вайсковая апэрацыя Першай сусьветнай вайны From Wikipedia, the free encyclopedia
Дарданэ́льская апэра́цыя (Галіпалійская бітва; Бітва пры Чанакале; па-турэцку: Çanakkale Savaşı; па-ангельску: Gallipoli Campaign; 19 лютага 1915 — 9 студзеня 1916) — маштабная вайсковая апэрацыя, што праводзілася падчас Першай сусьветнай вайны па ініцыятыве Чэрчыля[1] краінамі Антанты дзеля дапамозе Расеі. Асноўныя сілы выслала Брытанская імпэрыя, якая паспрабавала захапіць Канстантынопаль і вывесьці Турэччыну з вайны. Яшчэй адной мэтай бало адкрыцьцё марскога шляху ў Расію[2].
Пасьля ўступленьня ў Першую сусьветную вайну Турэччыны, стала відавочна, што авалоданьне Дарданэламі дало б Антанце бясспрэчныя перавагі. Пляны такой апэрацыі разглядаліся ў 1906 годзе ў Брытанскім камітэце абароны, які палічыў апэрацыю вельмі рызыкоўнай. Калі гэтае пытаньне паўторна абмяркоўвалася ў 1915 годзе, было выказана меркаваньне, што посьпех магчымы толькі ў выпадку камбінаванага выкарыстаньня сухапутных і марскіх сіл[3].
3 лістапада 1914 году лінейныя крэйсэры «Indefatigable» і «Indomitable» разам з францускімі браняносцамі «Suffren» і «Vérité» правялі кароткае бамбаваньне фартоў праліва. Стрэліўшы 76 буйнакалібэрных снарадамі і падарваўшы артылерыйскі склеп, караблі сышлі. Да гэтай дэманстрацыі туркі паставіліся сур’ёзна і ўзмацнілі абарону Дарданэл новымі міннымі загародамі і батарэямі.
2 студзеня 1915 году расейскі Галоўнакамандуючы зьвярнуўся да саюзьнікаў з просьбай правесьці дэманстрацыю, якая магла б адцягнуць частку турэцкіх сіл з Каўкаскага фронту. На наступны дзень адбылася нарада Кітчэнэру з Чэрчылем, на якой пастанавілі дапамагчы Расеі. Эскадра саюзьнікаў павінна была фарсіраваць Дарданэлы і прарвацца да Канстантынопалю.
Расе з канца XIX стагодзьдзя распрацоўвала ўласную дэсантную апэрацыю ў пралівах. У 1915 годзе абноўлены плян апэрацыі быў накіраваны на зацьвярджэньне камандаваньню, але яе ажыьцяўленьне было перанесена на 1917 год у сувязі з тым, што адпаведныя вайсковыя злучэньні былі адцянуты на Балканскі фронт. Каб падштурхнуць Расею да хутчэйшай высадцы ў пралівах, у сакавіку 1915 году брытанскі ўрад паабяцаў перадаць Расеі захоплены Канстантынопаль разам з пралівамі.
Плян апэрацыі быў 11 студзеня прадстаўлены Чэрчылю віцэ-адміралам Кардэнам. Ён прадугледжваў 4 стадыі[4]:
Гэты плян Кардэну быў ухвалены вышэйшым кіраўніцтвам, і да Дарданэлаў была адпраўлена англа-француская эскадра, якая налічвала 80 вымпелаў. Сярод іх былі 16 браняносцаў, 1 лінкар, 1 лінейны крэйсэр, 5 лёгкіх крэйсэраў, 22 эсьмінцы, 9 падводных лодак, 24 тральшчыка, 1 авіятранспарт і 1 шпітальнае судна. Самымі сучаснымі караблямі ў складзе эскадры былі лінкар «Queen Elizabeth» і лінейны крэйсэр «HMS Inflexible», які павінен быў прадухіліць выхад нямецкага «Гэбэну» з Дарданэл. На лінкар ускладаліся вялікія надзеі: лічылася, што яго снарады калібру 381-мм змогуць разбурыць фарты Дарданэл[5].
На пасяджэньні Ваеннай Рады 28 студзеня было прынятая канчатковая пастанова: флёт у Дарданэлах будзе дзейнічаць самастойна, без дапамогі арміі.
