Бітва пад Зяленцамі
From Wikipedia, the free encyclopedia
Бітва пад Зяленцамі — бітва вайны Расеі з Рэччу Паспалітай 1792 году, мэтай якой была абарона канстытуцыі 3 мая 1791 году. Бітва адбылася 18 чэрвеня 1792 году паміж арміяй Рэчы Паспалітай пад камандаваньнем Юзафа Панятоўскага і войскамі Расейскай імпэрыі пад камандаваньнем Іраклі Маркова.
Пасьля посьпеху ў Барушкаўцах расейскі камандуючы ґенэрал Міхаіл Кахоўскі паслаў з корпуса ґенэрала Кутузава наўздагон адыходзячай на захад кароннай арміі 8000-ую дывізію ґенэрал-маёра Іраклія Маркова з 24 гарматамі, узмоцненую казакамі Арлова[1]. Атрад ґенэрал-маёра Маркава меў задачу абыйсьці палякаў, якія адступалі на Заслаў празь Зяленцы, і ўдарыць ім ва флянг. Маркаў павінен быў адрэзаць палякам адступленьне ад Гарыні, а таксама захапіць іх лягер з ваенным інвэнтаром і боепрыпасамі. Маркаў хутка рушыў на досьвітку 18 чэрвеня і ў 7 гадзін раніцы прыбыў у Зяленцы, дзе яго сустрэлі 3000 палякаў ґенэрала Юзэфа Заёнчыка і Людвіка Трокіна.
Кароннае войска адступіла 15 чэрвеня пад Палоннае. Польскія ґенэралы вырашылі працягнуць адступленьне, паколькі вырашылі, што ня маюць магчымасьці абараніць гораду, які ня мае ўмацаваньняў. 17 чэрвеня Панятоўскі адышоў да Шапятоўкі, дзе атрымаў інфармацыю пра тое, што дывізія Любамірскіх знаходзіцца ў Заслаўі. Ён загадаў Любамірскім далучыцца да яго сіл паблізу Зяленцаў.
У Зяленцах польскі атрад ґенэрала Заёнчака заняў пазыцыю на пагорку ля дарогі Палоннае — Заслаў, з топкай далінай на левым крыле, плыўным уздымам на правым і лесам у тыле. Трокін і Заёнчак не занялі паміж тым сяло Зяленцы, а лес перашкаджаў аглядаць і прадбачыць магчымае разьвіцьцё падзеяў. Польскі баявы парадак складаўся з кавалерыі на флянгах і пяхоты ў цэнтры. Заёнчак паслаў ганца да Панятоўскага з просьбай пасьпяшацца на дапамогу.