адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка ў Гарадзенскай вобласьці Беларусі From Wikipedia, the free encyclopedia
Масто́ўскі раён — адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка на захадзе Гарадзенскай вобласьці Беларусі. Плошча раёну складае 1,3 тыс. км². Насельніцтва на 2018 год — 28 233 чалавекі[2]. Адміністрацыйны цэнтар — места Масты.
Мастоўскі раён | |
Агульныя зьвесткі | |
---|---|
Краіна | Беларусь |
Статус | раён Беларусі |
Уваходзіць у | Гарадзенская вобласьць |
Адміністрацыйны цэнтар | Масты |
Дата ўтварэньня | 15 студзеня 1940 |
Кіраўнік | Юры Валеваты[d][1] |
Насельніцтва (2018) | 28 233[2] |
Шчыльнасьць | 21 чал./км² |
Плошча | 1341,28[3] км² |
Вышыня па-над узр. м. · сярэдняя вышыня | 105 м[4] |
Месцазнаходжаньне Мастоўскага раёну | |
Мэдыя-зьвесткі | |
Часавы пас | UTC +3 |
Тэлефонны код | +375-15-15 |
Паштовыя індэксы | 231 6хх |
Афіцыйны сайт | |
Дадатковыя мультымэдыйныя матэрыялы |
На захадзе мяжуе зь Бераставіцкім, на паўночным захадзе — з Гарадзенскім, на поўначы — з Шчучынскім, на ўсходзе — зь Зьдзецельскі м, на поўдні — з Ваўкавыскім і Зэльвенскім раёнамі Гарадзенскай вобласьці.
У 1921 годзе Заходняя Беларусь увайшла ў склад Польшчы. Было створана 3 ваяводзтвы: Беластоцкае, Наваградзкае, Палескае. Ваяводзтвы падзяляліся на паветы, тыя ў сваю чаргу — на гміны. Мастоўшчына адносілася да Слонімскага (Курылавіцкая гміна), Ваўкавыскага (Пескаўская гміна), Гарадзенскага паветаў (Мастоўская, Дубненская, Луньненская і Гудзевіцкая гміны).
У верасьні 1939 году Заходняя Беларусь была далучана да БССР. Рашэньнем ураду БССР ад 15 студзеня 1940 году праведзена адміністрацыйна-тэрытарыяльнае дзяленьне Заходняй Беларусі. Было створана 5 абласьцей і 101 раён. Мастоўскі раён утвораны з цэнтрам у мястэчку Масты. У яго склад увайшлі Мастоўская воласьць, часткі Пескаўскай і Крамяніцкай валасьцей Ваўкавыскага павету, Курылавіцкая і частка Дзярэчынскай воласьці Слонімскага павету. Тэрыторыя раёну раўнялася 688,8 км², у населеных пунктах пражывала 33 908 чалавек. Максымальная адлегласьць паміж межамі раёну: з поўначы на поўдзень — 30 км, з захаду на ўсход — 37 км.
У раёне налічвалася каля 38 тысячаў гектараў ворнай зямлі. Тэрыторыю раёну перасякала чыгунка Беласток — Ліда і шашэйная дарога Ражанка — Ваўкавыск. У раёне мелася 36 школ.
21 кастрычніка 1940 году раёны былі падзелены на сельсаветы. У Мастоўскім раёне 111 населеных пунктаў былі разьмеркаваны паміж 11 сельсаветамі. Тады былі створаны наступныя сельсаветы: Азёркаўскі (8 вёсак, 3008 чалавек), Асаўлянскі (пазьней Малькавіцкі; 11 вёсак, 1325 жыхароў), Бялавіцкі (13 вёсак, 2877 жыхароў), Галынкаўскі (пазьней Мікелеўшчынскі; 7 вёсак, 1900 жыхароў), Занёманскі (з цэнтрам у вёсцы Занёманск), Курылавіцкі (10 вёсак, 3168 жыхароў), Мастоўскі (11 вёсак, 4735 жыхароў), Мілявіцкі (12 вёсак, 3849 чалавек), Пескаўскі (10 вёсак, 4168 жыхароў), Рагозьніцкі (9 вёсак, 2254 жыхары) і Самуйлавіцкі (пазьней Пацавіцкі; 13 вёсак, 3486 жыхароў).
У 1944 годзе частка Беластоцкай вобласьці з горадам Беластокам перададзена Польшчы. 20 верасьня 1944 году ўтворана Гарадзенская вобласьць, куды ўвайшоў і Мастоўскі раён. 5 красавіка 1960 году да Мастоўскага раёну быў далучаны Дубненскі сельсавет Скідзельскага раёну. 16 ліпеня 1954 году скасаваны Занёманскі сельсавет, яго землі перайшлі ў Мастоўскі, а Бялавіцкі сельсавет перайменаваны ў Зарудаўеўскі. Рагозьніцкі сельсавет быў далучаны да Самуйлавіцкага. 25 лютага 1961 году Самуйлавіцкі сельсавет перайменаваны ў Пацавіцкі.
У сувязі са скасаваньнем Зэльвенскага раёну з 17 красавіка 1962 году ў складзе Мастоўшчыны апынуліся Дзярэчынскі і Марачоўскі сельсаветы. Аднак у сувязі са стварэньнем так званых калгасна-саўгасных і прамысловых упраўленьняў 25 сьнежня 1962 году Мастоўскі раён быў скасаваны. Мастоўскі, Мікелеўшчынскі і Дубненскі сельсаветы перададзены ў Шчучынскі раён, астатнія землі разам з горадам Масты ўвайшлі ў склад Ваўкавыскага раёну.
