From Wikipedia, the free encyclopedia
Вялі́кдзень, Сьветлае Хрыстова Ўваскрасеньне — найвышэйшае ў шэрагу ўсіх хрысьціянскіх сьвятаў, прысьвечанае Ўваскрасеньню Ісуса Хрыста. Адно з галоўных сьвятаў на Беларусі.
Хрысьціянская традыцыя | |
Значэньне | Уваскрасеньне Хрыстовае |
---|---|
Дата | 1-я нядзеля пасьля вясновага раўнадзенства і поўні |
Раніцай у Вялікую Суботу вакол храма абносяць Плашчаніцу. Таксама чытаюць 15 урыўкаў са Старога Запавету аб прароцтвах выратаваньня людзей крыжовай сьмерці і ўваскарсеньнем Месіі. Урэшце асьвячаюць велікодныя[1] кулічы, тварожныя паскі і фарбаваныя яйкі. У перадвелікодны вечар а 18:00 адбываецца збор прыхаджанаў у сьветлым і яркім адзеньні. Усяночнае набажэнства пачынаецца а 23:00[2].
Гэта сьвята Ўваскрасеньня расьпятага Ісуса Хрыста, якое сталася галоўным хрысьціянскім сьвятам. Яму надаецца асаблівы сэнс як азнаменаваньне перамогі над грахом і сьмерцю. Першапачаткова хрысьціянскі Вялікдзень і жыдоўская Пасха супадалі па часе. У 325 годзе на 1-м Усяленскім Нікейскім царкоўным саборы вырашана было сьвяткаваць Вялікдзень у першую нядзелю пасьля веснавога раўнадзенства і поўні, з умовай несупадзеньня даты з жыдоўскай Пасхай.
У II стагодзьдзі існавалі два сьвяты, дзьве Пасхі: адна — у знак сьмерці Збаўцы, другая — у гонар Уваскрасеньня Хрыстовага, ягонага Узьнясеньня (саракавы дзень пасьля Уваскрасеньня) і сашэсьця Сьвятога Духа на апосталаў (Пяцідзясятніца — пяцідзясяты дзень пасьля Уваскрасеньня). Прытым першая Пасха праводзілася ў журбе і строгім посьце. З V стагодзьдзя назва «Пасха» стала надавацца толькі сьвяту ў гонар Уваскрасеньня Хрыстовага.
Вялікдзень зьяўляецца рухомым сьвятам. Разьлічваецца праваслаўнай царквой па юліянскім календары, каталіцкай — па грыгарыянскім. У залежнасьці ад месячнага календара прыпадае на час ад 4 красавіка да 8 траўня. Зьяўляецца дзяржаўным сьвятам Рэспублікі Беларусь.
Сьветлае Хрыстова Ўваскрасеньне зьяўляецца найвышэйшым, выключна радасным і ўрачыстым у шэрагу ўсіх хрысьціянскіх сьвятаў. Уваскрасеньнем Госпада Ісуса Хрыста зь мёртвых закончыўся Богачалавечы подзьвіг уратаваньня, узнаўленьня чалавека, зьдзейсьнілася перамога над грахом і яго вынікам — сьмерцю. Таму і радуецца так душа хрысьціяніна ў Вялікдзень.
Божай славе Ўваскрэслага Госпада адпавядае і асаблівая ўрачыстасьць богаслужэньня. З часоў апостальскіх царква праводзіць Пасхальнае набажэнства ўночы. У канцы Літургіі на Вялікдзень адбываецца асьвячэньне артаса.
У Сьвятым Паданьні апавядаецца, што адного разу Марыя Магдаліна, прапаведуючы веру ў Хрыста, прыйшла да імпэратара Рыма і падаравала яму яечка са словамі: «Хрыстос Уваскрэс!» У сапраўднасьці словаў сьвятой Магдаліны ўладар імпэрыі пераканаўся відавочна: звычайнае яечка ў ягоных руках раптам пачало ружавець і ўрэшце сталася ярка-чырвоным.
