польскі фальклёрны ансамбаль From Wikipedia, the free encyclopedia
Дзяржаўны ансамбаль народнай песьні і танцу «Мазоўшэ» (па-польску: Państwowy Zespół Ludowy Pieśni i Tańca «Mazowsze» im. Tadeusza Sygietyńskiego, скарочана PZLPiT «Mazowsze») — адзін з найвялікшых польскіх мастацкіх калектываў, які адраджае традыцыі польскіх народных музыкі і танца. Сядзіба ансамблю знаходзіцца ў Караліне (Атрэмбусы Мазавецкага ваяводзтва).
Państwowy Zespół Ludowy Pieśni i Tańca „Mazowsze” | |
Ансамбль у 70-х роках XX стагодзьдзя | |
Гады | з 8 лістапада 1948 |
---|---|
Краіна | |
Месца ўтварэньня | Польшча |
Жанр | фальклярызм |
Узнагароды і прэміі | |
mazowsze.waw.pl |
«Мазоўшэ» створаны загадам Міністэрства культуры і мастацтва ПНР 8 лістапада 1948 з мэтай узнаўленьня традыцыйнага народнага рэпэртуару мазавецкіх вёсак. Аднак пазьней калектыў пачаў выкарыстоўваць ва ўласнай творчасьці песьні і танцы іншых рэгіёнаў Польшчы. Ягоным кіраўніком і заснавальнікам стаў прафэсар Тадэвуш Сыгетынскі. Дзеля дапамогі яму адна з самых знакамітых міжваенных акторак Польшчы Міра Зімінская ахвяравала кар’ерай і занялася ў «Мазоўшы» арганізацыйнымі справамі. Разам зь іншымі ўдзельнікамі першага складу ансамблю яны спрабавалі адшукаць у польскіх вёсках старадаўнія строі і здольную моладзь для свайго калектыву. Сядзібай вырашылі абраць будынак пачатку XX стагодзьдзя пад Прушкавам, названы ў гонар першага ўласьніка Каралінам. Дагэтуль у ім разьмяшчаўся дом апекі для нэрвова і псыхічна хворых.
Пад канец 1948 року ў Каралін сталі прыяжджаць групы моладзі з вакольных мазавецкіх вёсак і мястэчак. Дзеля пастаянных рэпэтыцыяў Сыгетынскія пераехалі жыць у маленькі домік пры палацы. Праз два гады заняткаў, 6 лістапада 1950 року, на сцэне Польскага тэатру ў Варшаве(d) адбылася прэм’ера першай праграмы «Мазоўша», складзенай зь песьняў і танцаў цэнтральнай Польшчы.
У 1951 року «Мазоўшэ» выехала ў першы замежны тур па СССР. 15 студзеня 1953 року за выступы ўнутры краіны і за мяжой калектыў быў адзначаны ордэнам штандару Працы II клясы[1]. Пасьля атрыманьня дазволу на выезд па-за «Жалезную заслону» ансамбаль у 1954 року наведаў Францыю, а праз 6 гадоў — Злучаныя Штаты Амэрыкі.
У 1955 року памёр заснавальнік калектыву Тадэвуш Сыгетынскі. Калектыў быў бы распушчаны, калі б кіраўніцтва ім не пераняла ўдава Міра. Менавіта дзякуючы ёй «Мазоўшэ» стала тым ансамблем, якім ёсьць цяпер. Ягоны рэпэртуар папоўнілі творы з 39 этнаграфічных рэгіёнаў, апрацаваныя раней недасьледаваныя рэлігійныя, патрыятычныя і песьні іншай тэматыкі. Пры ёй «Мазоўшэ» здабыла сусьветную вядомасьць, правяла каля 6 тысячаў канцэртаў у Польшчы і 51 іншых краёх. Удзельнікі ансамблю самі аднаўлялі старадаўнія народныя строі з розных рэгіёнаў. Міра Зімінская кіравала калектывам больш за 40 гадоў.
Ансамбаль складаюць балетная трупа, хор і аркестар — каля ста чалавек. Мэлёдыі паходзяць з 39 этнаграфічных рэгіёнаў Польшчы і з усяго сьвету. Колькасьць строяў — 1500.
У Атрэмбусаў (гміна Брвінаў) на тэрыторыі палацава-паркавага комплексу «Каралін» (52°7′8.83″ пн. ш. 20°45′25.56″ у. д.) збудаваны Эўрапейскі цэнтар разьвіцьця рэгіянальнай і нацыянальнай культуры «Матэчнік-Мазоўшэ» з глядацкай заляй на 580 асобаў, кравецкімі майстэрнямі і музэем (52°7′10.13″ пн. ш. 20°45′19.12″ у. д.).
У 2019 року калектыў атрымаў узнагароду імя Рамана Анджэеўскага за праслаўленьне польскай народнай культуры ў краіне і сьвеце, а таксама за падтрымку сувязяў з польскай дыяспарай[2].
У 1963 року ансамбаль песьні і танцу «Мазоўшэ» прадстаўлены ў фільме „Жонка для аўстралійца“ рэжысэра Станіслава Барэі.
У 1999 року «Мазоўшэ» выканаў танец «Палянэз» у фільме Анджэя Вайды „Пан Тадэвуш“.
У 2018 року выйшаў фільм Паўла Паўлікоўскага „Халодная вайна“ пра выдуманую польскую танцавальную трупу, гісторыя якой блізка нагадвае дзейнасьць «Мазоўша».
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.