6 студзеня 1965 году Мастоўскі раён быў адноўлены. У сувязі з аднаўленьнем 30 ліпеня 1966 году Зэльвенскага раёну ад Мастоўшчыны адышлі г. п. Зэльва, Дзярэчынскі і Марачоўскі сельсаветы. За Мастоўскім раёнам засталіся Багатырэвіцкі, Луньненскі і Русінаўскі сельсаветы Гарадзенскага раёну, Галубоўскі Жалудоцкага раёну, Воўпянскі Ваўкавыскага раёну. У 1974 годзе аб’яднаныя Курылавіцкі і Мілявіцкі сельсаветы з цэнтрам у Курылавічах. 8 верасьня 1975 году Багатырэвіцкі сельсавет перайменаваны ў Глядавіцкі, крыху раней — Русінаўскі ў Харціцкі.
На 1 студзеня 1997 году ў раёне налічвалася 14 сельсаветаў. У 2004 годзе скасаваны Малькавіцкі сельсавет. Цяпер у раёне налічваецца 154 сельскія населеныя пункты і горад Масты.
Тэрыторыя раёну разьмешчаная ў межах Верхнянёманскай нізіны. Рэльеф — раўнінны, агульны нахіл з поўдня на поўнач да даліны ракі Нёман. Пераважае вышыня (80% тэрыторыі) 120 мэтраў над узроўнем мора. Найвышэйшы пункт — 167 мэтраў (2 км на поўдзень ад вёскі Вялікая Рагозьніца).
На тэрыторыі раёну разьмешчаны паклады крэйды, глінаў і суглінак, торфу, пяскова-жвіровага матэрыялу.
Клімат умерана кантынэнтальны. Сярэдняя тэмпэратура студзеня −5,1 °C, ліпеня 17,8 °C. Сярэднярочная колькасьць ападкаў складае 630 мм. Працягласьць вэгетацыйнага пэрыяду 198 дзён.
Працякаюць рэкі Нёман з прытокамі Шчара зь Сіпай, Зальвянка, Рось, Ельня. На тэрыторыі раёну разьмешчаныя мэліярацыйныя каналы: Нацква, Ланцавічы, Міклашэўскі.
Лясы сустракаюцца іглічныя, яловыя, чорнаалешнікавыя, бярозавыя, дубовыя, грабавыя, ясянёвыя. Лясы займаюць 33% тэрыторыі раёну. Суцэльныя масівы лесу захаваліся ўздоўж ракі Нёман (частка Нёманскіх лясоў і Ліпічанскай пушчы). Агульная плошча балотаў 20,7 тыс. га, асушаных 17,2 тыс. га.
Глебы пераважаюць дзярнова-падзолістыя (54,3%), дзярнова-падзолістыя забалочаныя (14,4%), тарфяна-балотныя (14,8%), дзярновыя і дзярнова-карбанатныя забалочаныя (11,8%).
Насельніцтва раёну складае 34,1 тыс. чалавек (2008). Сярэдняя шчыльнасьць — 26,23 чалавек на 1 км². На 1 студзеня 2007 году ў раёне жыло 34,9 тыс. чалавек, у тым ліку дзяцей да 17 гадоў — 7656. Мескае насельніцтва складала 16,6 тыс., сельскае — 18,3 тыс. чалавек.
У раёне разьмешчаныя 2 гімназіі; 6 навучальна-пэдагагічных комплексаў «Дзіцячы садок-школа»; 11 сярэдніх школ; 4 базавыя школы; 2 дашкольныя цэнтры разьвіцьця дзіцяці; 6 ясьляў-садкоў; 9 дзіцячых садкоў.
Мэдычная дапамога насельніцтву раёну аказваецца Мастоўскай цэнтральнай раённай лякарняй на 250 ложкаў, раённай паліклінікай на 275 наведваньняў у зьмену з жаночай і дзіцячай кансультацыямі, аддзяленьнямі хуткай мэдычнай дапамогі, пераліваньня крыві, зубапратэзным аддзяленьнем, 2 участковымі лякарнямі на 50 ложкаў, лякарняй сястрынскага дагляду на 25 ложкаў, 8 амбуляторыямі, 17 фэльчарска-акушэрскімі пунктамі. Лекавую дапамогу насельніцтву раёну ажыцьцяўляюць 5 аптэк, 1 аптэчны кіёск, 26 аптэчных пунктаў.
У ране разьмешчаныя 57 установаў культуры, зь іх: 25 клюбных: раённы Дом культуры, 3 цэнтральныя Дамы культуры, 6 сельскіх Дамоў культуры, 13 клюбаў, 2 клюбы-бібліятэкі; 26 бібліятэк: 3 мескія і 23 сельскія; 2 музэі.
Агульная плошча сельскагаспадарчых земляў складае 68,4 тыс. га, зь іх асушаныя 22,3 тыс. га. Асноўныя галіны сельскай гаспадаркі: мяса-малочная жывёлагадоўля, вырошчваюць збожжавыя, кармавыя культуры, бульбу, буракі.
Прадпрыемствы: харчовая (крухмал, маянэз) прамысловасьць, мэталаапрацоўка (рамонтны завод у вёсцы Пяскі) і дрэваапрацоўка (мэбля, піламатэрыялы), вытворчасьць будаўнічых матэрыялаў.
Каля вёскі Пацавічы разьмешчаная ГЭС.
На тэрыторыі раёну праходзяць чыгуначныя лініі Ліда — Масты — Ваўкавыск і Горадня — Масты, аўтадарогі Шчучын — Масты — Ваўкавыск, Масты — Слонім, Масты — Горадня.
На тэрыторыі раёну знаходзяцца зоны адпачынку — Масты, Волпа, Скідаль. У в. Гудзевічы разьмешчаны літаратурна-краязнаўчы музэй.
Дзяржаўнага значэньня:
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.