From Wikipedia, the free encyclopedia
Вэды́йская мова — адна са старажытных моваў індаарыйскае групы індаіранскае галіны індаэўрапейскае сям’і моваў, размоўная мова-продак санскрыту й адзін з раньніх нашчадкаў праіндаіранскае мовы — мовы, што вылучылася з праіндаэўрапейскае мовы й дала пачатак індаіранскім мовам. Вэдыйская мова — найстаражытнейшая з усіх пісьмова засьведчаных моваў індаарыйскае групы моваў.
Вэдыйская мова | |
Ужываецца ў | сучасных Індыі, Пакістане, Банглядэш |
---|---|
Рэгіён | Індыйскі субкантынэнт |
Клясыфікацыя | Індаэўрапейская сям'я
|
Афіцыйны статус | |
Афіцыйная мова ў | — |
Дапаможная мова ў | — |
Коды мовы | |
ISO 639-1 | — |
ISO 639-2(Б) | — |
ISO 639-2(Т) | vsn |
ISO 639-3 | vsn |
У гістарычным дачыненьні вэдыйская мова вядомая як мова Вэдаў — сьвятых тэкстаў, сабраных у пэрыяд між пачаткам-сярэдзінай ІІ тыс. і сярэдзінай І тыс. да н.э. Вусна захоўвалася ў якасьці Шраўты — збору гімнаў і мантраў у складзе Вэдаў, што апярэдзіў узьнікненьне пісьмовасьці ў Індыі на некалькі стагодзьдзяў. Праз адсутнасьць эпіграфічных зьвестак і бесьперапыннае пісьмовае традыцыі вэдыйскую мову можна разглядаць як рэканструяваную мову. Асабліва найстарэйшы этап разьвіцьця мовы, мова Рыгвэды, захаваўся толькі ў выглядзе адрэдагаваных празь некалькі стагодзьдзяў тэкстаў, што пераводзіць пытаньне аднаўленьня яе першапачатковае формы ў дысцыпліну лінгвістычнае рэканструкцыі[1].
Прыкладна з IV ст. да н.э., у клясычны пэрыяд жалезнага веку на Старажытнай Індыі, вэдыйская мова саступіла месца клясычнаму санскрыту, упарадкаванаму тагачасным індыйскім лінгвістам Паніні.
Вэдыйская мова асабліва блізкая авэстыйскай мове, якая, між іншым, належыць да іншай групы індаіранскай галіны — іранскай.
Незважаючы на тое, што мова параўнальна блізкая рэканструяванай праіндаіранскай мове, яна ўжо ўтрымлівала рысы, паводле якіх мова можа характарызавацца як індыйская (індаарыйская).
Сярод фаналягічных інавацыяў у параўнаньні з праіндаіранскай адзначаецца страта зычных /z/ ды /ž/, а таксама ўвядзеньне сэрыяў рэтрафлексных зычных (напрыклад, пр.-інд.-іран. *nižda- «гняздо» > вэд. nīḍa- «месца адпачынку, сядзеньня»; гл. таксама падаўжэньне *i > ī). У лексыцы — вялікая колькасьць запазычваньняў з моваў народаў, што пражывалі на Індыйскім субкантынэнце да ўварваньня арыяў, якія трактуюцца як дравідыйскія або мундзкія. Гэты субстрат таксама датычыць фанэтычных, марфалягічных і сынтаксічных інавацыяў.
