Вайсковая мяжа
From Wikipedia, the free encyclopedia
Вайсковая мяжа, або Вайсковая краіна (па-нямецку: Militärgrenze, па-харвацку: Vojna krajina / Vojna granica, па-сэрбску: Војна краjина, па-вугорску: katonai Határőrvidék) — памежная вобласьць на поўдні Габсбурґскае манархіі, што прыкрывала мяжу з Асманскаю імпэрыяй.
Разьмяшчалася вузкаю паласою ад Адрыятычнага мора на захадзе да Трансыльваніі на ўсходзе. Сваім узьнікненьнем гэтая вобласьць абавязаная войнам хрысьціянаў з туркамі-мусульманамі і перасяленьню сэрбаў зь іх гістарычных земляў пад націскам Асманскае дзяржавы. Пасяляючыся за натуральнымі рубяжамі Дынарскіх Альпаў, рэк Купы, Уны, Савы і Дунаю, сэрбы станавіліся «ґранычарамі» і атрымалі вайсковую адміністрацыю ад аўстрыйскага ўраду. Да пачатку асманскае экспансіі ў Эўропу частка вобласьцей будучае Вайсковае мяжы ўваходзілі ў склад Харвацкага каралеўства, дзе пражывалі і харваты, і сэрбы[1].
Але з пачаткам турэцкіх уварваньняў этнічная мапа гэтых тэрыторыяў зьмяняецца: пачынаецца адток харвацкага насельніцтва й прыток валахаў і сэрбаў з Косава й іншых асманскіх вобласьцяў. Валахі пазьней былі асыміляваныя сэрбамі. Тэрмін «улахі» атрымаў у новых умовах іншы сэнс, чым этнічны, што азначаў румынскамоўнае насельніцтва, які ён меў у сярэднявечных сэрбскіх дакумэнтах. Улахамі ўмоўна клікалі любых праваслаўных перасяленцаў з асманскае тэрыторыі[2].
У цяперашні час землі былое Вайсковае мяжы уваходзяць у склад Харватыі (Ліцка-Сэнская, Сісацка-Маславінская, Карлавацкая, Бродзка-Пасаўская й Вукаварска-Срэмская жупаніі), Сэрбіі (Аўтаномны край Ваяводзіна) й Румыніі (жудзец Караш-Сэвэрін).