Карабель
вялікі водны транспарт / From Wikipedia, the free encyclopedia
Карабе́ль (па-грэцку: κάραβος — карабель, судна) — абагульняючы марскі тэрмін, які ўжываюць паралельна з тэрмінам судна, але які не зьяўляецца ягоным поўным аналягам. Сёньня ў большасьці выпадкаў пад караблём разумеецца вайсковы карабель, то бок судна, якое мае ўзбраеньне й іншыя тэхнічныя сродкі для выкананьня баявых задачаў, мае вайсковы экіпаж, знаходзіцца пад камандваньнем афіцэра, які займае пасаду ў дзяржаўнай службе адпаведнага боку, прозьвішча якога ўключана ў адпаведны сьпіс вайскоўцаў ці эквівалентны яму дакумэнт, і ўваходзіць у склад вайскова-марскіх сілаў[1][2][3]. Таксама пад панятак караблю падпадае ветразевае судна зь ня менш чым чатырма мачтамі.
У эпоху ветразевага флёту караблямі называліся ўсе марскія судны, за выключэньнем маламерных. Часьцей за ўсё, аднак, пад караблём разумелі вялікі баявы ветразьнік, які меў ня менш за тры мачты з поўным ветразным узбраеньнем[2][3]. Тэрмін карабель блізкі па значэньні да панятку судна, але ня аквівалентны яму. Судна ёсьць больш шырокім паняткам. Гэтак, вясьлярную лодку, водны ровар ці дошку для сэрфінгу нельга назваць караблём, аднак яны зьяўляюцца суднамі. Караблямі звычайна называюцца толькі досыць вялікія судны вайсковага прызначэньня або парусныя судны з вызначаным выглядам аснасткі. Караблямі прынята лічыць усе судны, якія нясуць на сабе вайскова-марскі сьцяг, незалежна ад іхнага памеру.
У Вялікабрытаніі й краінах Брытанскай Садружнасьці ў наш час пад паняткам «карабель» разумеецца любое буйное марское судна танажу больш за 500 тонаў, у адрозьненьне ад маламерных суднаў прыбярэжнага плаваньня[4], незалежна ад ведамаснай прыналежнасьці.