Аддзяленьне індаарыйцаў з агульнай праіндаіранскай супольнасьці, грунтуючыся на лінгвістычных дадзеных, датуецца прынамсі не пазьней 1800 г. да н.э.[2] Зборы найстаражытнейшых гімнаў Рыгвэды, у сваю чаргу, датуюцца прыкладна сярэдзінай гэтага ж тысячагодзьдзя[3]. Іншыя дасьледчыкі зьвязваюць падзел індаарыйцаў і іранцаў з эпохай Бактрыйска-Маргіянскага археалягічнага комплексу Бронзавага веку, які існаваў на поўдні Сярэдняй Азіі з ХХІІІ па XVIII стагодзьдзі да н.э.[4][5] Існуе гіпотэза, паводле якой індаарыйцы прысутнічалі ў позьняй Гарапе не раней як ад 1900 г. да н.э., пасьля чаго адбылося іх уварваньне ў Панджаб як адпаведнае свацкай культуры 1700 гг. да н.э. Гэтая гіпотэза падразумявае, што мова Рыгвэды стала прамым продкам таксама дардзкіх моваў (часам уключаюцца ў склад індаарыйскіх)[6]. Такім чынам, можа меркавацца, што гімны Рыгвэды складзеныя на літургічнай мове, заснаванай на маўленьні, што было распаўсюджаным у Гандгары (адна з старажытных дзяржаваў на мяжы сучасных Аўганістану й Пакістану) у часы позьняй свацкай культуры — напрыканцы пэрыяду бронзавага веку ў Індыі.
Гэтая літургічная мова цягам некалькіх стагодзьдзяў паступова адышла ад гутарковага маўленьня і стала вядомая як штучная мова, супрацьпастаўленая гутарковым пракрытам — дыялектам, якія пазьней прыйшлі на зьмену вэдыйскай мове і ў пісьмовасьці. Тым ня менш некаторыя асобныя рысы вэдыйскае мовы збліжаюць яе з пракрытамі.
Агулам, у вэдыйскай мове могуць вылучацца пяць асноўных пластаў храналягічнага разьвіцьця[7]:
Ужо ў пэрыяд стварэньня позьніх мантраў вэдыйская мова, хутчэй за ўсё, не функцыянавала як жывая мова, захоўваючыся ў рытуальнай і навуковай галінах, а ў паўсядзённым жыцьці будучы выцесьненай сярэднеіндыйскімі дыялектамі.
Каля 500 г. да н.э. пачынаецца працэс заняпаду вэдыйскае мовы, які быў выкліканы культурна-палітычнымі й лінгвістычнымі зьменамі. Кадыфікацыя зьвязаных з моваю рэлігійных рытуалаў дасягнула свайго піку, і па зьяўленьні новых рэлігійных плыняў сталі выкарыстоўвацца народныя формы маўленьня — пракрыты. Неўзабаве па ўварваньні пэрсаў у даліну Інду палітычны цэнтар індаарыйскіх царстваў перамясьціўся на ўсход, на раўніну Гангу. Прыкладна ў гэтую эпоху, у IV ст. да н.э. індыйскім мовазнаўцам Паніні й іншымі граматыстамі на аснове мовы вэдыйскае прозы (перадусім Брагманаў) ажыцьцяўляецца нармалізацыя граматыкі санскрыту.
Асноўная зьмена ў фанэтыцы ў параўнаньні з праіндаіранскаю моваю — страта звонкага сьвісьцячага /z/.
Для вэдыйскае мовы былі ўласьцівыя білябіяльны фрыкатыў [ɸ] і вэлярны фрыкатыў [x] — абодва зычныя зьяўляліся аляфонамі /h/ і паўставалі перад p, ph і k, kh адпаведна. Зубны ḍ меў інтэрвакальны аляфон — рэтрафлексны [l], які ў дэванагары пазначаўся асобным сымбалем (ळ) і трансьлітаруецца як ḷ або ḷh. Для прыбраньня неадназначнасьці між вакалізаваным l і ягоным рэтрафлексным аналягам у стандарце ISO 15919 вакалізаваны l указваецца як l̥ (варта адзначыць, што пры трансьлітарацыі некаторых сучасных індаарыйскіх моваў вакалізаванае r таксама трансьлітаруецца з кольцам унізе з мэтаю пазьбяганьня блытаніны гэтага гуку з ṛ ды ṛh).
