Remove ads
вёска ў Смаргонскім раёне Гарадзенскай вобласьці Беларусі From Wikipedia, the free encyclopedia
Ві́шнеў, Ві́шнева[1] — вёска ў Беларусі, на беразе Вішнеўскага возера. Цэнтар сельсавету Смаргонскага раёну Гарадзенскай вобласьці. Насельніцтва на 2010 год — 426 чалавек. Знаходзіцца за 31 км на паўночны ўсход ад места і чыгуначнай станцыі Смаргоні.
Вішнеў лац. Višnieŭ | |
Касьцёл Сьвятога Тадэвуша | |
Краіна: | Беларусь |
Вобласьць: | Гарадзенская |
Раён: | Смаргонскі |
Сельсавет: | Вішнеўскі |
Насельніцтва: | 426 чал. (2010) |
Часавы пас: | UTC+3 |
Тэлефонны код: | +375 1592 |
Паштовы індэкс: | 231005 |
СААТА: | 4256808026 |
Нумарны знак: | 4 |
Геаграфічныя каардынаты: | 54°43′1″ пн. ш. 26°31′27″ у. д. |
± Вішнеў | |
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы |
Вішнеў — даўняе мястэчка гістарычнай Ашмяншчыны (частка Віленшчыны). Да нашага часу тут захаваўся касьцёл Сьвятога Тадэвуша ў стылі клясыцызму, помнік архітэктуры XIX стагодзьдзя.
Афіцыйнае напісаньне назвы паселішча — Вішнева (польск. Wiszniewo[2], раней польск. Wiszniew).
Упершыню Вішнеў упамінаецца ў сярэдзіне XVI стагодзьдзі як мястэчка ў Ашмянскім павеце Віленскага ваяводзтва.
У розныя часы Вішневам валодалі Гідыговічы, Баганскія, Дуброўскія, Сулістроўскія.
У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793 год) Вішнеў апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, у Сьвянцянскім павеце Віленскай губэрні. У 1820 годзе Сулістроўскія збудавалі тут мураваны касьцёл Сьвятога Тадэвуша. Па здушэньні нацыянальна-вызвольнага паўстаньня (1863—1864) расейскія ўлады гвалтоўна перарабілі касьцёл пад царкву Ўрадавага сыноду Расейскай імпэрыі (Маскоўскага патрыярхату).
На 1866 год у Вішневе было 49 двароў, на 1886 год — 34 двары, дзеялі царква і сынагога, працавалі шынок і крама. У 1892 годзе адкрылася расейская царкоўнапрыходзкая школа. У 1893 годзе побач зь мястэчкам існавала аднайменная сядзіба (17 жыхароў), дзе знаходзілася бібліятэка, у якой было каля 4 тыс. тамоў кнігаў. У 1905 годзе маёнткам валодалі Карловічы.
За часамі Першай сусьветнай вайны ў 1915 годзе Вішнеў занялі войскі Нямецкай імпэрыі.
25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Вішнеў абвяшчаўся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году ў адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі ён увайшоў у склад Беларускай ССР[3]. Згодна з Рыскай мірнай дамовай 1921 году мястэчка апынуўся ў складзе міжваенннай Польскай Рэспублікі, дзе стала цэнтрам гміны Сьвянцянскага павету Віленскага ваяводзтва.
У 1939 годзе Вішнеў увайшоў у БССР, дзе 12 кастрычніка 1940 году стаў цэнтрам сельсавету Сьвірскага раёну (з 1959 году ў Смаргонскім раёне). Статус паселішча панізілі да вёскі. У Другую сусьветную вайну з 1941 да 1944 году Вішнеў знаходзіўся пад акупацыяй Трэцяга Райху. На 1970 год тут быў 121 двор, на 1996 год — 160, на 1 студзеня 2004 году — 167. У 2000-я гады Вішнеў атрымаў афіцыйны статус «аграгарадку».
У Вішневе працуе сярэдняя школа, дашкольная ўстанова, амбуляторыя, дом культуры, бібліятэка, пошта.
У 2001 годзе ў вёсцы збудавалі царкву Сьвятой Эўфрасiньні Полацкай.
Асноўнае прадпрыемства — СВК «Савецкая Беларусь», які спэцыялізуецца на жывёлагадоўлі (буйная рагатая жывёла) і расьлінаводзтве (ячмень, кукуруза, авёс, жыта, пшаніца, бульба, гарох, лён і рапс). Працуюць прадпрыемствы харчовай прамысловасьці (вытворчасьць вяршкоў, сьмятаны і малака).
Празь вёску праходзіць шаша Р95. Курсуе рэйсавы аўтобус Смаргонь — Вішнева.
Вішнеўскае, нароўні з возерам Нараччу, лічыцца адным з найбольш маляўнічых прыродных месцаў у Беларусі. Каля возера знаходзіцца база адпачынку[7] і дайвінг-база[8]. Таксама ёсьць пракат катамаранаў.
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.