From Wikipedia, the free encyclopedia
Канвэнцыя Альвэнсьлебэна — пагадненьне Расейскай імпэрыі і Каралеўства Прусіі, падпісанае ў Санкт-Пецярбургу 8 лютага [ст. ст. 27 студзеня] 1863 року міністрам замежных справаў Расеі Аляксандрам Гарчаковым і генэрал-ад’ютантам прускага караля Густавам фон Альвэнсьлебэнам (адсюль і назва дакумэнта).
У студзені 1863 року на тэрыторыях Рэчы Паспалітай, далучаных да Расейскай імпэрыі, пачалося паўстаньне за аднаўленьне дзяржаўнасьці. Прусія неадкладна перакрыла мяжу і прывяла ў гатоўнасьць войскі, каб перашкодзіць распаўсюду паўстаньня на сваёй тэрыторыі. Прэм’ер-міністар Ота фон Бісмарк накіраваў да расейскага імпэратара Аляксандра II пэрсанальнага каралеўскага ад’ютанта Густава фон Альвэнсьлебэна абмеркаваць меры супольнага рэагаваньня на паўстаньне[1]. Бакі ўмовіліся на права кожнага пераходзіць мяжу пры неабходнасьці перасьледу польскіх паўстанцаў і наступнай перадачы іх расейскім вайсковым трыбуналам[2][3].
Расейская імпэрыя здушыла паўстаньне ўласнымі сіламі, і канвэнцыя не была ратыфікаваная ды ніколі не прымянялася на практыцы[4][5].
Бісмарк, які толькі нядаўна зрабіўся прэм’ер-міністрам і кіраваў без парлямэнцкай большасьці, быў раскрытыкаваны прускімі лібэраламі, якія падтрымлівалі палякаў, хоць і меней, чым у 1848 року[1][3][6][7][8]. Прускі парлямэнт нават накіраваў ноту імпэратару Вільгельму з асуджэньнем дзеяньняў Бісмарка. У выніку Вільгельм распусьціў ляндтаг.
Заходнія лібэралы раскрытыкавалі канвэнцыю, што спрычыніла сур’ёзны дыпляматычны крызіс[2]. Занепакоенасьць выказалі Вялікая Брытанія й Аўстрыйская імпэрыя, а францускі імпэратар Напалеон III выказаў падтрымку паўстаньню і прапанаваў зьняць Бісмарка з пасады[1].
Канвэнцыя ўмацавала пруска-расейскія сувязі, а расейска-францускія стасункі напружыліся пасьля падтрымкі Напалеонам III палякаў[1][9].
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.