Даўгапяткавыя
From Wikipedia, the free encyclopedia
Даўгапяткавыя (Tarsiidae) — сямейства клясы сысуноў, якое ўключае 3 сучасныя роды і 14 відаў[1]. Насяляюць астравы паўднёва-ўсходняй Азіі, у тым ліку Суматра, Барнэа, Сулавэсі і частка Філіпінскіх астравоў. Асяроддзем іх пражываньня з’яўляюцца лясы, хмызьнякі і ўчасткі з густой расьліннасьцю. Выкапныя рэшткі вядомыя ад эацэну Азіі, Эўропы, Паўночнай Амэрыкі[2][3].
Даўгапяткавыя | |
Tarsius spectrum — тыповы від | |
Клясыфікацыя | |
---|---|
Царства | Жывёлы (Animalia) |
Тып | Хордавыя (Chordata) |
Падтып | Хрыбетныя (Vertebrata) |
Надкляса | Чатырохногія (Tetrapoda) |
Кляса | Сысуны (Mammalia) |
Падкляса | Зьвяры (Theria) |
Інфракляса | Пляцэнтарныя (Placentalia) |
Атрад | Прыматы (Primates) |
Падатрад | Haplorhini |
Інфраатрад | Tarsiiformes |
Сямейства | Даўгапяткавыя |
Бінамінальная намэнклятура | |
Tarsiidae Gray, 1825 | |
Даўгапяткавыя — невялікія прыматы з вагой ад 80 да 165 г. Даўжыня цела ад 85 да 160 мм. Хвост голы за выключэньнем пучкоў валасоў на кончыку, тонкі і доўгі, ад 135 да 275 мм. Галава круглая. Вочы вельмі вялікія. Вушы вельмі рухомыя. Лыч кароткі, а шыі, здаецца, амаль няма. Пярэднія канечнасьці кароткія, а заднія падоўжаныя. Шэрсьць шаўкавістая, шэравата-бурая, шаравата-карычневая або цёмна-карычневая на сьпіне і шараватая або жаўтлява-карычневая зьнізу. Зубная формула: 2/1, 1/1, 3/3, 3/3 = 34[2][3].
Даўгапяткавыя вядуць начны або прыцемковы лад жыцьця. Большасьць відаў жывуць невялікімі сацыяльнымі групамі, часам толькі з аднаго самца і самкі. C. bancanus, здаецца, больш адзіночныя. Яны ў першую чаргу вусякаедныя, але таксама ядуць птушак, яшчарак і зьмей[2][3].