Зава́льная ву́ліца[1] (лет. Pylimo gatvė) — вуліца ў цэнтральнай частцы Вільні, якая праходзіць заходняй мяжой Старога Места і зьвязвае скрыжаваньне Партовай, Ягайлы і Ісьляндзкай вуліцаў з Чыгуначнай вуліцай.
Гэтая назва мае некалькі сэнсаў. Калі вас цікавяць іншыя сэнсы, глядзіце таксама Завальная вуліца.
Хуткія факты Агульная інфармацыя, Гістарычны раён ...
Архітэктурныя дамінанты вуліцы — кальвінскі збор, Харальная сынагога і палац Тышкевічаў, помнікі архітэктуры XV—XIX стагодзьдзяў.
Назва вуліца ўтварылася ад яе разьмяшчэньне за валам з гарадзкім мурам.
Нумарацыя дамоў пачынаецца ад скрыжаваньня з Партовай, Ягайлы і Ісьляндзкай вуліцаў. З правага заходняга боку вуліцы дамы зь няцотнымі нумарамі, зь левага ўсходняга боку — цотная нумарацыя.
Перасякаецца вуліцамі Кастуся Каліноўскага (направа) і Ісьляндзкай (налева), гістарычнай Вялікай Пагулянкай (цяпер Басанавічуса, направа) і Троцкай (налева), Сьвятога Стэфана (направа) і Рудніцкай (налева). Зь правага боку адыходзяць вуліцы Наваградзкая, Вугорская, Квашэльная, Кветкавая і Садовая, зь левага боку — Клайпедзкая, Лідзкая, Жамойцкая, Шпітальная і Базылянская.
У пачатку вуліцы з правага боку знаходзіцца парк П. Цьвіркі, у сярэдняй частцы — Рэфармацкі і Наваградзкі (Дрывяны Рынак) сквэры.
Няцотны бок
№ 5[lower-alpha 1] (таксама вуліца Кастуся Каліноўскага, 1) — дом (архітэктар Вацлаў Міхневіч) на рагу з гістарычнай Малой Пагулянкай, у якім у 1911—1913 гадох знаходзілася рэдакцыя газэты «Наша Ніва». Тут праходзілі розныя імпрэзы, у якіх удзельнічалі ня толькі беларусы, але і летувісы. Сярод знакамітых сяброў беларускага адраджэнскага руху тут былі М. Ластаўскене, Л. Гіра, А. Жукаўскас, Ю. Кекштас, О. Міцюце ды іншыя[3]. Тут жыў разам з сваёй жонкай Лазьдзінай Пяледай беларускі грамадзка-палітычны дзяяч Вацлаў Ластоўскі, у гонар якога на доме вісіць памятная дошка[4].
№ 39 — Харальная сынагога, збудаваная ў 1899—1903 гадох.
№ 45 — дом на рагу з Садовай вуліцай, памяшканьні ў якім на пачатку 1907 году займала рэдакцыя газэты «Наша Ніва»[2].
№ 51 — дом, у якім у 1907 годзе знаходзілася рэдакцыя «Нашай Нівы»[5].
№ 18 — кальвінскі збор (эвангеліцка-рэфармацкая царква), збудаваны ў 1830—1835 гадох.
№ 26 (таксама Троцкая вуліца, 1) — палац Тышкевічаў, вядомы таксама як «дом пад балванамі» (у другой палове XIX ст. пры ганку зьявіліся постаці атлянтаў, якія падтрымліваюць балькон). Камяніца існуе з XV ст. У канцы XVIII ст. яе рэканструявалі ў стылі позьняга клясыцызму. Неўзабаве палац перайшоў да роду Тышкевічаў, на заказ якіх у 1840 годзе адбылася чарговая рэканструкцыя будынка. Яўстах Тышкевіч, стваральнік Лагойскага і Віленскага музэяў старажытнасьцяў, захоўваў тут частку сваіх археалягічных збораў, якія сталі асновай для першага беларускага музэю. У 1863 годзе ў доме патаемна зьбіраліся паўстанцы. У 1884—1898 гадох у разьмешчаным тут акруговым судзе служыў адвакатам Францішак Багушэвіч. У траўні 1907 году ў будынак перабралася рэдакцыя газэты «Наша Ніва», якая працавала тут да 1908 году. Менавіта сюды надрукаваць свае творы ўпершыню завітаў Канстанцін Міцкевіч (Якуб Колас)[2]. У 2017 годзе на доме адкрылі мэмарыяльную дошку ў гонар беларускага клясыка[7].