From Wikipedia, the free encyclopedia
Дмахо́ўскі Ге́нрых (Генрык Дмухоўскі; 26 кастрычніка 1810 — 26 траўня 1863) — скульптар і палітычны дзяяч. Вядомы таксама як Генры Д. Сандэрс.
Генрых Дмахоўскі лац. Hienryk Dmachoŭski | |
Род дзейнасьці | скульптар і палітычны дзяяч |
---|---|
Дата нараджэньня | 26 кастрычніка 1810 |
Месца нараджэньня | |
Дата сьмерці | 26 траўня 1863 (52 гады) |
Месца сьмерці | |
Прычына сьмерці | загінуў у баі[d] |
Месца пахаваньня | |
Месца вучобы | |
Занятак | скульптар |
Сябра ў | Віленская археалягічная камісія |
Бацька | Міхал Дмахоўскі[d] |
Узнагароды | |
Па сканчэньні прыродазнаўчага факультэту Віленскага ўнівэрсытэту далучыўся да паўстанцаў у Рэчы Паспалітай, а па паразе паўстаньня эміграваў у Францыю.
19 сакавіка 1833 году ў складзе паўстанцкіх сіл распачаў партызанскія дзеяньні на мяжы Расейскай імпэрыі. Паўстаньне правалілася, Дмахоўскі мусіў адступіць на Палесьсе, а потым на Валынь. Адтуль ён перабраўся ў Галіцыю (на тэрыторыю Аўстрыйскай імпэрыі). Аўстрыйскія ўлады арыштавалі Дмахоўскага. Суд прыгаварыў яго да зьняволеньня ў крэпасьці Куфтайн. Генрых адбыў у ёй з 1834 да 1841 году. Па вызваленьні з турмы Дмахоўскі накіроўваецца ў Францыю і вучыцца ў мастацкай школе, наведвае майстэрні вядучых скульптараў.
У 1846 годзе бярэ ўдзел ў вулічных баях у Львове. У 1852 годзе ён апынаецца ў Злучаных Штатах Амэрыкі пад імем Генры Д. Сандэрс. Для будынка кангрэсу (у Вашынгтоне) ён стварае бюсты Джорджа Вашынгтона, Томаса Джэфэрсана, Бенджаміна Франкліна, Тадэвуша Касьцюшкі. Гэтыя бюсты і сёньня ўпрыгожваюць памяшканьне Кангрэсу ЗША.
У гэты час ён робіць мэдальён з сылюэтамі пакараных сьмерцю дзекабрыстаў, бюст Л. Кошута, скульптурную групу «Гарыбальдзі з воінамі». Але лёс не пашкадаваў яго сям’ю — паміраюць жонка і дзеці. Пахаваны яны ў Філядэльфіі, дзе над магіламі асірацелы Генрых паставіў помнік, выкананы са сьнежна-белага мармуру.
Па сьмерці родных, у траўні 1861 году (4 гады цягнулася бюракратычная валакіта — пакуль яму далі дазвол вярнуцца) Генрых Дмахоўскі адкрывае скульптурнае атэлье ў Вільні. Сярод найлепшых твораў, зробленых у гэты час, — мадэль надмагільнага помніка Барбары Радзівіл, фігура сьвятога Ўладзіслава для віленскай катэдры, помнік Уладзіслава Сыракомлі. Ягоны талент і веды атрымоўваюць прызнаньне, грамадзтва абірае правадзейным чальцом Віленскай археалягічнай камісіі.
У часе паўстаньня 1863—1864 гадоў Дмахоўскі стаў паўстанцкім камісарам Дзісенскага павету. Ён загінуў 26 траўня 1863 году каля фальварку Парэчча пад Докшыцамі ў адным зь першых баёў з расейскімі войскамі. Пахаваны на старажытных могілках каля аднайменнай вёскі (цяпер — Бірулі Докшыцкага раёну).
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.