча. Так, у арыдных гарах Цэнтральнай Азіі, а таксама ў паўднёваамэрыканскіх Андах гэты пояс паднімаецца часам вышэй за 6500 мэтраў над узроўнем мора.
Для нівальна-гляцыяльнай зоны характэрны нівальна-гляцыяльныя кліматы і, адпаведна — наяўнасьць нівальна-гляцыяльных сыстэмаў, гэта значыць шматгадовых запасаў сьнегу, зерналёду і лёду — пераважна ў складзе ледавікоў. У цэлым нівальна-гляцыяльнай зоне ўласьцівае спалучэньне сьнежнікаў і ледавікоў з выхадамі карэнных парод, асыпкамі, курумамі. Тут інтэнсіўна адбываюцца працэсы фізычнага, галоўным чынам марознага, выветрываньня.
Арганічны сьвет убогі, аднак даволі экзатычны. У высакагор’і нівальна-гляцыйнага пояса можна сустрэць сьнежных барсаў (ірбісаў), мядзьведзяў, горных бараноў — тэкё і г. д. Глебы на адкрытых ад сьнега і лёду паверхнях прымітыўныя, шкілетныя, або адсутнічаюць зусім.