From Wikipedia, the free encyclopedia
Жаночая зборная ЗША па валейболе — нацыянальная каманда, якая прадстаўляе ЗША на міжнародных валейбольных турнірах. Кіруецца арганізацыяй ЗША-Валейбол.
Не зважаючы на тое, што валейбол зьявіўся ў ЗША ды нацыянальная фэдэрацыя гэтай краіны стала адным з заснавальніцаў Міжнароднай фэдэрацыі валейболу, але мужчынская і жаночая зборныя ЗША былі сфармаваныя толькі ў сярэдзіне 1950-х гадоў і аж да пачатку 1980-х займалі сьціплыя месцы на сусьветных спаборніцтвах.
Выступы жаночай нацыянальнай зборнай ЗША ў афіцыйных міжнародных турнірах былі запачаткаваныя ў сакавіку 1955 году, калі яна ўзяла ўдзел у валейбольным турніры другіх Панамэрыканскіх гульняў, якія ладзіліся ў Мэхіка. У першым сваім матчы, які быў згуляны 16 сакавіка, валейбалісткі ЗША саступілі зборнай Мэксыкі зь лікам 1:3. У астатніх 5 гульнях амэрыканкі перамаглі чатыры разы і сталі срэбранымі прызэрамі спаборніцтваў. Праз год зборная дэбютавала і на сусьветным першынстве ў Парыжы, дзе заняла сьціплае 9-е месца.
У далейшым практычна ўсе мэдальныя дасягненьні зборнай аж да пачатку 1980-х гадоў былі зьвязаны толькі з спаборніцтвамі на амэрыканскім кантынэнце, як з Панамэрыканскімі гульнямі, гэтак і чэмпіянатамі Паўночнай, Цэнтральнай Амэрыкі і Карыбскага басэйну (NORCECA). За 25 гадоў, якія прайшлі з дэбюту нацыянальнай каманды, зборная чатыры разы станавілася прызэрам Панамэрыканскіх гульняў, у тым ліку здабыўшы залатыя мэдалі ў 1967 годзе, і пяць разоў прызэрам чэмпіянату NORCECA. У актыве зборнай ЗША таксама маецца срэбра сусьветнага першынства 1967 году, але ў тым чэмпіянаце з палітычных варункаў не бралі ўдзел амаль усе наймацнейшыя зборныя сьвету, за выключэньнем зборнай Японіі. На ўсіх іншых турнірах сусьветнага ўзроўню амэрыканкі здавольваліся месцамі ў сярэдзіне турнірнай табліцы.
Першыя сур’ёзныя посьпехі жаночай каманды зьвязаныя з ізраільскім трэнэрам Ары Сэлінджэрам, які ачоліў зборную ў 1976 годзе. У 1978 годзе амэрыканкі занялі высокае 5-е месца на чэмпіянаце сьвету, які ладзіўся ў СССР, а на наступным сусьветным першынстве ў 1982 годзе ў Пэру яны сталі бронзавымі прызэрамі турніру. Праз два гады зборная ЗША здабыла срэбраныя мэдалі на хатніх летніх Алімпійскіх гульнях, але на гэтым турніры бракавала камандаў з сацыялістычных дзяржаваў. Таксама ў пачатку 1980-х году амэрыканкі здолелі пасунуць зборную Кубы зь лідуючых пазыцыяў на паўночнаамэрыканскім кантынэнце, двойчы запар у 1981 і 1983 гадах апярэдзіўшы іх на чэмпіянаце NORCECA. Па Алімпіядзе-1984 Сэлінджэр пакінуў пасаду галоўнага трэнэра, а новым настаўнікам зборнай ЗША стаў Тэры Ліскевіч, які ачольваў нацыянальную каманду ажно да 1996 году. За ягоным часам зборная перажыла балючы працэс зьмены пакаленняў другой паловы 1980-х гадоў.
У 1990 годзе абноўленая зборная ЗША нечакана стала бронзавым прызэрам чэмпіянату сьвету, які ладзіўся ў Кітаі. Пры гэтым з алімпійскага складу шасьцігадовай даўніны, які здабываў срэбра, у зборнай засталася толькі Пола Ўайсгаф. Праз два гады амэрыканкі былі трэцімі ўжо на летніх Алімпійскіх гульнях у Барсэлёне, прагуляўшы ў паўфінале ва ўпартай барацьбе кубінкам зь лікам 2:3, але ўпэўнена перагуляўшы ў матчы за 3-е месца зборную Бразыліі зь лікам 3:0. На чэмпіянаце сьвету 1994 году каманда ЗША выступіла няўдала, спыніўшыся на шостым радку, аднак ужо праз год зборная стала пераможцам Гран-пры, апынуўшыся мацней за зборныя Бразыліі, Кубы і Кітаю.
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.