Касаблянка (фільм)
фільм / From Wikipedia, the free encyclopedia
«Касабля́нка» (па-ангельску: Casablanca) — амэрыканская рамантычная драма 1942 году, вырабленая рэжысэрам Майклам Кэртызам. Галоўныя ролі выканалі Гамфры Богарт, Інгрыд Бэргман і Пол Гэнрэйд. Фільм быў зьняты падчас Другой сусьветнай вайны, ён прысьвечаны амэрыканскаму эмігранту, які павінен выбіраць паміж каханьнем да жанчыны або дапамогай ёй і ейнаму мужу, лідэру чэскага супраціву, уцячы з кантраляванага Вішы гораду Касаблянкі, каб працягнуць барацьбу супраць нацыстаў. Сцэнар заснаваны на сцэнічнай п’есе «Ўсе прыходзяць да Рыка» працы Мюрэя Бэрнэта і Джаан Элісан. Ролі другога пляну выканалі Клод Рэйнз, Конрад Файт, Сыдні Грынстрыт, Пітэр Лорэ і Дулі Ўілсан.
Рэдактарка тэкстаў кампаніі Warner Bros. Ірэн Дайманд пераканала прадусара Гэла Ўоліса набыць правы на экранізацыю спэктаклю ў студзені 1942 году. Першапачаткова падрыхтаваць сцэнар было даручана братам Джуліюсу і Філіпу Дж. Эпстэйнам. Аднак, не зважаючы на супраціў студыі, яны пакінулі праект, каб пачаць працаваць над сэрыямі дакумэнтальных фільмаў Фрэнка Капры «Чаму мы змагаемся» ў пачатку 1942 году. Працягваць працаваць над сцэнаром фільму было даручана Гаўарду Коху, пакуль Эпстэйны не вярнуліся празь месяц. Асноўныя здымкі пачаліся 25 траўня 1942 году і скончыліся 3 жніўня. Фільм быў цалкам зьняты на студыі Warner Bros. у Бэрбанку ў штаце Каліфорніі, за выключэньнем аднаго эпізоду ў аэрапорце Ван-Найз у Лос-Анджэлесе.
Перасягнуўшы чаканьні, «Касаблянка» атрымала прэмію Оскар за найлепшы фільм, а Кэртыз быў абраны найлепшым рэжысэрам, у той час, як Эпстэйны і Кох былі ўзнагароджаныя за найлепшы адаптаваны сцэнар. Фільм стала ўлучаецца ў розныя сьпісы найвялікшых фільмаў у гісторыі. У 1989 годзе Бібліятэка Кангрэсу ЗША абрала фільм адным зь першых дзеля захаваньня ў Нацыянальным рэестры фільмаў.