From Wikipedia, the free encyclopedia
Друка́рня Мамо́нічаў была заснаваная ў Вільні Пётрам Мсьціслаўцам на сродкі магілёўскіх купцоў Мамонічаў у 1574 годзе. У ёй былі аддрукаваны ад 80 да 100 кнігаў, зь іх каля паловы — па-старабеларуску. Кнігі вызначаліся высокім паліграфічным і мастацка-арнамэнтальным аздабленьнем.
Дата заснаваньня / стварэньня | 1574 |
---|---|
Частка больш агульнага | Slavonic typography |
Заснавальнік | Пётра Мсьціславец |
Краіна | Вялікае Княства Літоўскае, Рэч Паспалітая |
Цяперашняе месцазнаходжаньне | Вільня |
Выкарыстоўваная мова | царкоўнаславянская мова |
Заказчык | Мамонічы |
Была адзінай беларускай друкарняй, якая выпускала зборнікі заканадаўчых актаў, у тым ліку Статут ВКЛ, «Трыбунал абывацелям Вялікага Княства Літоўскага», канстытуцыі «вальных» соймаў.
У траўні 1574 году ў хаце Лукаша і Кузьмы Мамонічаў была арганізаваная друкарня Пётры Мсьціслаўца. Матэрыяльную дапамогу Мсьціслаўцу аказвалі таксама актыўныя прыхільнікі праваслаўя браты Зарэцкія. Маёмасьць Мсьціслаўца ў друкарні не выкарыстоўвалася[1].
Першая кніга — літургічнае «Эвангельле напрастольнае» — выйшла 30 сакавіка 1575 году. Кніга мела «густоўнага рысунку» шрыфт, які праектаваў, выразаў ды адліў для свае друкарні сам Мсьціславец. Мова кнігі, як выданьня прызначанага для богаслужэбнага ўжытку ў праваслаўных цэрквах, была царкоўнаславянская[2]. 16 студзеня 1576 году выйшаў «Псалтыр», пасьля — «Часовник».
Як вынікае з пасьляслоўяў да выдадзеных кнігаў, Пётра Мсьціславец за галоўных ініцыятараў і мэцэнатаў стварэньня друкарні ўважаў братоў Івана й Зянова Зарэцкіх, якія былі багатымі і ўплывовымі прадстаўнікамі тагачаснага купецкага стану ў Вільні ды займалі адказныя адміністрацыйна-дзяржаўныя пасады.
Пасьля таго, як у 1576 годзе каралём стаў зацяты каталік і заступнік езуітаў Стэфан Баторы, паміж Мсьціслаўцам і Мамонічамі пачаўся канфлікт. Паводле пастановы суду друкарскае абсталяваньне было прысуджанае Мсьціслаўцу, а выдадзеныя кнігі — Кузьму Мамонічу пасьля сплаты ім Мсьціслаўцу 30 копаў грошаў «личбы литовское». Пастанова суду так і не была выкананая, таму ў 1577 годзе суд паўторна вынес вырак і прызначыў штраф. Друкарня была апячатаная і не працавала[1].
Далейшых зьвестак пра жыцьцё і дзейнасьць Мсьціслаўца не захавалася. Праз 20 гадоў ад віленскае судовае справы ягоныя шрыфты зьявіліся на Валыні, у Астроскай друкарні[3].
Пасьля гэтага чарговыя кнігі друкуюцца іншым шрыфтом, што можа сьведчыць пра спагнаньне судом належнага Мсьціслаўцу друкарскага абсталяваньня.
У 1582 годзе ў Вільню прыяжджаў зь Львова заблудавец Грынь Івановіч, памочнік Івана Федаровіча Масквіціна, які нарэзаў і адліў Мамонічам два камплекты шрыфтаў — адзін буйнейшы, другі меншы, курсіўны. Гэты шрыфт заставаўся адзіным кірылічным курсіўным шрыфтам ажно да 1730-х гадоў.
У 1583 годзе дзейнасьць друкарні была ўзноўленая пад кіраўніцтвам Кузьмы Мамоніча, ягонага брата Лукі і сына Кузьмы Льва (Лявона Кузьміча). Магчыма, зь імі супрацоўнічаў віленскі друкар Васіль Гарабурда(ru), які выдаў у 1582 (або 1580) годзе Актоіх[1].
Да падпісаньня Берасьцейскай царкоўнай уніі 1596 году друкарня збольшага абслугоўвала патрэбы праваслаўных братэрстваў, братэрскіх школаў, цэркваў, простых местачкоўцаў. Выпускаліся багаслоўскія і літургічныя выданьні, кнігі для чытаньня, публіцыстычныя творы, падручнікі, зборнікі заканадаўчых актаў, выданьні прававога характару, канстытуцыі вальных соймаў, палемічныя творы Іпаці Пацея[4].
З XVII стагодзьдзя друкарня забясьпечвала патрэбы выключна ўніятаў[1]. Справамі распараджаўся Лявон Кузьміч Мамоніч, імя якога ў выходных зьвестках выданьняў зьявілася ў 1609 годзе. Адсутнасьць кнігаў для праваслаўных сьведчыць пра адхіленьне Кузьмы і Лукі Мамонічаў ад справаў і пераходу кіраваньнем у рукі Лявона[1]. Па сьмерці Кузьмы 16 ліпеня 1607 году Лявон успадкаваў друкарню[4].
За часы існаваньня друкарні Мамонічаў зь яе выйшлі каля 100 рэлігійных і сьвецкіх выданьняў у беларускай, царкоўнаславянскай і польскай мовах. Матэрыялы друкарні часткова перайшлі ва ўласнасьць віленскай Траецкай друкарні[4].
Трэці статут ВКЛ друкаваўся тут у 1588, 1592—1593, 1594—1595 гадох.
Для выданьня Літоўскага Статуту Мамонічы набылі Львоўскую друкарню Івана Федаровіча[5]. Для друку быў выкарыстаны кірылічны курсіўны шрыфт Грыня Івановіча, пры стварэньні якога за ўзор было ўзятае тагачаснае беларускае скорапіснае пісьмо віленскае вялікакняскае канцылярыі[6].
У 1614 і 1619 гадох з друкарні Мамонічаў выходзілі пераклады Статуту на польскую мову.
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.