Турэцкаму камандаваньню праз шпіёнаў стала вядома аб падрыхтоўцы апэрацыі, таму яно неадкладна прыступіла да ўмацаваньня абароны праліва[6].
19 лютага 1915 году англа-францускі флёт (6 лінкараў, 1 лінейны крэйсэр) пачаў абстрэл асманскіх фартоў, аднак нанесьці нейкую істотную шкоду абарончым збудаваньням турак саюзьнікі не змаглі.
25 лютага саюзьнікі задушылі некаторыя турэцкія берагавыя батарэі і пачалі траленьне мін у праліве. За тральшчыкамі рушылі 3 лінейных карабля. Аднак па ім неўзабаве быў адкрыты агонь з турэцкіх батарэй, з прычыны чаго ангельцам і французам прыйшлося адысьці.
На 18 сакавіка была прызначаная генэральная атака на Дарданэлы. Кардэна зьмяніў іншы брытанскі адмірал Дэ Робэк. Саюзьнікі атрымалі падмацаваньні і зьвялі ўсе караблі ў 3 дывізіі. Аднак турэцкае камандаваньне таксама ўмацавала фарты і павялічыла колькасьць мін у праліве.
18 сакавіка ў 10 г. 30 хв. саюзныя караблі ўвайшлі ў праліў. Туркі падпусьцілі ворага бліжэй і з пануючых вышынь адкрылі шквальны артылерыйскі агонь. Браняносцы «Сюфрэн» і «Agamemnon» атрымалі цяжкія пашкоджаньні, а «Gaulois», «Bouvet», «Ocean», «Irresistible» падарваліся на мінах, выстаўленых напярэдадні турэцкім мінным загараджальнікам «Nusret» (апошнія тры караблі былі патоплены). У 18 гадзін брытанскі адмірал Дэ Робьк аддаў загад спыніць апэрацыю. Туркі панесьлі нязначныя страты (было падбіта толькі 8 гармат на берагавых батарэях).
Нягледзячы на правал апэрацыі па фарсіраваньню Дарданэл, саюзнае камандаваньне не спыніла баявыя дзеяньні. Новы плян прадугледжваў высадку дэсанту для падаўленьня турэцкіх берагавых батарэй. Для высадкі на Галіпалі было вырашана прыцягнуць ня толькі ангельскія і францускія, але таксама аўстралійскія, новазэляндзкія (АНЗАК), сенегальскія, індыйскія войскі і нават Жыдоўскі легіён. Агульная колькасьць дэсанту дасягнула 81 000 чалавек і 178 гармат.
Для абароны Дарданэл туркамі была сфармавана 5-я армія (генэрал фон Сандэрс). Уся сыстэма турэцкай абароны была ўзмоцнена, колькасьць асманскіх войскаў у зоне праліваў была павялічана.
25 красавіка 1915 году, брытанцы і іх саюзьнікі пачалі высадку дэсанту на паўвостраў Галіпалі ў раёне мысу Гэлес на некалькіх напрамках. Разам з асноўным напрамкам ўдару (форт Сэдзьдзюльбахір) нападаючыя распачалі шэраг адцягваючых манэўраў (фарты Арыбурн і Кумкале). Туркі (Эсад-паша) чакалі атакі і адказалі кулямётным агнём (таксама бераг быў умацаваны калючым дротам і міннымі загародамі), аднак брытанцам, нягледзячы на вялікія страты, усё ж удалося замацавацца на ўзьбярэжжы.
На азіяцкім беразе ў раёне Кумкале высадзіліся францускія войскі пры актыўным удзеле расейскай дэсантнай каманды крэйсэра «Аскольд». Мэтай таксама было адцягненьне сілаў праціўніка ад асноўнага месца дэсанту на паўвостраве Галіпалі. У першы дзень французам удалося ўзяць 2 вёскі, аднак падасьпеўшыя часткі 3-й турэцкай дывізіі спынілі прасоўваньне французаў. Пасьля гэтага францускія войскі былі пасаджаны на караблі і перавезены на эўрапейскі бераг. Камандзір расейскай дэсантнай каманды лейтэнант С. Карнілаў за правядзеньне апэрацыі быў узнагароджаны ордэнам Сьвятога Георгія, а таксама замежнымі ордэнамі Ганаровага легіёну і каралевы Вікторыі.
