From Wikipedia, the free encyclopedia
Віцебская ратуша — помнік архітэктуры XVIII[lower-alpha 1] стагодзьдзя ў Віцебску, адзін з сымбаляў места. Знаходзіцца на гістарычным Рынку[lower-alpha 2]. Твор архітэктуры віленскага барока, мастацкае аблічча якога пацярпела ад перабудоваў. Аб’ект Дзяржаўнага сьпісу гістарычна-культурных каштоўнасьцяў Беларусі.
Помнік грамадзянскай архітэктуры | |
Віцебская ратуша | |
Віцебская ратуша | |
Краіна | Беларусь |
Места | Віцебск |
Каардынаты | 55°11′45.54″ пн. ш. 30°12′21.96″ у. д. |
Архітэктурны стыль | віленскае барока |
Дата заснаваньня | 1597, 1775 |
Статус | Ахоўная зона |
Віцебская ратуша | |
Віцебская ратуша на Вікісховішчы |
Па атрыманьні Віцебскам Магдэбурскага права ў 1597 годзе на тэрыторыі Ўзгорскага пасаду пачалося ўзьвядзеньне першай драўлянай ратушы. Аднак за ўдзел месьцічаў ў паўстаньні 1623 году[1] 22 студзеня 1624 году[2] Віцебск пазбавілі Магдэбурскага права, а будынак ратушы разабралі. Па вяртаньні мескіх правоў у 1644 годзе ратушу адбудавалі. Выява гэтага будынка зьмяшчаецца на «Рысунку места Віцебску» 1664 году часоў маскоўская акупацыі.
Драўляная ратуша неаднаразова зьнішчалася пажарамі (1708, 1733, 1752 гады). Па апошнім зь іх пачалося ўзьвядзеньне мураванага будынка, які скончылі ў 1775 годзе.
Па першым падзеле Рэчы Паспалітай (1772 год), калі Віцебск апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, у будынку ратушы разьмяшчаліся паліцыя, суд, другі дэпартамэнт, гаўптвахта, пажарны двор. У 1833 годзе расейскія ўлады замянілі высокае шатровае завяршэньне вежы на назіральную пляцоўку зь невялікай ратондай, адначасна на ёй усталявалі гадзіньнік. У 1873—1875 гадох адбылося зьмяненьне ўнутранага пляну будынка ў зьвязку зь пераездам сюды мескай думы і паліцэйскай управы.
У 1911 годзе на асноўны аб’ём ратушы надбудавалі трэці паверх, у выніку чаго закрыўся ніжні ярус вежы і парушыліся прапорцыі[3].
У 1984 годзе ў будынку праводзіліся рамонтныя працы. У выніку праведзеных у гэты час археалягічных дасьледаваньняў на тэрыторыі ратушы выявілі экзэмпляры каляровай кафлі, посуду, курыльныя люлькі, фрагмэнт пішчалі, мініятурную гармату-салютаўку (XVII ст.), выстралам якой суправаджаліся мескія ўрачыстасьці[4]. У наш час у будынку ратушы разьмяшчаецца Віцебскі абласны краязнаўчы музэй.
Першая драўляная ратуша стаяла перад Рынкам і выконвала ролю грамадзкага цэнтру гандлёва-рамеснага места. Гэта быў прастакутным у пляне будынак, накрытым высокім 4-схільным дахам. Ён завяршалася 8-граннай вартавой вежай з купалам і шпілем. Да ратушы далучаліся драўляныя гандлёвыя крамы і гасьціны двор. Драўляны аб’ём будынка меў мураваныя падмуркі, выяўленыя ў выніку археалягічных раскопак[5].
Новая мураваная ратуша падзяліла Рынак на дзьве паловы, у бок якіх зьвярталіся адпаведна пярэдні і задні фасады. З боку тыльнага фасаду ў канцы XVIII — першай палове XIX стагодзьдзяў дабудавалі 2-павярховыя жылыя дамы з крамамі на 1-м паверсе.
Сьпярша гэта быў 2-павярховы прастакутны ў пляне будынак з 4-яруснай вежай у цэнтры галоўнага фасаду. Галоўны фасад (да яго ў пачатку XX ст. прыбудавалі портык) падзяляўся прастакутнымі аконнымі праёмамі на 1-м і паўцыркульнымі — на 2-м і 3-м паверхах. Ярусы вежы ўпрыгожваліся пілястрамі, валютамі, падзеленыя карнізамі.
Стыль віленскага барока выявіўся найперш ў аздабленьні вежы ратушы, у той час як яе агульная кампазыцыя адпавядае прынцыпам клясыцызму.
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.