З тых даўніх часоў мы падчас найвялікшага сьвята Вялікадня даруем адзін адному фарбаваныя яйкі як сымбаль несьмяротнасьці жыцьця і крыжовых пакут Ісуса Хрыста дзеля нашага ўратаваньня і кажам пранікнёныя словы: «Хрыстос Уваскрэс! — Сапраўды Уваскрэс!»
Ніжэй пададзеныя сьвяточныя сьпевы ў рэдакцыі Біблейскае Камісіі БПЦ.
У старажытных славянаў першапачаткова так называлася веснавое сьвята ў гонар сонца, абуджэньня прыроды й надыходу «вялікіх дзён» палявых работ. Адсюль і назва. Падобнае сьвята пачатку жніва было і ў старажытных семіцкіх плямёнаў, называлася яно «Пасха» (грэц. πάσχα, ад іўр. פסח песах — «праходзіць міма»). Старажытныя жыды сьвяткавалі Пасху ў гонар іх зыходу з Эгіпту. У дахрысьціянскія часы ў Беларусі на Вялікдзень адбываліся магічныя абрады з мэтай забесьпячэньня плоднасьці жывёлы, урадлівасьці зямлі, засьцеражэньня ад нягод.
3 прыняцьцем хрысьціянства гэтае сьвята атрымала духоўны сэнс і ачышчальную моц, зьяўляецца выключна радасным і ўрачыстым у шэрагу ўсіх хрысьціянскіх сьвятаў. Падрыхтаваўшы сябе духоўна Вялікім сямітыднёвым постам, на перадвелікодным Белым тыдні пачынаюць рыхтавацца да правядзеньня сьвяточных дзён. У Чысты Чацьвер чысцяць і прыбіраюць хату і двор. У Вялікую Суботу, напярэдадні Вялікадня, гатуецца, варыцца, смажыцца мноства розных страваў. Пякуцца пірагі, фарбуюцца ў розныя колеры і расьпісваюцца ўзорамі курыныя яйкі (пісанкі). Увечары гэтага ж дня прыбіраюцца ў сьвяточную вопратку, бяруць з сабой падрыхтаваную для асьвячэньня «пасху», ідуць у царкву на ўсяночную службу.
Пасьля Літургіі сьвяткаванне працягваецца дома. Разгаўляюцца асьвячоным яйкам, потым іншай асьвячонай ежай. Любімая гульня ў моладзі — біткі. Стукаюцца велікоднымі яйкамі, і пераможцам аказваецца той, у каго яно застаецца цэлае («мацак»). Таксама мае пашырэньне гульня ў качаньне яек з горкі. Чыё яйка каціцца далей, той выйграе яйкі іншых гульцоў[4].
У першы велікодны вечар на Беларусі былі пашыраныя валачобныя абыходы, падчас якіх групы валачобнікаў хадзілі па хатах і выконвалі валачобныя песьні з пажаданьнем селяніну плёну на ніве, прыплоду ў статку, добрага здароўя, шчасьлівае долі, велічалі гаспадароў і руплівую працу:
У велікодны абрадавы комплекс уваходзілі рытуальныя трапезы, карагоды і памінаньне памерлых родзічаў — веснавыя дзяды Радаўніца.
Цягам Велікоднага тыдня шторанак найперш ядуць сьвянцоную ў царкве ежу, якую таксама пакідаюць да Радаўніцы. Пры вітаньні хрыстосуюцца цягам 40 дзён ад Вялікадня. Моладзь ладзіць гайданьне на арэлях. З 2-га дня Велікоднага тыдня водзяць карагоды — «танкі». На 3-і дзень у карчме ладзяць вечаровае ігрышча з музыкай і пляскай. У Градавую сераду, а таксама ў пятніцу ўстрымліваюцца ад працы. У Правадную нядзелю аднаўляюць сьвяткаваньне[4].
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.