Гісторыя Магілёва
From Wikipedia, the free encyclopedia
Магілёў (часам насіў дадатковыя азначэньні — Магілёў Літоўскі[1][2][3][4][5][6][7][8][9][10][11] або Магілёў Беларускі[12]) — магдэбурскае места гістарычнай Аршаншчыны (частка Віцебшчыны), старажытны замак Вялікага Княства Літоўскага, цэнтар праваслаўнага хрысьціянства. 9 чэрвеня 1661 году атрымаў роўныя правы з сталіцай — Вільняй — за гераізм, выяўлены ў часе паўстаньня супраць маскоўскіх акупантаў. У 1930-я гады разглядалася магчымасьць пераносу ў Магілёў сталіцы Беларускай ССР. Да нашага часу тут захаваліся комплекс манастыра Сьвятога Мікалая ў стылі самабытнага магілёўскага барока, дом купца Анташкевіча, Узьвіжанская царква (пацярпела ад маскоўскай перабудовы), комплекс кляштару кармэлітаў з касьцёлам Сьвятога Станіслава і калегіюм езуітаў ў стылі барока, архірэйскі і арцыбіскупскі палацы, мэмарыяльная арка і Фарны касьцёл у стылі клясыцызму, помнікі архітэктуры XVII—XIX стагодзьдзяў. Сярод мясцовых славутасьцяў вылучаліся мураваныя мескія брамы: Ветраная, Алейная, Каралеўская і Дубровенская, помнікі архітэктуры XVII—XVIII стагодзьдзяў, зруйнаваныя расейскімі ўладамі. Значную частку мясцовых славутасьцяў зруйнавалі за савецкім часам: цэрквы Божага Яўленьня, Прачыстай Багародзіцы і Покрыва Багародзіцы (магілёўскае барока), царкву Сьвятога Спаса[lower-alpha 1] (віленскае барока), мескую ратушу (адноўлена ў 2008 годзе), касьцёл Сьвятога Францішка Ксавэрыя і Анёлаў-Ахоўнікаў пры калегіюме езуітаў і комплекс кляштару бэрнардынаў з касьцёлам Сьвятога Антонія (барока), лютэранскую кірху, цэрквы Сьвятой Тройцы, Сьвятых Апосталаў Пятра і Паўла і Сьвятога Ёсіфа (клясыцызм), помнікі архітэктуры XVII—XIX стагодзьдзяў.