Пасьля першага дня дэсантнай апэрацыі страты саюзьнікаў былі велізарныя: каля 18 000 чалавек. 5-я асманская армія практычна цалкам выканала сваю задачу. Для таго, каб канчаткова скінуць дэсанты праціўніка ў мора, асманскаму камандаваньню не хапала сродкаў. Страты расейцаў склалі толькі некалькі матросаў з дэсантнай каманды. Усе яны былі пахаваныя на міжнародных могілках у Галіпалі, на францускім участку.
Баявы атрад добраахвотнікаў зь яшчэ нэўтральнай тады Грэцыі ўзначальваў Паўлас Гіпарыс. Разам з анельскімі часткамі на паўвостраў высадзіўся і «Сіёнскі атрад паганятых мулаў» («Zion Mule Corps»), сфармаваны з добраахвотнікаў-жыдоў для сумеснай з ангельцамі барацьбы з Асманскай імпэрыяй.
Пасьля высадкі дэсанту англа-францускае камандаваньне пастанавіла прасоўвацца ўглыб паўвостраву. Галоўнай мэтай англа-францускіх войскаў стаў захоп вёскі Крыція да прыбыцьця дадатковых турэцкіх сіл на Галіпалі. 28 красавіка англа-францускія войскі пачалі наступ на Крыцію. Першапачаткова саюзныя падразьдзяленьні занялі ўскраіны Крыціі, аднак падасьпеўшыя турэцкія падмацаваньні спынілі прасоўваньне англа-французаў. Жорсткія баі за Крыцію працягваліся ўвесь дзень. Пасьля таго як стала зразумела, што Крыцію захапіць не атрымаецца, камандуючы апэрацыяй Гамільтан аддаў загад аб спыненьні бою.
У траўні англа-французы паспрабавалі пашырыць пляцдармы, аднак упартыя баі не прынесьлі ім вынікаў. 6 траўня саюзьнікі зноў распачалі спробу захапіць Крыцію. Аднак пасьля працяглых і крывавых баёў Крыція засталася за асманскім войскам. 4 чэрвеня англа-французы зноў пачалі наступ на Крыцію. Першапачаткова саюзььнікам удалося моцна прасунуцца наперад, але неўзабаве туркі з дапамогай палявой артылерыі спынілі прасоўваньне саюзьнікаў. 5 чэрвеня туркі правялі дзьве буйныя контратакі, якія былі адбітыя, падчас гэтых нападаў быў цяжка паранены начальнік францускага корпусу генэрал Гуро. Пазьней было прынята рашэньне не падтрымліваць апэрацыю сіламі флёту, якія былі адпраўленыя на базы.
Пасьля гэтых няўдач саюзнае камандаваньне пастанавіла павялічыць колькасьць войскаў. Для гэтага ў Галіпалі былі перакінутыя яшчэ 5 дывізій. Высадка ў бухце Суўла пачалася 6 жніўня. Саюзныя войскі ў Габа-Цэпе, каб палегчыць становішча высаджваючыхся частак, перайшлі ў наступ. Да 8 жніўня было высаджана 10 000 чалавек. У жніўні на ўсіх участках фронту завязаліся жорсткія баі. Аднак прасунуцца наперад анельцам не ўдалося. З-за цяжкіх страт, яны прыпынілі свой рух. Напрыканцы жніўня стала зразумела, што Дарданэльская апэрацыя ня мае посьпеху.
7 сьнежня Брытанскі ўрад аддае загад аб эвакуацыі саюзных войскаў з Галіпалі, якая завяршылася 9 студзеня 1916 году.
Перамога асманскай арміі ў Галіпала мела вялікае палітычнае і маральнае значэньне, паколькі разьвеяла міт як аб уласнай непаўнавартасьці, так і аб перавазе эўрапейскіх праціўнікаў. Для турак жа ў гістарычнай памяці Галіпалійская бітва мае асаблівае значэньне яшчэ й таму, што адным з арганізатараў абароны Дарданэл быў Мустафа Кэмаль, будучы заснавальнік і прэзыдэнт Турэцкай Рэспублікі (Атацюрк). Шмат у чым дзякуючы посьпеху Турэччыны і Нямеччыны Баўгарыя ўступіла ў вайну на іх баку. Чэрчыль як ініцыятар апэрацыі быў вымушаны сысьці ў адстаўку[8].
