From Wikipedia, the free encyclopedia
Койданаў — даўняе магдэбурскае[1] мястэчка гістарычнай Меншчыны, колішняя сталіца графства, старажытны замак Вялікага Княства Літоўскага[2]. Да нашага часу тут захаваўся драўляны касьцёл Сьвятой Ганны ў стылі барока, помнік архітэктуры XVIII ст., часткова зруйнаваны савецкімі ўладамі. Сярод мясцовых славутасьцяў вылучаліся кальвінскі збор і замак, помнікі архітэктуры XVI—XVII стагодзьдзяў, зьнішчаныя савецкімі ўладамі.
Афіцыйнай[3] датай заснаваньня сучаснага Койданава лічыцца 1146 год, калі паселішча ўпамінаецца пад назвай Крутагор’е ў паданьні пра старую Пакроўскую драўляную царкву. Аднак сучасныя энцыкляпэдычныя даведнікі[4][5] разглядаюць гэтыя зьвесткі толькі як імаверныя і датуюць першы дакладны пісьмовы ўпамін 1442 годам.
У ХІІ стагодзьдзі Койданаў увайшоў у склад Полацкага, пазьней Менскага княства. Да ХІІІ стагодзьдзя завяршылася ўзьвядзеньне драўлянага замка.
У XIV стагодзьдзі Койданаў далучыўся да Вялікага Княства Літоўскага. У 1445 годзе вялікі князь Казімер Ягелончык аддаў паселішча разам зь Бельскам (сёньня ў Польшчы), Бранскам, Суражам, Старадубам (сёньня ўсе гэтыя месты знаходзяцца ў Расеі) і Клецкам свайму стрыечнаму брату Міхаілу Жыгімонтавічу, сыну Жыгімонта Кейстутавіча. З 1483 году — у валоданьні князя В. Вярэйскага (Удалога). У пачатку XVI ст. Койданаў пацярпеў ад набегаў татараў (у 1502 і 1503). У 1522 годзе ў выніку шлюбу Соф’і Вярэйскай з А. Гаштольдам Койданаў перайшоў разам зь іншымі местамі да Гаштольдаў. У 1542 годзе ўладальнікам Койданава стаў вялікі князь Жыгімонт Стары, які ў наступным годзе перадаў яго свайму сыну Жыгімонту Аўгусту. У гэты час паселішча стала цэнтрам староства, пазьней графства.
З 1550 году Койданаў знаходзіўся ў валоданьні Радзівілаў, за якімі атрымаў вядомасьць значнага асяродку пашырэньня кальвінізму. Каля 1564 году Мікалай Радзівіл «Руды» збудаваў тут драўляны кальвінскі збор (з 1613 — мураваны), а таксама плябанію, школу і шпіталь. Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай 1565—1566 гадоў паселішча ўвайшло ў склад Менскага павету Менскага ваяводзтва. У 1588 годзе Койданаў атрымаў статус мястэчка[5]. У гэты час тут было 120 дымоў, замак, кальвінскі збор, ратуша, касьцёл, Рынак, 2 карчмы, 4 вадзяныя млыны. Існавала 6 вуліцаў: Віленская, Менская, Плябанская, Рубяжэвіцкая, Слуцкая, Станькаўская. Кароль і вялікі князь Жыгімонт Ваза дазволіў праводзіць 2 вялікія кірмашы: на Грамніцы (2 лютага) і Сёмуху і штотыднёвы торг. Пазьней кірмашы таксама зьбіраліся на Юр’я (23 красавіка) і Пакровы (1 кастрычніка). Паводле зьвестак на 1620 год, у цэнтры мястэчка знаходзіўся чатырохкутны Рынак, забудаваны дамамі рамесьнікаў і гандляроў; на пляцы было 5 крамаў, карчма і 23 мяшчанскія двары; агулам налічвалася 110 двароў
11 ліпеня 1655 году ў пачатку вайны Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай маскоўскія войскі ўшчэнт спустошылі Койданаў. Як даносілі захопнікі свайму гаспадару[6]:
…мястэчка Койданаў узялі, і каторыя… былі ў тым мястэчку польскія і літоўскія людзі, і тых усіх людзей забілі і тое мястэчка і прадмесьці ўсе выпалілі. Арыгінальны тэкст (рас.)
