![cover image](https://wikiwandv2-19431.kxcdn.com/_next/image?url=https://upload.wikimedia.org/wikipedia/commons/thumb/3/3a/Paradies_tuer_florenz.jpg/640px-Paradies_tuer_florenz.jpg&w=640&q=50)
Дзьверы
канструкцыя ў сьцяне для праходу / From Wikipedia, the free encyclopedia
Дзьве́ры — канструкцыйны элемэнт будынка, які служыць для ўваходу і выхаду зь яго. Колькасьць дзьвярэй, іх месца і памеры вызначаюцца пляніроўкай будынка і функцыянальнымі сувязямі паміж яго памяшканьнямі. Найбольш старадаўняя форма дзьвярэй — на бегунах, у наш час пашыраны дзьверы на завесах. У іх канструкцыю ўваходзяць вушакі, злучаныя ўверсе вершніком, і палатно з дошак, злучаных шпонамі — драўлянымі плянкамі, шчыльна зьбітымі ў пазы. Звычайна дзьверы маюць адно палатно. Дзьверы зь дзьвюх створак характэрны для местачковага жыльля. Атрымалі пашырэньні двухстворкавыя дзьверы са шклом, асабліва пры ўваходзе ў залю. Дзьверы ў гаспадарчых пабудовах (хлявах, гумнах, адрынах і г. д.) называюць варотамі.
![Thumb image](http://upload.wikimedia.org/wikipedia/commons/thumb/0/0a/Revolving_Door.jpg/320px-Revolving_Door.jpg)
![Thumb image](http://upload.wikimedia.org/wikipedia/commons/thumb/8/8b/Porte_ouverte.jpg/640px-Porte_ouverte.jpg)
![Thumb image](http://upload.wikimedia.org/wikipedia/commons/thumb/3/3a/Paradies_tuer_florenz.jpg/640px-Paradies_tuer_florenz.jpg)
У залежнасьці ад канструкцыйнага вырашэньня дзьверы падзяляюцца на дашчаныя (з аднаго слою дошак), шаляваныя (з двух слаёў дошак) і філянговыя. Дашчаныя часьцей за ўсё былі ў гаспадарчых будынках. У шаляваных верхні слой звычайна рабілі з кароткіх дошчачак, якія складалі разнастайныя ўзоры (елачку, квадраты, ромбы, сонца і г. д.); дэкаратыўнасьць такіх дзьвярэй узбагачалася профілямі дошчачак, радамі каваных цьвікоў, выгібам вершніка. Філянговыя дзьверы асабліва пашыраны ў наш час. Яны складаюцца з рамы, у якую ўпушчаны больш тонкія дошкі. Элемэнты філянговых дзьвярэй заўсёды прафіляваныя. Адчыняюцца і зачыняюцца дзьверы пры дапамозе клямкі, замыкаюцца з дапамогай засавак, замкоў, іншых запораў.