24 красавіка 2015 году ў Турэччыне прайшла ўрачыстая цырымонія з нагоды 100-годзьдзя перамогі ў бітве пры Чанакале. У цырымоніі прымалі ўдзел кіраўнікі дзяржаваў 21 краіны, а таксама высокапастаўленыя асобы з больш чым 70 краінаў. Сярод іх — прэзыдэнт Турэччыны Рэджэп Таіп Эрдаган, прэзыдэнт Азэрбайджана Ільхам Аліеў, спадкаемца брытанскага пасаду Прынц Уэльскі Чарльз, якія выступілі з прамовай[9].
На плошчы помніку «Шэхідляр (помнік)|Шэхідляр», дзе луналі дзяржаўныя сьцягі краінаў-удзельніц бітвы, быў выстаўлена ганаровая варта. Да помніку былі ўскладзены вянкі. Пасьля хвілінай маўчаньня была ўшанавана памяць загінулых у бітве Чанакале і Мустафы Кэмаля Атацюрка, першага прэзыдэнта Турцыі. Пасьля гэтага прагучаў дзяржаўны гімн Турэччыны, былі прачытаныя аяты з Карану і малітвы за спачын душы шахідаў.
Дарданэльская апэрацыя стала баявым хрышчэньнем АНЗАК — першай і найбуйнейшай бітвай у гісторыі Аўстраліі і Новай Зэляндыі. Дзень пачатку апэрацыі 25 красавіка ў гэтых краінах адзначаецца як нацыянальны дзень памінаньня[10]. Масавае вынішчэньне маладых людзей у незразумелай вайне на іншым канцы Зямной кулі прымусіла дамініёны ў пэрспэктыве перагледзець адносіны з мэтраполіяй[11]. У сьвядомасьці аўстралійцаў замацавалася ідэя, што асноўны цяжар баёў ўзялі на сябе аўстралійцы, у той час як брытанскае камандаваньне прадэманстравала свой непрафэсіяналізм і кепскае стаўленьне да людзкіх страт[12].
Аўстралійскі фільм Пітэра Ўіра «Галіпалі» (1981) распавядае пра трагічны лёс аўстралійскіх навабранцаў, якія трапілі ў бойню на берагах Турэччыны. Новазэляндзкі рэжысэр Пітэр Джэксан заявіў пра намер зьняць працяг фільму «Галіпалі». Джэксан, чый дзядуля прымаў удзел у ваенных дзеяньнях, меў намер скончыць працу над фільмам у 2015 годзе, да 100-гадовай гадавіны Дарданэльскай апэрацыі[13]. У 2014 годзе выйшла драма рэжысэра і выканаўцы галоўнай ролі Расэла Кроў «Шукальнік вады», дзеяньне якой разгортваецца ў 1919 годзе: у цэнтры сюжэту карціны аўстраліец, які адправіўся з роднай Аўстраліі ў Турэччыну, каб знайсьці сваіх траіх сыноў, зьніклых бязь вестак на Галіпальскім паўвостраве.
Турэцкія кінастужкі «Чанакале год 1915» (2012) і «Канец дарогі ў Чанакале» (2013) апавядаюць аб Дарданэльскай апэрацыі з боку асманскіх салдат.
Швэдзкі гэві-паўэр-мэтал гурт Sabaton мае песьню «Cliffs of Gallipoli» («Скалы Галіпалі»; якая ўваходзіць у аднайменны сынгл альбома «The Art of War»), якая апавядае аб Дарданэльскай апэрацыі.
У 2005 годзе турэцкім рэжысэрам Толга Арнекам быў зьняты аб галіпалійскай кампаніі дакумэнтальны фільм «Геліболу».
У 2015 годзе выйшаў міні-сэрыял «Галіпалі», які складаецца зь сямі сэрыяў і які распавядае аб чатырох маладых аўстралійскіх хлопцах, якія запісаліся добраахвотнікамі ў армію. У сэрыяле паказаны ўсе жахі тых бітваў, бязглуздыя загады камандзіраў і тое, як гэта ўсё падавалася мірным грамадзянам Вялікабрытаніі.
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.