У прасодыі вэдыйскае мовы адзначаўся вольны й музычны націск[8]. Невялікая колькасьць словаў у позьняй вэдыйскай мове магла мець цыркумфлексны тон, які падаў на кароткі галосны, што дазваляе сьцьвярджаць некаторым лінгвістам пра нязначны танальны характар вэдыйскае мовы (для параўнаньня, амаль усе славянскія мовы й большасьць моваў Эўропы да танальных моваў не адносяцца). Тым ня менш, у адноўленых тэкстах Рыгвэды амаль усе склады з цыркумфлексным тонам (вядомы ў мове як незалежная сварыта) мусяць вяртацца да пасьлядоўнасьці з двух, першы зь якіх утрымлівае акутны тон (удата) і залежную сварыту. Такім чынам, раньнія формы вэдыйскае мовы разглядаюцца як мова з музычным націскам. Сярод захаваных тэкстаў пасьлявэдыйскага пэрыяду націск не адзначаецца, але Паніні адзначаліся правілы пастаноўкі націску ў маўленьні ягонай эпохі (пасьлявэдыйскай, гл. вышэй). Удата была асноўным тонам, на склад пасьля ўдаты прыпадала сварыта (якая станавілася самастойным націскам, калі ў папярэднім складзе націск з удатай зьнікаў у выніку сандгі), на ўсе астатнія склады падаў цыркумфлексны тон (анудата)[9][10][11]. Неўзабаве пасьля пачатку нашай эры такая сыстэма акцэнтуацыі ў наступным этапе старажытнаіндыйскае мовы — санскрыце — была страчаная[12]. Для тэматычных і большасьці шматскладаных дзеясловаў мовы быў уласьцівы калюмнальны націск (то бок націск, замацаваны на адным складзе ў межах усёй парадыгмы слова), а рухомы націск існаваў у аднаскладаных і некаторых шматскладаных атэматычных назоўнікаў; тэматычныя дзеясловы мелі калюмнальны націск, атэматычныя — рухомы[13]. Наогул, як лічыцца, вэдыйская сыстэма націску зьяўляецца найбліжэйшай да сыстэмы націску праіндаэўрапейскае мовы[14]. Існуе гіпотэза (Е. Курыловіч), паводле якой вэдыйская мова — адзіная з індаэўрапейскіх, што захоўвае характар праіндаэўрапейскага націску[15], што, зрэшты, было адрынута іншымі мовазнаўцамі[16][17][18]. Прасадычныя ўласьцівасьці мовы шырока выкарыстоўваюцца ў параўнальна-гістарычным мовазнаўстве для рэканструкцыі націску ў праіндаэўрапейскай мове, і яны праяўляюць шмат паралеляў са старажытнагрэцкай мовай.
За часамі сярэдневэдыйскае мовы існавалі трохморныя галосныя, якія амаль завяршылі працэс набыцьця фаналягічнай якасьці, але ён спыніўся.
На цяперашні час вылучаецца наступны пералік адрозьненьняў між вэдыйскай мовай і санскрытам:
Адрозьніваліся тры часы — скончаны, няскончаны й аорыст. У маўленьні мантраў умоўны лад часта ўжываецца ў функцыі будучага часу, ускосныя лады маглі ўтварацца ня толькі ў сыстэме прэзэнсу, але таксама ад асноваў аорысту і, радзей, пэрфэкту (скончанага). Асновы пэрфэкту маглі далучаць другасныя, імпэрфэктныя (няскончаныя) канчаткі, утвараючы г.зв. плюсквампэрфэкт.
Для сынтаксісу характэрнае шырокае прымяненьне часьціцаў, якія нярэдка мелі функцыі злучнікаў або мадальныя функцыі; адносна вольны парадак словаў, а таксама асаблівы статус прэвэрбаў (гл. вышэй). У лексыцы й фразэалёгіі шырока прадстаўленыя архаізмы.
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.