…местечко Койданов взяли, и которыя… были в том местечке полския и литовския люди, и тех всех людей мечю предали и то местечко и посады все выжгли.
|
||
Аднаўленьне Койданава ішло марудна. У другой палове XVIII стагодзьдзя тут збудавалі новы драўляны касьцёл Сьвятой Ганны. На 1791 год у мястэчку было 134 дымы.
Захаваліся сьведчаньні азначэньня жыхароў Койданава ліцьвінамі: у матрыкуле Каралявецкага ўнівэрсытэту пад 1774 годам значыцца Reczynski Boguslaus Jac., Coydanav. Lituan.[7]
У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793 год) Койданаў апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, дзе стаў цэнтрам воласьці Менскага павету Віленскай губэрні. У 1796 годзе мястэчка атрымала герб: «выява галінак дуба і алівы»[4]. У гэты час тут было 709 двароў, 14 вінакурняў, 10 млыноў, маслабойняў ды іншыя. У вайну 1812 году 15 лістапада войскі Расейскай імпэрыі разьбілі аддзел, сфармаваны зь мясцовых і францускіх жаўнераў.
На 1866 год у Койданаве было 234 двары. У 1871 годзе празь мястэчка прайшла чыгунка, адкрыўся 2-павярховы вакзал. У канцы ХІХ ст. у Койданаве месьціліся паштовая станцыя, аптэка, паравы млын (11 тыс. чвэрцяў); бровар і воўнабітня; сартаваньне шчаціньня, якое адсюль адпраўлялася ў розныя месты Расейскай імпэрыі[8]. У 1899 годзе ў мястэчку пачала працаваць запалкавая фабрыка «Дружына». У канцы XIX — пачатку XX ст. у Койданаве дзеялі кальвінскі збор, касьцёл, царква, сынагога; працавалі народная і меская вучэльні, 2 юдэйскія малітоўныя школы, багадзельня, больш за 30 крамаў, паравы млын, шапавальні, бровары; штогод праводзілася 6 кірмашоў. У 1917 годзе па скасаваньні забароны польскамоўнай адукацыі ў мястэчку зьявілася сярэдняя школа з выкладаньнем на польскай мове[9].
За часамі Першай сусьветнай вайны ў лютым 1918 году Койданаў занялі войскі Нямецкай імпэрыі.
25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Койданаў абвяшчаўся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Тут утварылася Беларуская рада, прызначылі павятовага старшыню БНР, а жыхары мястэчка і воласьці атрымалі Пасьведчаньні Народнага Сакратарыяту БНР[10]. 1 студзеня 1919 году ў адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі Койданаў увайшоў у склад Беларускай ССР[11]. У 1920 годзе ў выніку антыбальшавіцкага паўстаньня ўтварылася Койданаўская самастойная рэспубліка. У 1924 годзе мястэчка стала цэнтрам раёну (з 30 чэрвеня 1937 да 15 студзеня 1938 году[12] быў у Менскім раёне).
У 1930 годзе савецкія ўлады зачынілі касьцёл і ліквідавалі каталіцкую парафію ў Койданаве[13]. 15 сакавіка 1932 году паселішча атрымала статус места. 29 ліпеня 1932 году бальшавікі зьмянілі назву места на Дзяржынск — ад прозьвішча заснавальніка савецкай карнай сыстэмы Дзяржынскага[14]; чыгуначная станцыя захавала старую назву. У Другую сусьветную вайну з 28 чэрвеня 1941 да 7 ліпеня 1944 году Койданаў знаходзіўся пад акупацыяй Трэцяга Райху.
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.